Юры Пунтус пацьвердзіў рэнамэ самага пасьпяховага беларускага трэнэра. Пад ягоным кіраўніцтвам барысаўскае БАТЭ ні разу не заставалася па-за п’едэсталам чэмпіянату. Год працы ў МТЗ-РІПА — і каманда з 14-га леташняга месца скочыла на трэцяе месца, заваяваўшы «бронзу». Прыйшоў, пабачыў, перамог.

Вынікі футбольнага сэзону

5 лістапада завяршыўся 15-ты чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Канчатковае разьмеркаваньне камандаў у турнірнай табліцы наступнае: «Шахтар» (Салігорск) — 63 пункты, «Дынама» (Менск) — 50, МТЗ-РІПА (Менск) — 49, «Тарпэда» (Жодзіна) і БАТЭ (Барысаў) — па 47, «Дняпро-Трансмаш» (Магілёў) — 43, «Гомель» — 39, «Дынама» (Берасьце) — 36, «Нафтан» (Наваполацак) — 33, «Дарыда» (Ждановічы) — 29, «Лякаматыў» (Менск) — 26, «Нёман» (Горадня) — 24, «Зорка-БДУ» (Менск) — 14, «Славія» (Мазыр) — 11. Вышэйшую лігу пакінулі «Зорка» і «Славія», ім на зьмену прыйшлі «Лякаматыў» (Віцебск) і бабруйская «Белшына».

«Шахтар» на наступны год выступіць у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, менскае «Дынама» — у Кубку УЭФА, МТЗ-РІПА ў Кубку Інтэртота.

Найлепшым бамбардзірам другі раз запар стаў форвард «Нафтану» Валер Стрыпейкіс: на яго рахунку 16 мячоў.

Самсонаў трымае марку

Уладзімер Самсонаў стаў пераможцам турніру «Russian Open» сэрыі «Pro tour» па настольным тэнісе, што прайшоў у Санкт-Пецярбургу. У фінале беларус 6 лістапада абыграў леташняга пераможцу спаборніцтваў грэка Калінікаса Крэангі зь лікам 4:0. Сёлета ў беларуса гэта другая перамога на турнірах «Pro tour». Першая была атрымана ў студзені ў Харватыі.

Да фіналу ў жаночым парным разрадзе дайшлі сёстры Вераніка і Вікторыя Паўловіч. Тут яны саступілі вугоркам Крыстыне Тот і Геаргіне Пота зь лікам 1:4.

Мірны на паніжэньні

Няўдалы выступ на турніры сэрыі «Мастэрз» у Парыжы адбіўся на пазыцыях Макса Мірнага ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў. У рэйтынгу, што ўлічвае паказчыкі спартоўцаў за апошнія 52 тыдні, Мірны апусьціўся з 28-га на 35-е месца, у чэмпіёнскай гонцы-2005 — з 33-га на 34-е, у рэйтынгу парных гульцоў — з 2-га на 4-е.

Шанец паправіць становішча ў парным рэйтынгу ў беларуса ёсьць. 13 лістапада ў Шанхаі пачнецца фінальны турнір сэрыі «Мастэрз» — «Tennis Masters Cup». М.Мірнаму й швэду Юнасу Б’ёркману будуць процістаяць наймацнейшыя пары сьвету — браты Боб і Майк Браяны (ЗША), беласкурыя зымбабвійцы Ўэйн Блэйк і Кевін Ульет, Марк Ноўлз (Багамы) і Дэніэл Нэстар (Канада), Стэфан Г’юз (Аўстралія) і Ўэсьлі Мудай (ПАР), Мішэль Ладра і Фабрыс Сантаро (абодва — Францыя), Леандар Паес (Індыя) і Ненад Зімоньіч (Сэрбія).

Паралельна ў Шанхаі пройдзе і турнір наймацнейшых індывідуальных гульцоў. Матчы абяцае паказваць у жывым этэры канал «Эўраспорт». Ёсьць на што паглядзець.

АР, atptennis.com, belapan.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0