Мітынгі ў Баку

У шэсьці і мітынгу апазыцыі ў цэнтры сталіцы Азэрбайджану, узялі ўдзел 30 тыс. чалавек. Удзельнікі акцыі прыйшлі з аранжавымі сьцяжкамі, у многіх у вопратцы пераважае аранжавы колер — гальштукі, шалікі. Мітынгоўцы патрабавалі адмены вынікаў парлямэнцкіх выбараў, даводзячы пра сотні фальсыфікацый. На выбарах у парлямэнт, што прайшлі 6 лістапада, перамагла кіроўная партыя, а дэмакратычная кааліцыя правяла толькі лічаных чалавек у мэджліс. Апазыцыя лічыць вынікі сфальшаванымі.

Севярынец на адпачынку

Палітвязьня Паўла Севярынца на тры дні адпусьцілі з «хіміі» ў адпачынак. Заканадаўства прапісвае, што, калі асуджаны ня меў спагнаньняў, яму належыць водпуск. Павал бавіць час у бацькоў у Віцебску.

Зьдзяруць за кожны градус

З 1 лістапада сярэднямесячная сума плацяжоў за аднапакаёвую кватэру агульнай плошчай 31 м². пры двух жыхарах вылічаная ў памеры 67 397 рублёў, паведаміў журналістам у сераду намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі краіны Сяргей Сушко. Сума плацяжоў за двухпакаёвую кватэру плошчай 48 м². пры трох жыхарах складае 101 095 рублёў, за трохпакаёвую агульнай плошчай 69 м². пры чатырох жыхарах —140 758 рублёў.

С.Сушко паведаміў таксама, што стандарт ацяпленьня кватэры ўстаноўлены пастановай Савета міністраў на ўзроўні 18 градусаў. Калі будзе больш цёпла — розьніца будзе ўключацца ў разьліковыя квітанцыі.

АР, ЗД

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0