Найбольшыя нашы прэзыдэнты — гэта тыя, якія былі калісьці: Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас. Вось яны і ёсьць нашы найлепшыя прэзыдэнты, якія цяпер знаходзяцца ў «эміграцыі». Але яны вяртаюцца і будуць вяртацца. І калісь вернуцца назусім. А лукашэнкаўская палітыка... гэта яўнае парушэньне прынцыпаў нармальнага жыцьця.

— Некалькі апошніх гадоў Вы жылі за мяжой. Чаму Вы эмігравалі зь Беларусі?

— Тое, што апошнія чатыры гады я пастаянна жыў у Нямеччыне і Аўстрыі, не было эміграцыяй. Я ня быў уцекачом і не прасіў прытулку, бо знаходзіўся ў Заходняй Эўропе на творчыя запрашэньні.

— У Менску ўвесь час гаварылася і пісалася, што Вы падаліся ў эміграцыю.

— У наш час усё, што беларускае, многія хочуць завастрыць ды ідэалягізаваць. Я ж хачу заставацца творцам, і я быў творцам у Гановэры і ў Боне, як стыпэндыят гэтых гарадоў, а пасьля — у аўстрыйскім Грацы. За гэты час выйшлі тры кнігі вершаў, празь месяц выйдзе яшчэ адна, пятая ўжо на нямецкай мове. Больш таго — я ўвайшоў на поле нямецкамоўнай паэзіі і пачаў пісаць па-нямецку. Хаця не зусім дакладна па-нямецку. Я пачаў маляваць нямецкімі словамі. Дзеля гэтага прыдумаў новы жанр, які назваў «worddychte». Гэта новае слова нават для нямецкай мовы і літаратуры.

— Як успрынялі Вашы спробы нямецкія творцы?

— Яны згодна сказалі, што такога ў іх яшчэ не было. Хоць я ні ў якім разе не спаборнічаю зь нямецкімі паэтамі. Гэта было б бессэнсоўна. Яны сваю мову ведаюць дасканала, як мы сваю, у нюансах. Таму я прапанаваў сваю гульню. А зь Беларусі я прыехаў не адзін, бо ўзяў з сабою кавалак беларускага поля. Яго прызямліў у Нямеччыне і на ім пачаў вырошчваць новыя рэчы, якія сталі новыя і для нямецкай паэзіі.

— Значыць, Ваш выезд за мяжу быў таксама прамоцыяй беларускай паэзіі ў Эўропе?

— Безумоўна. Асабліва дзьве кніжкі, якія выйшлі ў Гановэры. Яны на дзьвюх мовах — беларускай і нямецкай. Дзякуючы гэтаму беларуская мова жыўцом увайшла ў кантэкст нямецкамоўнай паэзіі. Я гэта зрабіў, каб падняць статус нашай мовы, літаратуры і паэзіі. Літаратурны цэнтар, які даўней быў у Расеі, цяпер перамясьціўся ў Заходнюю Эўропу. Такую ролю, прынамсі, бярэ на сябе Нямеччына. Раней там сустракаліся эўрапейскія літаратуры, а цяпер усё больш сустракаюцца і постсавецкія. Мае «worddychte» прымусілі нямецкіх творцаў задумацца, як гэта можа быць, што нейкі беларускі паэт прыходзіць у іхняе поле, ублытваецца ў іхнія правілы гульні, парушае іх, робіць нешта, чаго самі яны не змаглі зрабіць.

— У падобнай сытуацыі доўгія гады былі, здаецца, і беларускія літаратары ў Польшчы, Сакрат Яновіч. Палякі доўгі час не маглі зразумець, што нехта непаляк можа літаратурна пісаць па-польску.

— Палова францускай літаратуры створана нефранцузамі. Таму нічога дзіўнага, што і нямецкую літаратуру могуць узбагачаць ня толькі немцы. У вас у Польшчы беларусы ўваходзяць у гэта проста натуральна.

Менск зьмяніўся ў лепшы бок

— Як гэта сталася, што Вы нядаўна вярнуліся ў Беларусь?

— Я вярнуўся б раней, але выйшла, што, калі канчаўся тэрмін стыпэндыі ў адным творчым доме, запрашаў іншы. Пасьля «Віла Лядбэрту» каля Мюнхэну мяне запрасіў дом творчасьці пад Бэрлінам. У Менску бываў толькі кароткімі наездамі, а ў мяне ж сям’я — жонка, дзеці…

— Як Ваша вяртаньне было ўспрынята афіцыйна — хтосьці гэта заўважыў?

— Найперш адрэагавала літаратурнае асяродзьдзе. У Менску я доўга не друкаваўся, цяпер трэба кампэнсаваць творчую адсутнасьць у Беларусі. Я ўжо пачаў паказвацца трохі ў пэрыёдыцы і рыхтую ў друк новы том вершаў. Супрацоўнічаю з выдавецтвамі і рэдакцыямі, якія больш-менш не залежаць ад афі-цыйнага апарату.

— Што ў Менску памянялася за той час, як Вы былі ў Нямеччыне і Аўстрыі?

— Відавочна, Менск зьмяніўся ў лепшы бок. Стаў больш упарадкаваны. Цяпер я не адрозьніваю яго ад эўрапейскіх гарадоў. Менск нават у нечым больш дасканалы ад нямецкіх гарадоў. У нас большая чысьціня і парадак. Сталіца актыўна разбудоўваецца. Людзі, калі іх параўнаць з рэкамі і ручаямі, раней ня мелі выразнага кірунку, куды плысьці. Сплываліся на плошчы, на мітынгі, каб дэманстрацыі далі ім кірунак, куды ўсім цячы далей. На жаль, нічога такога не накрэсьлілі. Але цяпер гэтыя «рэчкі і ручаіны» цякуць сваімі прыватнымі шляхамі. Куды і як цякуць — іншая гаворка. Жыцьцё людзей стала таксама больш упарадкаванае, спакойнае.

Нашы найбольшыя прэзыдэнты

— Чуючы гэта, хтосьці можа сказаць, што Вы хваліце лукашэнкаўскія ўлады.

— Хачу быць аб’ектыўны. Ёсьць за што пахваліць. За тое, што для простага чалавека. Не для мяне, які ў іншых сфэрах лётае і мае іншыя крытэры ды патрабаваньні. Аднак для звычайнага чалавека рэчаіснасьць стала больш упарадкаваная.

— А для культуры і беларускасьці?

— На жаль, тут няма за што хваліць. Найбольшы мінус рэжыму, які пераважвае ўсё станоўчае, — гэта статус Беларусі. Што рэжым прынізіў Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну, гэта ўсюды відаць. Калі ў Вене мне ўручалі літаратурную прэмію, сабраліся паслы ўсіх краін, адкуль былі ляўрэаты. А зь беларускага пасольства прыбыў толькі нейкі маргінальны чыноўнік. Іншыя зьдзіўляліся, не разумелі, чаму. Былі таксама надта зьдзіўлены, чаму ўсе паслы гавораць на сваіх мовах, а беларускі чыноўнік — не. Гэта ня робіць гонару лукашэнкаўскай палітыцы ў дачыненьні да моўнага пытаньня, якое самае відавочнае і самае балючае. На ім трымаецца ўсё, ліпіць. Я ўжо даўно сказаў і цяпер паўтараю, што найбольшыя нашы прэзыдэнты — гэта тыя, якія былі калісьці: Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас. Вось яны і ёсьць нашы найлепшыя прэзыдэнты, якія цяпер знаходзяцца ў «эміграцыі». Але яны вяртаюцца і будуць вяртацца. І калісь вернуцца назусім.

Лукашэнкаўская палітыка — яўнае парушэньне прынцыпаў нармальнага жыцьця. Усімі гэта адчуваецца, але не хапае ні моцы, ні адвагі, каб гэтую нязгоду кансалідаваць у патэнцыял, сілу, якая адвярнула б існуючы стан рэчаў.

— Але тыя, што хочуць тое зрабіць, відавочна, ня ведаюць як.

— Так. Яны звычайна па інэрцыі ідуць у нейкія арганізацыі, якія, аднак, замест таго каб зьдзяйсьняць самае галоўнае, пачалі проста прыстасоўвацца да акалічнасьцяў.

Беларускае слова павінна гучаць усюды

— Ці ёсць у паўсюдна расейскамоўнай сёньняшняй беларускай краіне хаця б адзін літаратар, які па-расейску добра піша?

— Ведаю многіх літаратараў, якія дзесяцігодзьдзямі пісалі па-расейску. Некаторыя нанава пачынаюць так пісаць. Але які з гэтага набытак, цяжка мне сказаць. А тыя, што пішуць па-беларуску, таксама занадта падзяліліся на нейкія выспачкі, кладкі, кавалачкі. Ёсьць пісьменьнікі, якія друкуюцца ў «Полымі». Іншыя нават не хацелі б там друкавацца, таму што гэта нібыта пад дахам рэжымнага холдынгу. Але дзе ім друкавацца? Я лічу, што беларускае слова павінна гучаць усюды там, дзе яно можа. Адзінае — каб без цэнзуры. Калі ёсьць такая магчымасьць, не глядзіце, што гэта левыя там ці правыя, бел-чырвона-белыя ці зялёна-чырвоныя. Друкуйцеся. Беларуская літаратура больш старажытная і важкая, чым гэтыя распадзелы, якія ў нечым умоўныя.

— Над чым цяпер працуеце?

— Спадзяюся, што да канца году выйдуць дзьве мае кніжкі, у якія ўвайшлі неапублікаваныя творы папярэдніх гадоў.

— Выйдуць у холдынгу?

— Не, у незалежным выдавецтве. За час нямецка-аўстрыйскай вандроўкі шмат назьбіралася ў мяне нататак, якія таксама хачу зьвесьці ў асобны літаратурны твор.

— Ці бачыце Вы шматабяцальных маладых беларускіх літаратараў?

— Я бачу многа маладых, якія пішуць. Важна, што многія пішуць па-беларуску. Нягледзячы на прэсінг расейскай мовы, якая запоўніла ўсе шчыліны і гучыць з усіх чыноўніцкіх вуснаў. Веру, што яны — тая сіла, якая здольная супрацьстаяць гэтай плыні.

— У сёньняшняй Беларусі існуе парадокс. Народ гаворыць на адной мове, літаратура ствараецца на другой. Такога больш у сьвеце няма.

— Аказваецца, Беларусь багатая на незвычайнасьці (сьмяецца).

Гутарыў Юрка Хмялеўскі

АЛЕСЬ РАЗАНАЎ (нар. 1947) — паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Сялец (Бярозаўскі р-н Берасьцейскай вобл.). У 1966—1968 вучыўся ў БДУ, адкуль быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. Скончыў Берасьцейскі пэдынстытут (1970). Першы зборнік паэта мусіў называцца «Адрачэньне», але быў перайменаваны крытыкамі на «Адраджэньне». Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», у 1994—1999 — часопісе «Крыніца». Увёў у беларускую літаратуру жанры вэрсэтаў, вершаказаў, пункціраў, квантэмаў. Апошнія гады жыў у Нямеччыне і Аўстрыі. Ягоны вольны ці міжвольны ад’езд супаў зь перабываньнем Быкава і Алексіевіч за межамі Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру