Нацбанк раіць захоўваць грошы ў беларускіх рублях.

У Эўропе нарастаюць палітычныя рызыкі. Беспарадкі ў Францыі прынялі сур’ёзны абарот. Яны сталі найбольш працяглымі з часоў студэнцкага паўстаньня 1968 г. Для фінансавага рынку Эўразьвязу й для пазыцый эўра гэтыя падзеі зьявіліся ці не фатальнымі. Курс даляра ў дачыненьні да эўра падрос так, як ня рос апошнія два гады.

На гэтым фоне расьце попыт на амэрыканскія актывы. Працэнтныя стаўкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША на амэрыканскія каштоўныя паперы вышэйшыя за эўрапейскія ўдвая. Натуральна, яны больш даходныя. Эўрапейскі Цэнтрабанк гэтага дазволіць сабе ня можа ўжо даўно, бо трэба падтрымліваць новых сяброў Эўразьвязу, якія, дарэчы, у зону эўра ўступяць у найлепшым выпадку з 2007-га. А тут яшчэ беспарадкі ў Францыі.

У нас жа эўра стаіць трывала. Прэс-сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч растлумачыў гэта тым, што ў нас і ў Заходняй Эўропе розныя мэханізмы фармаваньня курсу. «У нас курс вызначаецца на аснове попыту й прапановы, якія штодня фармуюцца на таргах валютна-фондавай біржы. Таму ніякіх абвалаў чакаць не даводзіцца». І тым ня менш, сп.Журавовіч раіць захоўваць грошы ў той валюце, даход па якой большы і на стан якой не паўплываюць макраэканамічныя й палітычныя падзеі, — у беларускіх рублях. Калі, канечне, тыя даходы ў вас ёсьць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру