У хуткім часе гатэль «Сьвіслач» стане «Менск-прынцэс-гатэлем» і першай пяцізоркавай гасьцініцай у Беларусі.

Рэканструкцыя будынку, што ідзе з 2001 г., праводзіць АТ «Ірада» (турэцкі капітал) — чалец міжнароднай сеткі гатэляў з назвай «Прынцэс». У праект укладзена 20 млн даляраў. Вонкавы выгляд будынку на рагу Валадарскага і Кірава амаль не зьмяніўся, але ў рэальнасьці ён быў пабудавана наноў — ад старой «Сьвіслачы» захаваўся толькі фасад (будынак унесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў).

На першым паверсе будуць адміністрацыйная частка, кавярня, крамы й казіно з рэстаранам. Ад другога да пятага паверху — нумары і канфэрэнц-заля. Шосты паверх (ён новы і цалкам шкляны) адведзены пад вялікі рэстаран, банкетную залю й начны клюб. Усяго ў гатэлі будзе 100 звычайных нумароў і два прэзыдэнцкія (двухпавярховыя). А ва ўнутраным дворыку — басэйн, фітнэс-заля, боўлінг, салёны прыгажосьці й саўна. Таксама ва ўнутраным дворыку пабудавана шматузроўневая аўтастаянка, машыны на якую будуць дастаўляца на адмысловым ліфце.

Амаль год ідуць работы па аднаўленьні гатэлю «Эўропа», які таксама мае стаць пяцізоркавым. Іх мяркуюць скончыць да пачатку 2007 г. Фасад гатэлю (праект зроблены ТАА «Трайпл») будзе амаль дакладнай копіяй разбуранага. Унутры будзе 68 нумароў і ўсё, што мусіць мець пяцізоркавая гасьцініца, апроч хіба пляцоўкі для гелікоптэра.

Нагадаем, згодна з інструкцыяй Міністэрства спорту й турызму, цягам наступнага году ў Беларусі будзе праводзіцца сэртыфікацыя й клясыфікацыя гасьцініц. На сёньня ў краіне сэртыфікавана толькі 10 гатэляў (усяго ў Беларусі 283 гатэлі). Адзін зь іх чатырохзоркавы (гатэль «Менск») і дзевяць — трохзоркавыя. Цікава, што на фасадзе віцебскага гатэлю «Лучоса» вісяць чатыры зоркі, у той час як гасьцініца трохзоркавая. Дамалявалі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру