Гомельскі гурт «Al Narrator Orchestra» памінаў блюзавых Дзядоў на радзіме «Басовішча».

На Дзяды ў беластоцкім клюбе «Fama» прайшлі «Блюзавыя задушкі». Гэта традыцыйны канцэрт, прысьвечаны памяці памерлых блюзмэнаў. Запачаткавалася традыцыя 23 гады таму, ад памінаньня Рышарда Скібінскага. Гэты беластоцкі блюзмэн, заснавальнік культавага гурту «Kasa chorych», памёр у 1983-м ад перадазоўкі наркотыкаў.

У клюбе сабралася клясычная пятнічная публіка. Салідныя спадары пры гальштуках і прыбраных панях з рыдыкюлямі. Альтэрнатыўная моладзь зь пірсінгам. Гімназісткі крамяныя. Адзін гэві-мэталіст. Пара добра п’яных. Паўнюткая заля. Шчасьліўцы сядзяць за столікамі, менш шчасьлівыя — на парэнчах, на падлозе перад сцэнай. Пад нізкаватай стольлю ўецца цыгарэтны дым. Увесь левы флянг займае пастаянна дзейная чарга за півам. Яна ўвесь вечар жыла сваім жыцьцём, незалежным ад таго, што адбывалася на сцэне.

Тры гурты паказалі публіцы тры розныя блюзы. Малады беластоцкі «Devil blues» імправізаваў роўна, клясычна. Але якраз devil’а-д’ябла музыцы не ставала. Не пазнаў бы іх кампазыцыі ў шэрагу іншых на блюзавым радыё. Чаму хлопцы ўзяліся за блюз? Такія маглі б і альтэрнатыўны рок граць, і нават харошы поп. Люблінскі «Terraplain», які выйшаў сьледам, наадварот, уразіў сілай унутранай матывацыі. Без аніякіх бубнаў і басоў — піяніна, гітара, вуснавы гармонік і вакал беластаччанкі Іды Залеўскай. Нягучны міжваенны блюз з адгалоскамі Вялікай Дэпрэсіі, трывожны і прыхавана-жарсны. Перад кожнай кампазыцыяй — тэарэтычная частка. Музыкі распавядалі, што яны будуць зараз граць, якія ўплывы зазнала іх музыка ў гэтым канкрэтным выпадку. Інтэлектуалы блюзу. Шквал патрыятычных авацыяў выклікала кампазыцыя на польскай мове.

Трэці ўдзельнік «Задушак» — гомельскі «Al Narrator Orchestra». Як прымуць? Беларусы выйшлі ў вясёлкавых індзейскіх апранахах. Пакуль настройваліся, публіка сядзела прыгаломшаная. Пасьля быў новы цуд. Фронтмэн «Наратара» Аляксандар Цыганок не сказаў слухачам ні слова па-польску. І па-беларуску таксама. Гаварыў выключна па-ангельску. Прычым яго лекцыі з тэорыі блюзу былі мала карацейшыя за маналёгі папярэднікаў. «Вы гэта заўсёды так жорстка з польскай публікай?» — спытаў я яго пасьля. «Ды не, — сьмяяўся Аляксандар. — Проста так легла. У Раве-Мазавецкай, дзе мы ўзялі першы прыз на фэстывалі «Noc Bluesowа», я толькі па-польску гаварыў». Гэты шчуплы невысокі чалавек на месцы забіў Беласток харызмай. Так, Залеўская сьпявала стылёва, з пачуцьцем, але такой жывой нэрвы, інтанаваньня, такой шчырасьці ня мела. Хоць у блюзе, хоць у соўле, хоць у рэгі Цыганок заставаўся жывым і пазнавальным.

Пад гомельскі аркестар у залі пачаліся актыўныя танцы. Гэта было яшчэ зьвязана з тым, што чарга за півам сябе вычарпала. Моладзь круцілася ў парах, рабіла «цягнічок» цераз усю залю, сталейшыя падпявалі там, дзе Аляксандар патрабавальна казаў: «You!» А хтосьці сядзеў і гаманіў, піва піў, не зважаючы на сцэну, хтосьці падымаўся і ішоў дадому. Блюз ні да чога не абавязвае. Але пляскалі «Наратару» ўсе, не сьціхаючы. Скандавалі «Яш-чэ!». Крычалі «Жыве Беларусь!».

Грымэрка. Стомленыя двухгадзінным граньнем блюзмэны сьцягваюць свае понча. Аляксандар Цыганок крыва паглядае на інструмэнт, які ён падстройваў пасьля кожнай песьні, і гаворыць на чыстай беларускай мове: «Гітара — гаўно». Дык чаму новую ня купіце? «Няма грошай, — Цыганок адломвае кавалак шакалядкі. — У Гомелі з канцэртамі — нулевіч. Добра во сюды запрасілі». «Ты ня ведаеш, — умешваецца акардэаніст Аляксандар Гулай, — мо тут дзе падзарабіць можна?» На стале апроч шакалядкі — негазаваная вада. Уся дзядоўская вячэра.

«Al Narrator Orchestra» — вынік творчых высілкаў Аляксандра «Наратара» Цыганка. Ён пачаў у 60-я з слуханьня «Creedance» i «Animals», пасьля захапіўся магіяй афраамэрыканскай музыкі, у прыватнасьці блюзам і соўлам. Сваімі ведамі пра блюз і блюзмэнаў Аляксандар быў гатовы дзяліцца з кожным. Адсюль мянушка «Наратар». Папярэднікам «Al Narrator Orchestra» быў гурт «Narrator», які выступаў на фэстах у Францыі й Швэцыі, а таксама ў родным Гомелі. «ANO» зьявілася ў 2000. У траўні гурт узяў першы прыз на фэстывалі «Noc Bluesowа» ў Раве Мазавецкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0