Зважаючы на апошнія тэндэнцыі ў сфэры недзяржаўных СМІ, узрастае роля альтэрнатыўнага распаўсюду нецэнзураванай інфармацыі. Адной з такіх магчымасьцяў стаў Інтэрнэт. «НН» прапануе агляд шэрагу сайтаў, што адносна нядаўна пачалі сваю дзейнасьць.

Вядомы маскоўскі журналіст Павал Шарамет пайшоў у віртуальнае падпольле ды стварыў разам зь іншымі журналістамі расейскамоўны сайт «Беларускі партызан» (www.belarusparti-zan.org). Паводле слоў стваральнікаў, гэта народны сайт, які робяць не палітыкі, не рэвалюцыянэры і не партыйныя прапагандысты. Ягоная мэта — ведаць праўду аб усім, што адбываецца ў Беларусі, і абараніць сваё права на распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі, а таксама права людзей на яе атрыманьне. Дызайн падкрэсьлена партызанскі, назва ды выява вусатага партызана вытрыманы ў стылістыцы апошняй вайны. Сайт зьмяшчае некалькі разьдзелаў: апэратыўная інфармацыя пра падзеі ў сфэры грамадзка-палітычнага жыцьця і эканомікі, калекцыя кніг (пераважна пра Лукашэнку), нашумелыя мультфільмы, а таксама разьдзел пад назвай «Трыбунал», на старонках якога разьмешчаны кароткія зьвесткі пра асобаў, адказных за перасьлед палітычных актывістаў, — судзьдзяў, чыноўнікаў. Сьпіс увесь час папаўняецца.

Дзьвюхмоўны (расейская і ангельская) сайт «Euramost.org» — інфармацыйна-аналітычная інтэрнэт-газэта. Вынятак — навіны «Свабоды» тарашкевіцай. Прапануе шырокі спэктар навін ад палітыкі да культуры, багата зьвестак з рэгіёнаў (пераважна з Гарадзеншчыны).

Сайт «Bel-Svoboda.net» прапануе чытачам «праўдзівую і неангажаваную» інфармацыю пра Беларусь і яе суседзяў. Група стваральнікаў выданьня плянуе знаёміць чытачоў з матэрыяламі айчынных ды замежных журналістаў, аналітычнымі аглядамі і камэнтарамі, а таксама запрашае да супрацоўніцтва ўсіх ахвотных. Таксама на сайце ёсьць магчымасьць ужо цяпер прагаласаваць за свайго кандыдата ў прэзыдэнты. На момант напісаньня матэрыялу ў віртуальных выбарах перамагае А.Мілінкевіч (38,6%). Другое і трэцяе месцы займаюць А.Лукашэнка (26,2%) і З.Пазьняк (18,7%).

Нягледзечы на перасьлед «LLL-мультаў», сайтаў сатырычнага зьместу не паменела. Але часам сатыра абражае ня толькі пэўных асобаў, але і ўсё грамадзтва. Так сайт «Extraland.net» Беларусь называе Бульбарусіяй, а насельнікаў — бульбарусамі, што, забыўшыся на свае карані, жывуць у вёсцы, у хатах з краю, і адзіным заняткам маюць гадаваньне сала і вытворчасьць самагону. Кіруе краінай кароль Лу. Аднак у паветры носіцца пах паленага гною — хутка выбары…

Яшчэ што кідаецца ў вочы — частае ігнараваньне некаторымі парталамі афіцыйнай назвы дзяржавы. Добра, калі выкарыстоўваюцца расейскія навіны, аднак калі нават паважаны Павал Шарамет сам называе краіну «Белоруссией». Чым не падстава жартаўнікам з «Extraland.net» для зьдзеклівых кепікаў?

Прапанаваны сьпіс сайтаў далёка ня поўны. Кожны вольны сам выбіраць, зь якіх крыніц атрымліваць інфармацыю і якую інфармацыю лічыць праўдзівай і бесстароньняй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру