Cтраўсы шалёна баяцца фотаўспышак. Затое яны стойка пераносяць холад, таму нават пры тэмпэратуры 0 градусаў гуляюць на адкрытым паветры.

Страўсы пераўзышлі мае ўяўленьні пра вялікіх птушак. Памерамі яны нагадваюць каня. Страўсінае яйка каштуе 43 тыс. рублёў, але, кажуць, яечня зь яго эквівалентная 16 яечням з курыных яек! Са шкарлупіны робяць самыя разнастайныя сувэніры, напрыклад лятарні. Самае ж дзіўнае на фэрме — гэта турысты, якія лезуць да птушак цераз агароджу, дражняць іх і выдзіраюць пёры.

Страўсіная фэрма Навасёлкі-Лучай на Пастаўшчыне — самае знакамітае месца ў Беларусі, дзе разводзяць страўсаў. Тут таксама гадуюць сьвіней і трусоў, а яшчэ вырабляюць экалягічна чысты сыр, каўбаскі, хлеб ды піва.

«Як за граніцай!» — вохкаюць турысты, уражаныя прыгажосьцю Пастаўскага ды Камайскага касьцёлаў. Ксяндзы абедзьвюх бажніц робяць усё, каб паглыбіць уражаньні. У Камайскім касьцёле ксёндз Яцак з задавальненьнем паказвае скарбы.

Айцец Яцак марыць у наступным годзе зрабіць выстаўку, прысьвечаную паэту Казімеру Сваяку, і выдаць хоць колькі асобнікаў ягонай «Маёй ліры». Канстанцін Стаповіч (Казімер Сваяк) быў пробашчам у Камайскім касьцёле. У наступным годзе будуць 80-я ўгодкі ягонае сьмерці. Праўда, грошай на выданьне кнігі няма.

Праваслаўнай царквы ў Камаях ніколі не было, таму разам з каталіцкім крыжам на могілках ксёндз усталяваў і праваслаўны.

У Камаях будуць ствараць аграгарадок, у цэнтры вёскі актыўна добраўпарадкуецца плошча, высякаюцца дрэвы, вядзецца будаўніцтва.

У галоўнай пастаўскай знакамітасьці — палацы Антонія Тызэнгаўза — знаходзіцца цэнтральная раённая больніца. Нядаўна была зроблена рэстаўрацыя будынку, грошы на якую выдаткавала UNESCO. Цяпер у больніцы дзьве залі адведзены пад музэй, але абавязковай умоваю яго наведаньня зьяўляецца прагляд фільму пра здаровы лад жыцьця. Аднак і тут нядаўна вызначыліся турысты — нафарбавалі вусны памадай скульптурнай дзяўчынцы, якая стаіць у двары больніцы. Бо прыгажосьць рэжа вока — «як за граніцай».

Аўтар дзякуе за арганізацыю вандроўкі турыстычнай фірме «Альтус-плюс» і экскурсаводу Надзеі Цодавай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру