30 кастрычніка вяляйчане ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій. У лесе ля вёскі Касута, на месцы, дзе ўлетку 1941 г. НКВД расстраляла вязьняў вялейскай турмы, трыццаць вяляйчан усклалі вянок.

У 1990-х на гэтым месцы былі ўсталяваны два злучаныя паміж сабой крыжы — праваслаўны й каталіцкі. Сёлета яны паваліліся. Адзін з ініцыятараў мерапрыемства, Аляксей Сюдак, намагаўся ўласнымі рукамі аднавіць крыжы. З раённага бюджэту сельсавету нават выдзелілі 1,8 млн рублёў. У сельсавеце, праўда, спачатку заявілі, што грошай не атрымлівалі, але пасьля таго, як іх прыстрашылі, што распачнецца справа аб нямэтавым выкарыстаньні бюджэтных сродкаў, чыноўніцтва, паводле словаў А.Сюдака, прыслухалася да грамадзкасьці і паставіла новыя крыжы. Праўда, менш велічныя за ранейшыя…

З Касуты вялейчукі рушылі на гарадзкія могілкі, дзе ўскладзены вянок на месцы пахаваньня вязьняў турмы. Дакладна невядома, ад чыіх рук — савецкага НКВД ці нямецкага СД, што шчыравала ў Вялейцы падчас вайны, загінулі вязьні. Тут жа пад бел-чырвона-белымі сьцягамі бацюшка адслужыў імшу за забітых. На мерапрыемства завіталі і міліцыянты, якіх выклікаў вартаўнік могілак. Але ніякіх затрыманьняў не было.

Удзел ва ўшанаваньні памяці палітычных рэпрэсій брала і госьця зь Японіі. Яна піша кнігу пра Беларусь, і таму ёй было цікава апынуцца, што называецца, на другім баку барыкады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0