Па традыцыі ў лістападзе праходзіць аўтарытэтная цырымонія «MTV Europe Awards». Сёлета яна прайшла ў Лісабоне. Гэтым разам у модзе спакойныя сьпевы сьціплага Крыса Марціна, «Coldplay» і панк-опэра «American Idiot» ад «Green Day». На хвалі папулярнасьці працягваюць трымацца Робі Ўільямз і маляваныя пэрсанажы з «Gorillaz».

Пераемнік «Radiohead» і Брэда Піта

Сем год таму хлопцы з «Coldplay» гралі ў гурце «Starfish», што з размоўнай ангельскай перакладаецца не іначай, як «анальная адтуліна», па зашмальцаваных ангельскіх пабах за так. Цяпер яны зьбіраюць стадыёны, а іх альбомы — лідэры ў эўрапейскіх і амэрыканскіх чартах. Лішні раз шалёную папулярнасьць «Coldplay» засьведчыла цырымонія «MTV Europe Awards» у Партугаліі. Брытанскі квартэт атрымаў дзьве прэстыжныя ўзнагароды — «Найлепшая кампазыцыя» і «Найлепшы выканаўца ў Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі». Лідэр гурту Крыс Марцін у інтэрвію часопісу «Rolling Stone» сфармуляваў дзьве свае звышмэты — намагацца быць вартым пераемнікам «Radiohead» і ня менш вартым пераемнікам Брэда Піта (жонка Крыса — Гвінэт Пэлтроў).

Рэдкі выпадак — брытанскі рок-гурт займеў посьпех ва ўсім сьвеце: іх любяць і ў Японіі, і ў Амэрыцы (дзе за першы тыдзень продажаў іх альбом «X&Y» разышоўся накладам у 773 000 асобнікаў). Дый К.Марцін — нетыповы рок-музыка: рэдка дазваляе сабе скандальныя выказваньні, добры сем’янін і сьціплы творца (ня тое што ў маладыя гады). «Мы — купка таленавітых плягіятараў. Усе нашы песьні напісалі раней іншыя, проста мы іх крыху перарабілі», — кажа лідэр «Coldplay».

Самы папулярны выпівоха

Робі Ўільямз заўсёды сябе адчувае ўпэўнена — ён стаў зоркай яшчэ ў школьным узросьце, калі зьняўся ў тэлесэрыяле, у 16 год сьпяваў у папулярным бой-гурце «Take That». У 22 гады Робі пачаў сольную кар’еру. На сёлетнім «MTV Europe Awards» ён у трэці раз быў прызнаны найлепшым эўрапейскім выканаўцам, а яго апошні альбом «Intensive Care» на мінулым тыдні лідзіраваў у 16 чартах ва ўсім сьвеце.

Уільямз стала прысутнічае і на старонках жоўтай прэсы: ужо амаль 10 год журналісты жвава абмяркоўваюць яго праблемы з алькаголем і наркотыкамі.

У намінацыі «Найлепшы гурт» перамаглі «Gorillaz» — хлопцы, якія ў свой час скарысталі карысныя здабыткі навукова-тэхнічнага прагрэсу і стварылі цалкам віртуальны праект з маляванымі пэрсанажамі-музыкамі. Хоць імёны музыкаў ужо даўно раскрытыя, ад «Gorillaz» заўсёды будзе адбівацца таямнічы цень.

Вострасацыяльнасьць ізноў у модзе

«Green Day» зьвярнулі на сябе ўвагу ня толькі таму, што прадстаўлялі амэрыканскую панк-музыку. Іх новая праграма пад красамоўнай назвай «American Idiot» была прызнаная «Найлепшым альбомам году». Але яны не сьпяваюць пра нянавісьць да Буша, як гэта робяць шмат якія амэрыканскія панк-групы. Сур’ёзная форма падачы — панк-рок-опэра — сьведчыць пра іх шырыню поглядаў. У «American Idiot» больш спачуваньня сваім суграмадзянам, чым нянавісьці да вышэйшых чыноў. Спэктар праблем, што ўздымае «Green Day» — ад атупленьня чалавека праз СМІ да пошуку прычын канфлікту ў Іраку.

Сярод пераможцаў «MTV Europe Awards 2005» аказаўся яшчэ адзін гурт, які ў сваёй творчасьці ўздымае сацыяльныя праблемы. У намінацыі «Найлепшы альтэрнатыўны выканаўца» перамогу атрымалі хлопцы армянскага паходжаньня з «System of a Down». Пасьля шалёнага посьпеху іх альбому «Toxicity» ў 2001 г. яны ўвайшлі ў вышэйшую лігу цяжкай музыкі. Удзельнікі групы неаднаразова выяўлялі сваю грамадзянскую пазыцыю — удзельнічалі ў маршах пратэсту дабрачыннага і пацыфісцкага характару.

Узнагарода групе «The Black Eyed Peas» як найлепшаму поп-праекту сьведчыць пра зьмены прыярытэтаў у гэтым кірунку. Зьяўленьне першага гіта гэтай групы ў музычных крытыкаў энтузіязму ня выклікала, але музыкі пайшлі далей за гангста-рэп-абсягі. І ў выніку толькі выйгралі: у іх музыцы знайшлося месца ня толькі манатоннаму хіп-хопу, але і фанку, соўлу і нават этна-матывам.

Пераможцы MTV Europe Awards 2005:

найлепшы сьпявак — Робі Ўільямз;

найлепшая сьпявачка — Шакіра;

найлепшая група — «Gorillaz»;

найлепшая рок-група — «Green Day»;

найлепшы хіп-хоп выканаўца — «Snoop Dogg»;

найлепшы альтэрнатыўны выканаўца — «System of a Down»;

найлепшы рытм-энд-блюз выканаўца — Аліша Кіс;

найлепшы поп-выканаўца — «The Black Eyed Peas»;

найлепшы выканаўца ў Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі — «Coldplay»;

найлепшая песьня — «Speed of Sound» («Coldplay»);

найлепшы альбом — «American Idiot» («Green Day»);

найлепшы навічок — Джэймз Блант;

найлепшы відэакліп — «Believe» («The Chemical Brothers»).

Спэцпрыз «Вызвалі свой розум» — Боб Гэлдаф.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру