Моладзь БНФ — сіротам

4 лістапада прайшла дабрачынная акцыя дзеля выхаванцаў дзіцячага дому №4. Арганізатарам мерапрыемства быў сустаршыня культурніцкай суполкі «Моладзь ПБНФ» Алесь Мазанік. Арганізатары падрыхтавалі найлепшым, па выніках першай чвэрці, вучням падарункі. З найлепшымі вучнем і вучаніцай была зробленая адмысловая фатасэсія ў прыгожых месцах сталіцы. Альбомы з гэтымі картачкамі і былі ім уручаныя. Прасьпяваць для дзяцей прыйшлі Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў ды гурт «Палац». Дзеці з палацаўцамі нават развучылі калядную песьню.

Алесь Мазанік сказаў, што акцыя не адзінкавая і будзе мець працяг.

Сямён Печанко

Падарвалі люстру

Пасьля выбухаў у Віцебску праваахоўныя органы перастрахоўваюцца пры любой небясьпецы. На мінулым тыдні пільны грамадзянін заўважыў на газоне перад чыгуначным вакзалам у Воршы кардонную скрыню, абкручаную скотчам. Міліцыя хутка эвакуявала пасажыраў ды выклікала групу сапёраў зь Віцебску. Навучаны шукаць выбуховыя рэчывы сабака на скрыню не рэагаваў. Тым ня менш, кіраўніцтва апэрацыі па абяшкоджваньні невядомага прадмета вырашыла яго ўзарваць. Як высьветлілася, у скрыні была звычайная люстра. Гаспадар яе так і не знайшоўся. У гэтай сытуацыі ўсе адпаведныя службы працавалі зладжана, таму апэрацыю палічылі за вучэбную.

20 тонаў брыдоты

Яшчэ ў красавіку адміністрацыя РУП «Лёс» (Барань) загадала выліць 20 тон адходаў хіміка-гальванічнай вытворчасьці ў прапарачную камэру, што знаходзіцца за сто мэтраў ад рэчкі Адроўкі. З гэткіх камэр адходы трапляюць у грунтовыя воды, а адтуль у пітную ваду, якая й так кепская. Праваабаронцы зьвярнуліся ў раённую інспэкцыю па экалёгіі. Тая дала прадпісаньне перазахаваць адходы у поліэтыленавыя мяхі. Прайшло некалькі месяцаў, але нічога ня зроблена. Да таго ж там жа паспальвалі люмінісцэнтныя лампы, якія забаронена разьбіваць, бо яны ўтрымліваюць небясьпечную для здароўя ртуць. Не паскорыў вырашэньня праблемы і пікет, праведзены баранскімі актывістамі дэмакратычнага руху (пікеты тут зь нядаўняга часу ладзяць у сасьняку, убаку ад жыльля, таму іх ніхто ня бачыць).

Яўген Жарнасек, Ворша

Дзяды ў Полацку

Полацкія грэка-каталікі на Дзяды ў памяць ахвяраў сталінізму зладзілі набажэнства ля мэмарыяльнага Крыжа ў Бельчыцах. Правёў службу настаяцель парафіі Сьв.Язафата а.Лявонці. У акцыі бралі ўдзел й вэтэраны нацыянальнага руху — былыя сябры Саюза беларускіх патрыётаў і вязьні ГУЛАГу, палачане Леў і Марыя Бялевічы.

Васіль Кроква, Полацак

Адміністрацыя хуткага рэагаваньня

На Кругляншчыне па скарзе настаўнікаў Ваўканосаўскай школы камісія Адміністрацыі прэзыдэнта зладзіла праверку. Настаўнікі паскардзіліся, што ім сыстэматычна затрымліваецца выплата заробку ды дзіцячых дапамог. Вынікі праверкі яшчэ не вядомыя, але зарплата настаўнікам выплачана.

Зінаіда Мілешчанка, Круглае

Набудзь вогнетушыльнік — і гандлюй спакойна

Месяц у Бабруйску не працуе галоўны гарадзкі ўнівэрмаг, які зачыніла служба пажарнага нагляду. Колькі часу супэрмаркет ужо намагаліся зачыніць праз адсутнасьць сыстэмы пажаратушэньня і пажарнага апавяшчэньня. Але тады кіраўніцтва ГУМу пераканала пажарнікаў, што выправіць недахопы. Аднак чарговая праверка высьветліла, што нічога ня зроблена, і пажарнікі пайшлі на рашучыя захады. Між тым прыватныя прадпрымальнікі, якія арандуюць немалыя гандлёвыя плошчы ў ГУМе, церпяць страты не са сваёй віны.

Надзея Лісоўская, Бабруйск

Вайна сьметніцам

Напярэдадні І Усебеларускага экалягічнага форуму ў Воршы шмат сродкаў выдаткавалі на ўстаноўку сьметніц. Але сьметніцы, зробленыя з плястмасы, ужо амаль паўсюдна згарэлі ад недакуркаў. Кошт сьметніцы — 195 тыс. руб. (не на кожным аршанскім прадпрыемстве людзі столькі зарабляюць у месяц).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0