Газэты «Народная воля», «Салідарнасць» і «Згода» ня ўключаны ў падпісны каталёг РУП «Белпошта» на першае паўгодзьдзе 2006 году. Улада робіць легальны выхад апазыцыйнай прэсы немагчымым. Газэты рыхтуюцца да пераходу ў падпольле. У аўторак 8 лістапада тры газэты атрымалі лісты, падпісаныя в.а. кіраўніка «Белпошты» Ірыны Самсонавай. А ўжо пасьля выходных, з 8 лістапада, яна не начальнік. Новай дырэктаркай РУП «Белпошта» прызначана Аляксандра Чарняк. Адказваючы на тэлефанаваньні рэдактараў незалежных газэт, яна падкрэсьлівае, што «не скасавала ніводнай дамовы». Ніхто не вінаваты.

Газэты «Народная воля», «Салідарнасць» і «Згода» з 1 студзеня ня будуць разносіць па падпісцы, яны зьнікнуць з шапікаў «Белпошты», што гандлююць ураздроб. «Белпошта» паведаміла пра спыненьне дамовы з выданьням, зыходзячы з розных прычынаў: зьмяненьне графікаў выхаду без паведамленьняў, у сувязі з малым падпісным накладам і эканамічнай немэтазгоднасьцю, у сувязі з заменай друкарні… Але відавочна, што адмова палітычная. Ад ГРУП «Белсаюздрук» на адрас «Салідарнасці» ніякіх папер пра спыненьне дамовы (пакуль?) не прыходзіла. На адрас «Згоды» — таксама (у сталіцы «Менгарсаюздрук» газэту не распаўсюджвае). З «Народнай воляй» «Белсаюздрук» разарваў адносіны ўжо з 1 кастрычніка.

Галоўны рэдактар «Салідарнасці» Аляксандар Старыкевіч сказаў «НН»: «Паведамленьне ад «Белпошты» прыйшло ўчора (8 лістапада. — ЗД). Я ўпэўнены, што рашэньне было прынятае не на ўзроўні «Белпошты». І ня думаю, што трэба напружана вырашаць асобнае пытаньне накшталт «Што рабіць?». Бо гэта не апошні захад уладаў па ліквідацыі незалежнай прэсы. Трэба рыхтавацца да наступу на Інтэрнэт і самвыдат (дарэчы, нядаўна ў газэты зьявіўся сайт — www.gazetaby.com). Ніякага незалежнага распаўсюду няма. Скажам, Пётар Марцаў (генэральны дырэктар прадпрыемства «Марат») можа цяпер распаўсюджваць толькі сваю газэту («БДГ». — ЗД), а на распаўсюд іншых ён не атрымаў ліцэнзіі. Да новага году нічога ў працы газэты й графіках яе выхаду не зьмяняецца. З 1 студзеня ўзьнікне новая сытуацыя. З заўтрашняга дня (размова адбылася 9 лістапада, у дзень здачы чарговага нумару «Салідарнасьці». — ЗД) пачну займацца гэтай праблемай».

Таксама ня зьменіцца графік выхаду «Народнай волі». Але што рабіць з 16 тысячамі падпісчыкаў газэты, пераважна ў правінцыі? Шэф-рэдактар газэты Сьвятлана Калінкіна паведаміла «НН»: «Застаецца толькі адно выйсьце — стварэньне ўласнай сыстэмы распаўсюду ў сталіцы й рэгіёнах, адмысловых цэнтраў».

Выдавец і галоўны рэдактар газэты «Згода» Аляксей Кароль расказаў «НН», што газэта ўжо стварыла сваю сыстэму распаўсюду праз дэмакратычных актывістаў. Ён кажа, што асноўная частка накладу ў 5 050 асобнікаў ужо цяпер распаўсюджваецца не празь дзяржаўныя манаполіі. «Перад выбарамі нас штурхаюць на паўлегальнае становішча, літаральна запіхваюць у самвыдат. Стварылі сабе міты, самі іх і баяцца», — кажа А.Кароль.

Адзіны прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію БелаПАН адзначыў, што фактычная забарона на распаўсюд па падпісцы — гэта прызнаньне ўладамі моцы друкаванага слова незалежных газэт. «У інфармацыйнай прасторы Беларусі амаль не засталося незалежных выданьняў. Улада ўсур’ёз баіцца выбараў і імкнецца да таго, каб людзі не прачыталі й не пачулі ніводнай альтэрнатыўнай думкі», — сказаў ён.

Існуе меркаваньне, што дэлегалізацыя прэсы спрашчае сытуацыю: апазыцыя цяпер можа цьвёрда разьлічваць толькі на баявыя лісткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0