Мноства маладых людзей у Менску — у душы заўжды студэнты, хаця хтосьці толькі зьбіраецца паступаць, а нехта даўно адвучыўся.

Школьнікам, навучэнцам і студэнтам-«дзёньнікам» праезд, як вядома, за паўцаны. Работы калярытнаму менскаму кантралёру Юр’ю Тарасу, што зазвычай адсартоўваў сапраўдных ільготнікаў ад ільготнікаў «душэўных» на ўваходзе ў мэтро «Купалаўская—Кастрычніцкая», хапала. Аштрафаваў ён за дзесяць год працы тысячы й тысячы «халяўшчыкаў», непрыяцеляў нажыў армію, а ўжо што кпінаў і словаў ліхіх наслухаўся… Не было яму роўных у прафэсіі, таму й славу займеў адпаведную — мала хто зь безмашынных менчукоў «вусатага гнома» ня ведаў. Лавіў ён і мяне калісьці пару разоў, але што крыўдаваць, калі вінаваты! І вось навіна ў «Комсомольской правде» — памёр дзядзька ў 42 гады. Спаліў сэрца з гэткай сабачай доляй. Няхай зямля яму пухам. Хоць там адпачні, Тарасік.

Адразу ў публікі ідэя ўзьнікла — помнік рэвізору-герою паставіць, ужо й вядомы скульптар Уладзімер Жбанаў на грамадзкіх пачатках падпісаўся. А думаецца мне, што, калі б кожны дзяржслужбовец на сваім месцы рабіў справу гэтаксама дбайна, дык да Жбанава за 100 год запісвацца трэба было б.

А пакуль — гуляй, «зайцы»!

Заякот

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0