На гэта раз беларускаму начальніку давялося адчыняць станцыю мэтро пад ангельскім сьцягам.

Міхаіл Булгакаў у «Сабачым сэрцы» вуснамі героя прафэсара Праабражэнскага заўважыў: «разруха» пачынаецца не ў пад’езьдзе ці на вуліцы, а ў галовах. Але аўтары гэтай разрухі, расейцы, дзень 7 лістапада ўжо не сьвяткуюць. Затое сьвяткуюць беларусы, адмовіўшыся ад Дзядоў, калі разумны абавязак кожнага чалавека — схадзіць на могілкі і прыбраць месца пахаваньня продкаў.

Затое на 7 лістапада — гуляй не хачу. Пі танную гарэлку, хоць заліся. Сёлета, калі «сьвяткаваньне» зацягнулася на тры дні, было брыдка выйсьці ў горад. Вы самі ведаеце, чым у гэтыя дні пахне ў грамадзкім транспарце. Зусім не парфумай.

Затое ў нас беспрацоўя няма! Затое людзям на заводах плацяць сымбалічныя грошы за тое, што яны проста «лічацца» на прадпрыемствах, якія або не працуюць, або працуюць на склад, бо іхняя прадукцыя нікому не патрэбна. Прыклад — менскі мотавэлязавод і далей па сьпісе. Усе пра гэта ведаюць, толькі па БТ не гавораць.

Расейскі палітычны блазан Уладзімер Жырыноўскі некалі заўважыў: Беларусь выратуе снайпэр. Але выратаваць сябе можам толькі мы самі і толькі адным-адзіным спосабам. Калі мы нарэшце зразумеем, што закон — гэта своеасаблівы пакт паміж людзьмі, грамадзкая дамова, правілы, якія нельга парушаць. Іначай пачынаецца «разруха». Калі мы нарэшце скажам самі сабе: ёсьць закон, і мы, беларускі народ, законапаслухмяныя. Але і той, з другога боку ўладнай мяжы, таксама павінен падпарадкоўвацца закону. І ў той дзень, калі гэтую простую ісьціну зразумее, нарэшце, большасьць народу, той, хто цяпер лічыць у нас сябе самым вялікім начальнікам, адразу ім быць перастане. Бо ён ужо столькі разоў законы парушыў, што няцяжка здагадацца, дзе яго месца.

Едучы ў «сьвята разрухі ў галовах» па лініі менскага мэтро, я якраз думаў пра тое, што разруха ў галовах у нас вельмі сымбалічна ўвасабляецца ў назвах вуліц, плошчаў, станцый мэтро. Ну што хацеў сказаць аўтар ідэі, калі настойваў, каб станцыю «Кальварыйскую» назваць «Моладзевай»? Што месца нашай моладзі — на Кальварыйскіх могілках? Я ўжо не кажу пра такія пэрліны назваў, як «Спартыўная» (замест «Ракаўская»). Любоў адной асобы да паказушных будаўнічых праектаў добра вядомая — гэта то палацы спорту, то якія-небудзь нефункцыянальныя бібліятэкі, у якіх кніжкі захоўваць нельга, бо няма ні кліматызацыі, ні іншых тэхнічных умоў. Апошні праект у народзе цалкам слушна клічуць «помнікам чупа-чупсу». Паглядзіце на гэты дурацкі архітэктурны шэдэўр, і вы адразу ўбачыце, што ён нагадвае любімую дзіцячую карамельку на палачцы.

Зрэшты, гэтаму агульнаму глупству можна абсалютна годна і разумна супрацьстаяць. Вы спытаеце як? Адкажу на адным нядаўнім прыкладзе. Старэйшы сын вядомага палітыка і гісторыка Валянціна Голубева Зьміцер, які жыве ў доме вокнамі на адну з новых станцый менскага мэтро, у час яе ўрачыстага адкрыцьця на сваім уласным бальконе вывесіў сьцяг Ангельшчыны — чырвоны крыж на белым фоне. Весялосьць у тым, што пільныя міліцыянты прынялі сьцяг за «забаронены» беларускі — бел-чырвона-белы і пачалі малаціць у дзьверы.

Як вядома, цяперашні беларускі начальнік вельмі ня любіць усё сапраўды беларускае. Таму замест станцыі «Кальварыйская» ў нас ёсьць «Моладзевая», таму таксама маем замест добрага імя Скарыны праспэкт Незалежнасьці. Можна сказаць, незалежнасьці ад розуму, бо пры гэтым само імя Скарыны пераносіцца і накладаецца на іншую менскую вуліцу з рэдкай для беларускай сталіцы захаванай пракавечнай назвай — Старабарысаўскі тракт. Затое якая цудоўная прагаворка — праспэкт Пераможцаў! Лепш было б адразу назваць: «праспэкт Пераможцы». Праўда ў тым, што ён сапраўды пераможца, акрамя яго хіба што ўжо ніхто. Але на гэты раз беларускаму начальніку давялося адчыняць станцыю мэтро ледзь не пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яго проста прымусіў больш разумны за яго чалавек падпарадкавацца закону. Не было іншага выйсьця.

Таму і трэба зразумець, што разруха скончыцца роўненька ў той дзень, калі мы пераможам яе ва ўласных галовах. Дык з Богам!

Калісьці быў папулярны тэзіс, што дэмакратыя да нас прыйдзе з усходу, адаптаваная расейцамі. На жаль, пакуль з усходу да нас прыходзіць амаль што адно глупства. Гэта якую трэба мець уласную галаву ды якіх палітычных дарадцаў, каб абвясьціць нацыянальным сьвятам дзень перамогі над як бы «палякамі» ў пачатку XVII ст.! Нічога ня выйграўшы палітычна, новым сьвятам Пуцін ухітрыўся пасварыцца і з палякамі, і зь беларусамі, і зь літоўцамі, і з украінцамі. Бліскучае глупства. Каб ацаніць яго глыбіню, уявіце сабе наступны палітычны праект. Дапусьцім, у Беларусі абвяшчаюць сьвятам 8 верасьня, дзень Аршанскай бітвы, і рэтрансьлююць пераможныя рэляцыі на ўсю Расею, падключыўшы трансьляцыю БТ на ўсю яе тэрыторыю. Глупства? Прыкладна такое, якое цяпер зрабілі ў Расеі. Гэтай нешчасьлівай краіне, як і Беларусі, таксама не шанцуе з начальнікамі, прычым гісторыя там чарговы раз паўтараецца.

Памятаеце імпэратара Паўла, які вызваліў зь няволі Касьцюшку, паслабіў ганеньні на ўніятаў і каталікоў (сам быў генэралам Мальтыйскага ордэну), фактычна крочыў шляхам эўрапеізацыі, зьмякчэньня рэжыму імпэрыі. За што і быў забіты, а таленавітыя расейскія гісторыкі-байкапісцы стварылі яму вобраз блазна. Затое салдафон Мікалай І, душыцель вызваленчага паўстаньня 1830—1831 г. у Польшчы і Беларусі, у расейскай гісторыі — герой. Праўда, Пуцін не дацягвае нават да яго маштабу. Так што ня будзем моцна перажываць — у многіх сэнсах наша сытуацыя лепшая за расейскую.

Аляксей Хадыка — мастацтвазнавец, рэдактар часопісу «Спадчына».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0