Дзяды ў Антвэрпэне

30 кастрычніка беларуская грамада ў Антвэрпэне (Бэльгія) адзначыла Дзяды. Вернікі разам са сьвятаром наведалі могілкі ў Лёвэне, дзе на магіле кампазытара Міколы Равенскага была адпраўлена паніхіда за душы ўсіх «прашчураў-дзядоў Беларускага народу», паведамляе Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне. У беларусаў Бэльгіі стала добрай традыцыяй у памятныя дні зьбірацца на месцы пахаваньня аўтара музыкі «Магутнага Божа».

13 год у “псіхушцы”

У Кітаі пасьля 13 год знаходжаньня ў псыхіятрычным шпіталі выпушчаны на свабоду 56-гадовы дысыдэнт Вонг Вансінг. Ён у 1992 г. выйшаў на пэкінскую плошчу Цянаньмэнь, каб адзначыць трэція ўгодкі крывавага разгону студэнцкай дэманстрацыі. Вонг трымаў плякат, які заклікаў Кампартыю даць ацэнку падзеям 1989 г., а таксама рэпрэсям падчас культурнай рэвалюцыі ў Кітаі. Вонга зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь з дыягназам “параноя”.

МБ

Японская праграма дапамогі бедным

Цягам пяці гадоў аб’ём дапамогі бедным краінам, якая ў 2003—2004 г. склала 89 млрд даляраў, будзе павялічаны на 10 млрд даляраў. Японія — адна зь вядучых краінаў-донараў, на якую прыпадае 20% сусьветных аб’ёмаў фінансавае падтрымкі трэцяга сьвету. 60% усей дапамогі ідзе ў краіны Азіі.

Асноўныя мэты праграмы — барацьба з галечай і спрыяньне ўстойліваму разьвіцьцю.

Падрыхтаваў Павал Лычкоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0