Сквэр Сястры

Непадалёку ад чыгуначнага вакзалу ў Менску, на рагу вуліц Ленінградзкай і Сьвярдлова (некалі Каломенскай), стаіць бронзавы хлапчына. Франтаваты, фацэтны: з кудзеркамі пад брылём кепкі, з расшпіленым верхнім гузікам кашулі пад караценькай куртачкай, пры фарсістым гальштуку… Стоячы ўзбоч ходніка і хітравата прыкошваючыся, ён працягвае руку, нібы нешта ці то прапануе, ці то просіць — і ў пальцах ягоных часьцяком дыміць цыгарка: прахожыя, дурэючы, частуюць. Мінаючы яго па дарозе з вакзалу дахаты, я і да просьбаў, і да прапановаў ягоных быў абыякавы, пакуль Леанід Дранько-Майсюк не прыдумаў, што хлапчына гэты — Ваця Браніславец. А ў сквэрыку за ім, гнуткая і плаўная, бронзавая на бронзавай лаўцы, — Маня Ірмалевіч. У капялюшыку, трохі фрывольная, але што ж: часы зьмяніліся…

Наўрад ці скульптар ці архітэктар, займаючыся гэтым куточкам гарадзкой прасторы, думалі пра тое, каб выявіць у бронзе герояў раману Кузьмы Чорнага «Сястра». Хоць гэта якраз тут, каля вакзалу, дзе была цырульня былога камісара Абрама Ватасона, які «паразумнеў, голячы разумныя твары», і пачынаецца дзея раману. Побач з гэтым сквэрыкам, тады Каломенскім, у доме, дзе гаспадарыў Радзівон Цівунчык, які жыў «выключна па сваіх прыватных справах», казаў усім «ганарова дзякую» і даводзіў: «Мы ўсе павінны быць народныя людзі». Тут завязваўся вузел сюжэту, тут скрыжаваньне, на якім сыходзіліся і разыходзіліся героі раману — аднаго з найлепшых твораў беларускай прозы. Ён і ў сусьветнай прозе далёка ня горшы, проста не заняў (ня лёс, ня склалася) належнае яму месца. Янка Брыль назваў яго «месцамі геніяльным». Ну, калі месцамі, тады большымі, бо ў ім нават эпізадычныя (нават безь імені) пэрсанажы выпісаны, як характары. Вунь мужык на хутары з «тварам абветраным, няголеным», з валасамі, якія «густа шчацініліся да самага каўняра салдацкае сарочкі», у шапцы са скураным брылём, якую ён ніколі не здымае, сядзіць сабе, з поля прыйшоўшы і плуга нацягаўшыся, самакрутку курыць і разважае:

«Яно вядома, што ніхто ня можа ведаць, што напярод будзе. Кажуць, што ў сто год на зямлі зьяўляецца адзін чалавек, які ведае напярод, што на зямлі будзе. Дык іншы зь іх сядзіць сабе рукі склаўшы ды глядзіць, як яно ўсё робіцца так, як ён прадбачыў, а іншы паглядзіць — дык жа яно нешта ня так, як яму здавалася. От тут ён і пачынае арудаваць. Каб, канечне, было па ягоным… Можна сказаць, моцныя ёсьць людзі на сьвеце…»

Пакурыўшы і паразважаўшы гэтак, ён «паволі падлажыў недакурак пад падэшву бота на падлогу і раздушыў яго; пасьля адышоўся да парога і плюнуў цераз парог у сенцы».

Га?..

Ваця Браніславец жыў з пытаньнем: «Я чужы ўсяму сьвету?!.»

Недзе тут, каля вакзалу, Маня Ірмалевіч разьвіталася зь ім…

У аддзеле ляндшафтнай архітэктуры (пры Менскім гарвыканкаме) мне назвалі імя скульптара (У. Жбанаў) і архітэктара (Б. Юрцін), якія працавалі ў былым Каломенскім, а цяпер Міхайлаўскім сквэрыку. На пытаньне пра назвы скульптур адказалі: «Мужчына» і «Дама на лаве».

Дык чаму б ня даць ім імёны?.. І сквэрык, які, па сутнасьці, назвы ня мае, а Міхайлаўскім называецца толькі таму, што прылягае да Міхайлаўскага (?) завулку, не назваць сквэрыкам Сястры?.. У гонар Кузьмы Чорнага і ягонага бліскучага раману.

— Дзе спаткаемся, Ваця?

— У сквэрыку Сястры.

Пасядзім, пакурым, паразважаем… Моцныя, можна сказаць, ёсьць людзі на сьвеце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру