Невялікае пра вялікіх

Тыцыян і тытанізм

Чытаючы прозьвішча Tiziano, выпадкова прачытаў Тытано! Можа, з падобнай памылкі прачытаньня і пайшоў выраз «тытаны Адраджэньня» і далей «эпоха патрабавала тытанаў, і эпоха нарадзіла тытанаў». Так, эпоха Адраджэньня нарадзіла Тыцыяна, Леанарда, Рафаэля, а наш час постмадэрнізму ня можа нават вызначыць, хто зь іх большы тытан.

Рубэнс і надзіманьне

Рубэнс, пішучы карціны, надзімаў шчокі. А як інакш намаляваць такіх надзьмутых жанчын і анёлаў, такіх кругладупых прыгажунь з круглашчокімі дзецьмі? Ты паспрабуй надзьмуць шчокі, нібыта пускаеш бурбалкі ў вадзе, і скажы Пітэр (бурбалка) Паўль (бурбалка) Ру-бэнс (дзве бурбалкі). Удалося? Вядома, бо ў Рубэнса нават пяты й мезенцы й тыя надзьмутыя. Калі Леанарда параўноўваў жыцьцё з плесьняю, дык Рубэнс з бурбалкамі, без сумневаў.

Кранах і вузлаватасьць

Кранах-старэйшы сваіх людзей нібыта выточваў з вузлаватага дрэва, такія яны ў яго непразрыстыя, такія чала-чалавечныя, што жах бярэ.

Сурбаран і Хрыстос

Гляджу на «Хрыста на крыжы», напісанага Сурбаранам, і бачу ня змучанага чалавека, што бязвольна абвіс на крыжы, а размах крылаў Божага Духу. Дух лунае, а я чую блюзьнерскае пытаньне: «Ці ёсьць дзе карціна «Хрыстос зрынуты»?..»

Т’епала і Хрыстос

Калі Хрыстос выганяў з храму гандляроў, ён чуў звон срэбра, за якое і будзе прададзены. Маё назіраньне пацьвердзіў Т’епала. На палатне «Выгнаньне з храму», дзе падобны да Юды гандляр ляжыць з разьбітым носам каля місы з грашыма.

Каналета і Гулівэр

На палатне Каналета намаляваны горад ліліпутаў. У Каналета ўсе краявіды — з гарадамі ліліпутаў. Каля ягонай Вэнэцыі ў мініятуры чакаеш прыхода Гулівэра. Чакаеш, чакаеш і раптам разумееш, што ты сам той Гулівэр. Так у Барсэлёнскім акварыюме з акуламі ты таксама ператвараесься ў Гулівэра, толькі не ў Ліліпуцініі, а ў Валатаве.

Вэляскес і пёры

Стравусіныя пёры, уплеценыя ў валасы глюганосай інфанты і намаляваныя пэндзлем Вэляскеса ў XVII стагодзьдзі, дагэтуль варушацца. Ты сыходзіш з музэю-манастыру Пэдральбэс, а яны застаюцца, каб пакалыхвацца ад лёгкага даханьня наступных гледачоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру