Інтэрнэт-партал www.belaruspartizan.org зьмясьціў інтэрвію Сьвятланы Калінкінай зь Сяргеем Савушкіным. Ён першы з «чацьвёркі Ігнатовіча», якая была асуджаная па справе Зьмітра Завадзкага, выйшаў на волю.

Савушкіна асудзілі тры гады таму да 12 гадоў пазбаўленьня волі, але ён ужо год, як на волі. Што за цуд? Дзякуючы розным амністыям тэрмін зьменшыўся да трох гадоў і дзевяці месяцаў.

Ягоны сябар Аляксей Гуз, якому далі 25 гадоў, сядзіць у Воршы. Валер Ігнатовіч і Максім Малік — у Жодзіне на пажыцьцёвым зьняволеньні. Паводле Савушкіна, Ігнатовіч пачуваецца вельмі блага.

Па выхадзе з турмы Сяргей зьехаў у Нямеччыну, дзе прасіў палітычнага прытулку, выдаючы сябе за пацярпелага ад чачэнскай вайны. Потым зьехаў у Швэцыю, дзе распавёў праўду. Яго адправілі назад у Нямеччыну, немцы — дэпартавалі ў Беларусь.

Па вяртаньні яго выклікаў да сябе сьледчы Чумачэнка. Савушкін кажа, што Чумачэнка патрабуе інфармацыі пра Завадзкага, узамен абяцае паспрыяць ад’езду.

Савушкін настойвае, што ня ведаў Завадзкага да свайго арышту, і ніколі пра яго ня чуў, і ўвогуле справа Ігнатовіча «прыцягнутая за вушы». «Вы думаеце, Ігнатовіч ідыёт — сесьці ў сваю машыну й сачыць за домам Завадзкага? — пытаецца суразмоўца і сам адказвае. — Ён не ідыёт, ён разумны».

Савушкін наконт будучыні настроены пэсымістычна. Ён упэўнены, што яго цяпер альбо заб’юць, альбо зноў пасадзяць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру