11 лістапада, у судзе Першамайскага раёну Менску пачнецца разгляд беспрэцэдэнтнай для Беларусі справы. Два слухачы FM-cтанцыі «Альфа-радыё» падалі ў суд на радыёстанцыю і яе праграмнага дырэктара.

Праграмны дырэктар «Альфа-радыё» Зьміцер Шунін вядзе таксама забаўляльную праграму «Кукурузьнік-шоў», збудаваную на розыгрышах. У суд зьвярнуліся героі аднаго з розыгрышаў.

Упершыню ён прагучаў на «Альфе» два гады таму. Тады Шунін патэлефанаваў у этэры аднаму са слухачоў, прадставіўся начальнікам аддзелу па барацьбе з арганізаванай прастытуцыяй і сказаў, што сябар гэтага слухача затрыманы ў публічным доме «Сельскі працаўнік» — маўляў, пад заклад 700 тыс руб. ён просіцца дадому. Спачатку слухач павёўся, але калі зразумеў, што яго разыгралі, толькі пасьмяяўся і сказаў: «Пяць балаў!» Запіс розыгрышу, як аднаго з самых удалых, «Альфа» паўтарыла сёлета — пры канцы верасьня.

Памер маральнай шкоды, што спрычыніў розыгрыш Шуніна, ацанілі ў 35 млн рублёў. Радыёвядучы ў размове з карэспандэнтам «НН» толькі зьдзіўляецца: «Як я магу з каго-небудзь зьдзекавацца? Мы, наадварот, праграмай намагаемся пацешыць слухачоў». Шунін сьцьвярджае, што перад тым, як разыграць гэтага чалавека, ён цікавіўся ў ягоных знаёмых пра наяўнасьць у таго пачуцьця гумару.

Пасьля гэтага Шуніна і выклікалі ў суд. «Сюжэт застаўся ў базе, і мы яго паставілі ў наш «The Best». Лёгіка наша была такая: калі ўдзельнік розыгрышу даў яму станоўчую ацэнку і слухачы прызналі яго за ўдалы, дык чаму б не паўтарыць?»

Тацяна Падаляк, выкладчыца курсу «Прафэсійная этыка журналіста» ў БДУ і журналістка газэты «Звязда», трымаецца іншага меркаваньня: «Гэта відавочнае парушэньне прафэсійнай этыкі. Няўжо нехта хацеў бы апынуцца на месцы гэтых людзей? Галоўны прынцып этыкі журналіста — не нашкодзь!» Спн.Падаляк некалькі разоў чула падобныя праграмы. «У іх часам парушаецца ня толькі журналісцкая, але й агульначалавечая этыка!» — кажа яна. Дадатковай прыкрасьцю яна лічыць тое, што радыёвядучы пасьмяяўся з гэтых слухачоў другі раз: «Праз два гады той слухач сапраўды можа абурыцца, бо яго маглі напаткаць розныя зьмены ў жыцьці». Тым ня менш Т.Падаляк ня супраць існаваньня падобных праграм, але сюжэты, на яе думку, мусяць давацца толькі са згоды тых, каго разыгралі.

На ідэю «розных зьменаў у жыцьці» таксама зьвярнуў увагу ў інтэрвію радыё «Свабода» намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, падкрэсьліўшы неадпаведна высокі памер кампэнсацыі, якую патрабуе пазоўнік: «Гэта не пазоў аб абароне гонару і годнасьці. Найчасьцей гэта літаральны спосаб зарабіць нейкія грошы. Шкада, што нашыя судовыя інстанцыі ніяк не адрэагавалі на тыя памеры штрафу, якія ніякім чынам не суадносяцца, напрыклад, з тымі выплатамі, якія спаганяюцца нават пры сьмерці чалавека ці пры сур’ёзных траўмах».

Экс-удзельнік каманды КВК БДУ Андрэй Дзяркоў кажа, што пакуль беларускія слухачы не падрыхтаваныя да падобных розыграшаў: «У ЗША такія праграмы маюць даўнюю гісторыю, у нас яны зьявіліся нядаўна і зусім раптоўна». Сам бы Дзяркоў не наважыўся такім чынам разыграць незнаёмага чалавека: «Немагчыма ўявіць, што ў яго за душой, таму рызыкоўна жартаваць на прыватныя тэмы».

Радыё-дыджэй Адам Старповіч сьцьвярджае, што да «справы Шуніна» мае дачыненьне толькі пытаньне вастрыні пачуцьця гумару. Зь ім пагаджаецца і сам Шунін: «Не зразумець, што гэта быў розыгрыш, немагчыма: увесь тэкст прасякнуты іроніяй, а калі праслухаць аўдыёзапіс, усе пытаньні наагул адпадаюць».

«Альфа-радыё» віны не прызнае. Прэс-служба радыё зрабіла заяву, дзе гаворыцца, што раней была вядома толькі расейская і замежная практыка, калі на папулярныя праграмы падавалі ў суд у надзеі атрымаць пэўную грашовую суму. З.Шунін на перадсудовых слуханьнях прапаноўваў ахвярам розыгрышу кампэнсацыю ў памеры 500 тыс. руб., але тыя не пагадзіліся. Незалежна ад рашэньня суду, радыёвядучы мае намер працягваць весьці «Кукурузьнік-шоў», каб «прыносіць людзям задавальненьне».

Аўдыёзапіс розыгрышу можна праслухаць тут: http://radio.tut.by/mp3/logger.mp3.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру