Зянон Пазьняк выступіў з прапановай: афіцыйнай назвай нашай краіны павінна быць «Вялікае Княства Літоўскае Беларусь» (скарочана — «Беларусь»). Як ставіцца да прапановы Зянона Пазьняка сацыяльна актыўная частка насельніцтва — інтэлігенцыя і студэнцтва?

Анатоль Грыцкевіч, гісторык:

— Я стаўлюся станоўча. Беларусьсю мы сталі называцца толькі ў канцы ХІХ ст.: да таго Беларусьсю называліся Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні, а ўсё астатняе — Літва. Нашы адраджэнцы пачатку ХХ ст. прынялі назву «Беларусь». А Вялікае Княства Літоўскае ж было больш беларускай дзяржавай, чым літоўскай.

Вадзім Карцаў, эканаміст:

— Я такога нацыянальнага натхненьня не перажываў ужо гадоў дванаццаць. Пурпурова-агнявы з залатой «Пагоняй» сьцяг Вялікага Княства накрые медным шчытом усе марныя спрэчкі гісторыкаў пра «наша» й «ня наша». Мы больш ня будзем спаборнічаць зь літоўцамі, прыпамінаць нешта палякам і паглядаць зь недаверам на ўкраінцаў. Вельмі пазытыўная ідэя.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, гісторык:

— Каб краіна называлася «Княствам», яна павінна быць манархіяй. На сёньня я бачу адзіны шлях для рэалізацыі гэтай ідэі — правядзеньне рэфэрэндуму. І рэфэрэндум будзе адназначна выйграны (можна ўявіць сьветлыя сны прэзыдэнта Адамкуса!). Але, мабыць, гэта сфэра фантастыкі.

У далёкай пэрспэктыве я не выключаю зьмены назвы нашай краіны. І тады ёсьць імавернасьць палітычных калізій, якія ўзьніклі ў Грэцыі з Былой Югаслаўскай Рэспублікай Македоніяй. Аднак адбудзецца гэта не раней, чым кожны беларус будзе ўсьведамляць, што ў гістарычнай рэтраспэктыве Літва — гэта тое самае, што Беларусь. Пакуль жа наконт гэтага блытаніна існуе нават у галовах саміх гісторыкаў.

Адам Глёбус, літаратар, выдавец, мастак:

— Адмоўна. Я не люблю доўгіх назваў. Я не люблю, калі рэтраспэкцыяй падмяняюць пэрспэктыву. Чым прасьцейшая назва, тым яна лепшая. Тым больш што ў сьвеце ўжо ведаюць «Беларусь». Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі й Паўночнай Ірляндыі ўсе называюць Ангельшчынай, Злучаныя Штаты Амэрыкі — проста Амэрыкай. Абрэвіятуры самі па сабе нечытэльныя. Дый хопіць з нас таго, што ў нас была «БССР».

Алег Стаўпінскі, настаўнік гісторыі:

— Ёсьць такія краіны: Усходняя Рэспубліка Ўругвай, Баліварыянская Рэспубліка Вэнэсуэла, Мэксыканскія Злучаныя Штаты. Але для ўсяго сьвету — і ў палітыцы, і на спартовай арэне — ёсьць выключна Уругвай, Вэнэсуэла і Мэксыка. Так што ВКЛ Беларусь можа чакаць той жа лёс — Беларусь.

Алесь Анціпенка, філёзаф, літаратар:

— Нечаканая прапанова. Ня думаю, што гэта істотна зьменіць уяўленьні людзей, якія ўжо ведаюць нашу краіну. Але найперш трэба навучыць нашых перакладчыкаў правільна пісаць назву нашай краіны на замежных мовах. Памылак вельмі шмат. Па-ангельску пішуць «Byelarus» і нават «White Russia», прыметнік «Belarussian». Можа, якраз прыстаўка «ВКЛ» дапаможа нарэшце запомніць правільнае напісаньне нашай краіны.

Сяргей Панькоўскі, кіраўнік інтэрнэт-праекту «Наша думка» :

— На сёньня важней стварыць умовы для ўліку меркаваньняў — усіх людзей, у тым ліку і сп.Пазьняка. Важна каб было што называць, а ўжо потым падбіраць імёны. Але перш чым даваць такія гучныя імёны, трэба стварыць сытуацыю, калі мы зможам самі пра сябе заяўляць, калі мы зможам прэтэндаваць на іх.

Максім Ротвель, студэнт БДУ: Каб дыскрэдытаваць ідэю, яе трэба давесьці да абсурду. Так і з ідэяю спадчыны ВКЛ.

Ірына, студэнтка: Ідэя не падаецца рэалістычнаю. Пазьняк працуе на будучыню, далёкую будучыню. Праз 100 гадоў усе ягоныя ідэі будуць узьнятыя.

Алесь з Горадні, студэнт: Пазьняк у чарговы раз даказаў, што ён таленавіты палітык і піяршчык.

Сяргей Дубавец, публіцыст, першы рэдактар адноўленай «НН»:

— Ня маю да гэтай ідэі акрэсьленага стаўленьня.

Пётра Рудкоўскі ОП, філёзаф:

— Па-першае, усталяваньне такой назвы азначала б кананізацыю пэўнае ідэалёгіі, а менавіта права-кансэрватыўнай ідэалёгіі, галоўным выказьнікам якой зьяўляецца КХП-БНФ. Паўстала б новая вэрсія «палітычнага аднабожжа».

Па-другое, такая назва хавае ў сабе амбівалентную сэмантыку. «Беларусь» у гэтым выпадку прымае на сябе ўсе рысы міталягізаванага ВКЛ, г.зн. Беларусь — гэта культурна-палітычны гігант, амаль імпэрыя. А гігантаманія (асабістая ці калектыўная) ніколі яшчэ да дабра не даводзіла.

Па-трэцяе, усталяваньне гэтае назвы (а гэта для мяне раўназначна ўсталяваньню новай афіцыйнай стронг-ідэалёгіі) можа мець нэгатыўныя вынікі для навуковай гістарыяграфіі, паліталёгіі і наагул якой-кольвек свабоднай грамадзка-палітычнае думкі. Ну бо ці адважыцца хто-кольвечы выступіць з тэзай, што канцылярская мова ВКЛ не была… беларускай?

Цалкам магчыма, што працы гісторыкаў ВКЛ Хрыстыяна Станга ці Зігмаса Зінкявічуса будуць занесены ў «сьпіс шкодных кніжак», якія можна будзе чытаць, але зь якімі нельга будзе згаджацца. Думаю, ёсьць рэальная небясьпека, што паўстане новае мноства табу, якія будуць блякаваць крытычную рэфлексію над гісторыяй і актуаліямі Беларусі.

«Вялікае Княства Літоўскае Беларусь» — гэта не нэўтральная назва. Яна ня можа выконваць аб’яднальнае функцыі, а наадварот — падзеліць і без таго падзеленае грамадзтва Беларусі.

Апытваў Аркадзь Шанскі

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0