Шахрай Джэкі Цукер (Гэнрых Хюбхэн) з азартам гуляе ў більярд — і мае кучу праблем: яго хоча кінуць жонка, сын нацкоўвае судовага прыстава, памірае маці. Аднак спадчыну па ёй былы гэдээравец атрымае пры ўмове, што памірыцца з братам Самуэлем, артадаксальным габрэем. Самуэль са сваяцкім кланам заяўляецца ў кватэру Джэкі, дзе й пачынаюцца азартныя сямейныя гульні.

Стужка Дані Леві, што атрымала ў Нямеччыне безьліч узнагарод, прадстаўлена ў сэрыі «Новае нямецкае кіно». Даведзены да комы герой, захлынаючыся, будзе расказваць аб сваім бязладным жыцьці, «смуткаваць» на хаўтурах і разыгрываць інфаркты, каб трапіць на більярдны чэмпіянат..

Актор Гэнрых Хюбхэн праславіўся ў гастранамічна-гангстэрскай ролі «Кухара-злодзея»; ягоны Джэкі Цукер таксама мае сваю більярдную жарсьць. Кантрастам глядзіцца Уда Самэл (у ролі Самуэля).

Сьмех Д.Леві — гэта сьмех інтымны й чалавечны. Сьмех хаваецца за прызнаньнем у каханьні, за наіўным жэстам падману і за маскаю недарэчнасьці.

Гледачы, прызвычаеныя да праграмы «Аншляг», могуць разгубіцца. Але астатнія выдатна адпачнуць.

«Знаёмства з Цукерамі» («Alles auf Zucker!»).

Нямеччына, 2004, каляровы, 90 хв.

Жанр: камэдыя.

Адзнака: 7,5 (з 10).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру