Савецкая рэчаіснасьць вярнулася ў Магілёў ва ўзмоцненым рэжыме — з пачатку гэтага месяца начныя крамы тут ня маюць права прадаваць сьпіртное.

«О, гэты самы бядотны час у жыцьці нашага народу — ад сьвітаньня да адкрыцьця першых магазынаў!» — лямантаваў у сваёй паэме пахмельны Венечка Ерафееў. Савецкая рэчаіснасьць вярнулася ў Магілёў ва ўзмоцненым рэжыме — з пачатку гэтага месяца начныя крамы тут ня маюць права прадаваць сьпіртное з 23.00 да 9.00. Нават піва. Нават у форме міласэрнасьці. Рашэньне прынятае і зацьверджанае на ўсіх узроўнях. Афіцыйнае тлумачэньне адно: ужываньне сьпіртнога ноччу — гэта простая дарога да злачынных замахаў на правапарадак.

Сытуацыя з начным гандлем у Магілёве гойдаецца як на арэлях ужо ня першы год. Спачатку, у 2003-м, проста забаранілі гандаль гарэлкай і ўсімі напоямі, мацнейшымі за дэсэртныя віны, пасьля 23.00. Начная злачыннасьць вытрымала гэты ўдар. Рэч у тым, што сьпіртным забаранілі гандляваць ня ўсюды, а толькі ў палове крамаў. Нярэдкая была сытуацыя, калі адна крама не гандлявала гарэлкай, а суседняя, цераз дарогу, гандлявала. Ясна, дзе ўтвараліся натоўпы, ясна, як забунтавалі ўладальнікі «сухіх» крамаў. Празь некалькі месяцаў, на пачатку 2004 году, забаранілі начны гандаль наагул. Пакінулі працаваць уначы толькі тры начныя крамы, прычым дзяржаўныя. Можаце сабе ўявіць зьдзіўленьне госьця гораду, які прыехаў цягніком у раёне першай гадзіны ночы і захацеў купіць пакецік кефіру. Калі ласка, казаў яму таксіст, зараз крутанёмся кілямэтры на чатыры, і хвілін за сорак вы адстаіце чаргу. На працягу ўсяго году начныя крамы працавалі ў новым рэжыме. Сьпіртное прадавалі толькі ў чатырох дзяржаўных крамах у розных раёнах гораду. У астатніх можна было выкленчыць бутэлечку пад шчырае абяцаньне нікому не расказваць.

Але й пасьля гэтага начная злачыннасьць зьяўлялася ў зводках праваахоўных органаў. Затое цяпер, пасьля начнога варыянту сухога закону, Магілёў няйначай ператворыцца ў самы чысты і бясьпечны горад на зямлі. І расквітнеюць таемныя «кропкі», заграбуць грашыну таксісты ды гандляры з-пад прылаўка, і пойдзе народ з вуліцы ў начны шынок, а пайшоўшы з шынка, абабраны да ніткі трайнымі цэнамі, злы і п’яны, унясе ў начное жыцьцё Магілёва сваю багатую лепту — узаемаразуменьне і ўзаемапавагу ў адносінах з грамадзтвам і ўсім сьветам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру