30 чэрвеня 1984 г. мы з татай і мамай паехалі глядзець на дзіва: у Менску адкрывалі мэтро — восем станцый ад «Інстытуту культуры» да «Маскоўскай». Прайшоў 21 год. 7 Лістапада. Краіна сьвяткуе 88-я ўгодкі Вялікага Кастрычніка. Халодна. Гэтым разам бацькі не паехалі — шмат хатніх справаў, маўляў, пасьпеем паглядзець. Гэтым разам падзея — лякальнае сьвята для жыхароў сталічнага Захаду. У Менску адкрылі 21-ю, 22-ю і 23-ю станцыі мэтро.

11.00. Станцыя «Каменная горка»

Наземны рух перакрыты. Цягнікі ідуць толькі да «Пушкінскай». Зачыненыя ўваходныя дзьверы з вуліцы на новыя станцыі, людзі ня могуць карыстацца нават падземнымі пераходамі. На плятформе станцыі «Каменная горка» зьяўляецца А.Лукашэнка. Ён расказвае журналістам пра амбіцыйныя пляны далейшага будаўніцтва ды звыклыя рэчы: захаваньне добрай традыцыі савецкіх часоў — дарыць працоўныя падарункі народу да дзяржаўных сьвятаў, паскарэньне тэмпаў будаўніцтва мэтро ў два разы. Гаворыць пра тое, што ўсё зробленае трэба зьберагчы.

11.30. Пасёлак Кунцаўшчына, паварот на агракамбінат «Ждановічы» ды МКАД

На прыпынку стаіць аўтобус № 36. На слупе напісана, што гэты новы маршрут да д/с «Кунцаўшчына» пачне хадзіць толькі пасьля адкрыцьця другой лініі мэтро. Людзі на прыпынку запытваюць кіроўцу: «Ці пайшло ўжо мэтро?» Ён у адказ: «Пакуль не». Яму ізноў: «Ці ж вам па тэлефоне скажуць, калі мэтро пойдзе?» А ён: «Не, проста сказалі ўжо выяжджаць на лінію, сядайце».

11.45. Вул. Кунцаўшчына (каля ст. «Каменная горка»)

Дзьверы ў пераход зачыненыя. Ля кожнага ўваходу стаяць па два міліцыянты. Ля іх — каля 80 чалавек. Нехта скардзіцца, што не прапускаюць. Міліцыянты кажуць: «Грамадзяне, ня злуйцеся, мы такія ж, як вы».

Новыя лаўкі абсаджаны прагнымі першымі ацаніць новыя станцыі. Плітка на ходніках вытрымана ў шэра-ружова-шэрых колерах. Арнамэнт пакладзены зыгзагамі. Старыя месьцічы наракаюць: «Гэта ж колькі трэба было рэзаць, падганяць, каб вытрымаць такі малюнак!»

Над вуліцай Прытыцкага — расьцяжка «Менскі мэтрапалітэн вітае менчукоў і гасьцей сталіцы на новых станцыях». На зямлі выкладзены дзяржаўны сьцяг зь зялёнай травы, чырвонай цэглы й белага каменю. У руках групы маладзёнаў гадоў па 17—18 — сьцяжкі. Пытаю, хто даў. Адзін шэптам: «Ды мы з БРСМ, нас сюды прывезьлі». Шмат хто прыйшоў зь дзецьмі, народ кіруецца па ходніках у бок цэнтру — да наступнай станцыі «Кунцаўшчына». Перад домам па вул.Прытыцкага, 78 заўважаю першую недаробку — да аптэкі мэтраў 20 вядуць каменьне зь зямлёй. Плітку пакласьці не пасьпелі. Тое самае — крыху далей, ля ўваходу ў начную кавярню «Бездань». Зямлю побач з ходнікамі, відавочна, трамбавалі ўначы перад 7 лістапада, а зранку прайшліся мётламі.

12.15. Вул.Ляшчынскага (станцыя «Кунцаўшчына»)

Ля ўнівэрсаму «Заходні» стая галубоў есьць сьвежанасыпанае зерне. На вуліцы пакладзены новы асфальт. Над вуліцай Прытыцкага чарговая расьцяжка: «Менчукі ўдзячныя будаўнікам мэтро». Ля ўваходу ў падземны пераход прымацавана шыльда «Прыемнай паездкі». Людзей запускаюць у падземны пераход, але празь некалькі імгненьняў радасьць зьмяняецца расчараваньнем: уваходы ў мэтро яшчэ замкнёныя. Міліцыянт кажа, што адчыняць да паловы на другую, мо крышку раней.

Пешкі працягваю ісьці ў бок «Спартыўнай» — літаральна праз трыццаць мэтраў ля каналізацыйнага люка заўважаю, што бардзюр дакласьці не пасьпелі і, каб не было відаць з дарогі, утыкнулі туды тры маленькія блакітныя елачкі. Гатовы заключыць пары, стаяць ім там нядоўга.

12.30. Вул. Пятра Глебкі (паблізу станцыі «Спартыўная»)

Насустрач адзін за адным праяжджаюць «рарытэты» — аўтобусы №101, 114, тралейбус №33. Гэта іх «разьвітальная гастроль» — з 8 лістапада ім тут не хадзіць. Прыпынак «Вул.П.Глебкі» закаталі ў плітку памерам з палову футбольнага поля. Падземны пераход тут недароблены, ён будзе функцыянаваць толькі месяцы праз два. Таму побач зь ім няма пліткі, пакуль часова пакіданы біты асфальт.

Станцыя «Спартыўная» адчыненая. У пераходзе працуе навюткі кіёск «Белсаюздруку», вісяць чатыры таксафоны. Народ будзённа ўваходзіць у мэтро. Падыходжу да акенца касы: «Мне два жэтоны». А ў адказ: «Праезд бясплатны», але кіяскёрка ўсё ж дае мне жэтоны й рэшту: «Гэта на вечар, калі з цэнтру дадому паедзеце: бясплатна, толькі калі садзісься ў мэтро на новых станцыях».

Аўтаматы-турнікеты не працуюць. На пэроне — штатыў тэлекамэры. Пэрон вузкі, калёны абапал плятформы (як, дарэчы, і на «Каменнай горцы»). Станцыя вытрымана ў шэрых колерах. Дзеці й дарослыя азіраюцца, шумна ўдыхаюць дух сьвежага мэтро. Усе пэроны новых станцый больш доўгія, разьлічаныя пад большую колькасьць вагонаў — з запасам. Але пакуль вагонаў столькі, колькі і было.

На пэроне «Кунцаўшчыны», вытрыманай у жоўта-белых колерах, ля адной з калёнаў, што месьцяцца тут адным радам па цэнтры плятформы, размаўляюць тры сталыя кабеты, хваляць улады. Потым размова збочвае да параўнаньня Беларусі з Расеяй і Ўкраінай: «З Расеі як уяжджаеш у Віцебскую вобласьць, дык нібы ў іншае царства трапляеш». Народ актыўна фатаграфуе. З рэпрадуктара чуваць голас дзяжурнай па станцыі: «Паважаныя пасажыры, фатаграфаваць на станцыі забаронена». Ніхто ня слухае.

На «Пушкінскай» дзьве цёткі заходзяць у вагон. Адна другой: «Ну ўсё, цяпер тут хрэн сядзеш...».

Пляны

У Менску працягваюць будаваць падземнае мэтро, тады як у сьвеце будуюць т.зв. «лёгкае мэтро», альбо хуткасныя трамвайныя лініі.

Увосень 2007 г. плянуецца здаць дзьве новыя станцыі на першай лініі — «Барысаўскі тракт» (каля філіялу БНТУ) і «Ўручча» (за скрыжаваньнем з вуліцай Русінянава). Ад будаўніцтва станцыі «Смаленская» (ля Палацу лёгкай атлетыкі) пакуль адмовіліся.

У 2011-м да першай лініі дабавяцца яшчэ тры станцыі ў паўднёва-заходнім кірунку — «Грушаўка», «Міхалова» й «Пятроўшчына».

У пэрспэктыве трэцяя лінія зьвяжа Зялёны Луг і Курасоўшчыну. Зь першай лініяй яна будзе перакрыжоўвацца на станцыі «Плошча Незалежнасьці», а з другой — на станцыі «Фрунзэнская». Рух цягнікоў мэтро на першым участку трэцяй лініі (ад станцыі з працоўнай назвай «Жукоўскага» да «Плошчы Бангалор») заплянавана адкрыць у 2015—2020 г. А праз 20 гадоў плянуецца пачаць будаўніцтва чацьвёртай лініі — ад Чыжоўкі да Вясьнянкі. Прычым хутчэй за ўсё над Чыжоўскім вадасховішчам будзе ўзьведзены спэцыяльны мэтрамост. Агульная працягласьць менскага мэтро павялічыцца да 59 км, а колькасьць станцый — да 45-ці. Шмат хто з нас у тым мэтро ўжо не паезьдзіць.

Менскае мэтро

цяпер налічвае 2 лініі і 23 станцыі. У Варшаве — 1 лінія й 16 станцый, у Маскве — 11 ліній 164 станцыі, у Лёндане — 273 станцыі.

За адны суткі

менскае мэтро цяпер перавозіць каля 1 млн пасажыраў, што складае больш за траціну ад усіх гарадзкіх пасажырскіх перавозак. Будаўніцтва трох новых станцый мэтро каштавала 338 млрд руб.

Праезд у менскім мэтро

каштуе 400 рублёў. Для параўнаньня, адзін праезд у кіеўскім мэтро каштуе 215 рублёў (у эквіваленце), у варшаўскім — 1 560 руб., у маскоўскім — 1 000 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0