Пасьля перамогі Весяліна Тапалава на першынстве сьвету склалася ўнікальная сытуацыя: прадстаўнікі адной краіны занялі ўсе шахматныя троны. Антуанэта Стэфанава заваявала чэмпіёнскі тытул сярод жанчын, Любен Спасаў — сярод вэтэранаў. У чым сакрэт баўгарскіх посьпехаў?

У 1991 г. шахматысты з клюбу «Стратэг» у сваю чаргу трапілі на турнір у Албэну. Мяне ўразіла ня столькі арганізацыя турніру, колькі аб’яўка пра мажлівасьць зарабіць добрыя грошы, згуляўшы ноччу ў бліц. І шчырая зацікаўленасьць такімі імпрэзамі «простых баўгар».

Цікава, што шахматныя гурткі паўсталі ў Баўгарыі прыкладна ў той самы час, што ў Беларусі: «Сафійскі шахматны клюб» датуецца 1922 г., менская шахматна-шашачная сэкцыя — 1923-м. Колькасьць жыхароў у нашых краінах амаль аднолькавая, але ў 1990-я выявілася яўная перавага баўгарскіх шахматыстаў — і колькасная, і якасная. На 2005 г. у Беларускай фэдэрацыі шахмат было зарэгістравана амаль столькі ж гросмайстраў і міжнародных майстроў, колькі ў баўгарскай (таксама БФШ) дваццаць гадоў таму.

У Баўгарыі шахматная эліта карыстаецца аўтарытэтам ва ўладных колах (чэмпіёна сьвету віталі прэзыдэнт і прэм’ер-міністар), зацікаўленасьць спонсараў. Некалькі гадоў Тапалаў зьяўляецца рэклямным абліччам найбуйнейшага апэратара сувязі «Мабільтэль». Актыўнасьць шахматыстаў надае імпэту клюбным работнікам: міжнародныя спаборніцтвы рознага складу ладзяцца ня толькі ў Сафіі, а і ў Русе, Плеўне, ня кажучы пра чарнаморскія курорты. Зірніце на беларускі сайт www.chess.by і баўгарскі www.chessbg.com, каб адчуць розьніцу ў беларускім ды баўгарскім піяры і мэнэджмэнце.

Не пасьпеў Тапалаў прачытаць у парлямэнце лекцыю на тэму «Праблемы й будучыня шахмат у Баўгарыі» (яму пляскалі стоячы), як новы прэм’ер Сяргей Станішаў узяўся за праграму навучаньня шахматам у школах. Прэм’ер паглядзеў савецкі фільм «Шахматная ліхаманка» (1926): «Хай у нас таксама будзе шахматная ліхаманка!» Жартаваў, напэўна. Аднак нешта фільм Пудоўкіна з Капабланкам у галоўнай ролі даўно не круцілі на БТ…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0