Са зьдзіўленьнем прачытаў у «Знаках прыпынку» Ўладзімера Някляева пра тое, што «архэўцы»… ня надта ладзяць паміж сабою, яшчэ больш ня ладзяць зь «дзеяслоўцамі», у якіх да «архэўцаў» гэткія ж моцныя зваротныя пачуцьці» («НН», №41). Неяк гэта ўсё бязадрасна, не тлумачыцца чаму, ды не зусім слушна.

Бязадрасна, бо я сам «групуюся» пры часопісе «Arche», але ў мяне нармальныя адносіны і з астатнімі «архэўцамі», і зь «дзеяслоўцамі». Думаю, такія ж самыя дачыненьні і ў Андрэя Хадановіча ды ў Юрася Пацюпы, і шмат у каго іншага, каго ведаю бліжэй. Часам здараюцца непаразуменьні, але вырашаюцца яны ў рабочым парадку, без закулісных скавытаньняў.

Крыўды, пра якія піша Някляеў, насамрэч узьнікаюць з-за рэцэнзій. Бадай, самая гучная крыўда апошняга часу — Барыса Пятровіча на рэцэнзію Данілы Жукоўскага «Пісьменьнік і Пустэча» (2005. №4. Arche.). Рэцэнзія рэзкая і спрэчная. Але ж гэта ня вырак і ня «чорная метка». Крытык не аналізаваў біяграфіі празаіка або яго рэдактарскую дзейнасьць — а толькі тэксты з кнігі «Шчасьце быць…».

Слушнасьць у тым, што крытыцы «Arche» перашкаджае ідэалягічная зададзенасьць (і ня толькі «нацдэмаўскія» ўстаноўкі, але і нейкія дзіцячыя пошукі абстрактнага пазытыўнага, дзейснага героя — праз адсутнасьць якога нярэдка дастаецца і Мудрову). Але я ніколі не паверу, што з дапамогай крытыкі «архэўцы» зводзяць прыватныя рахункі.

Пара белпісьменьнікам навучыцца рэагаваць на адмоўную крытыку «бяз выклікаў на дуэль». Бо, з улікам сёньняшніх крыўдаў, выглядае, што «крытычная» крытыка — гэта нейкая змова цёмных сілаў, у нашым выпадку, нейкіх езуіцкіх «архараўцаў».

Мне таксама абсалютна не спадабалася рэцэнзія на мой зборнік «Прывід вясны», што была зьмешчана ў «Дзеяслове» (№8, 2004). Ірыну Шаўлякову натхнілі радкі анатацыі, якую яна старанна абмяркоўвала на працягу ўсяго караценькага агляду. Я так і не зразумеў, чаму канцэптуалізацыя (напэўна, зборніка) можа паяднаць «сэнсавы скразьняк» з «фарматворчым насмаркам». А хацелася б яшчэ пачуць развагі пра вершы. Бо анатацыя пішыцца для чытачоў-пакупнікоў, а не для крытыкаў.

Але крыўды ў мяне няма. Ніякіх сьлёз і скаргаў. І адносіны зь «дзеяслоўцамі», прынамсі з майго боку, у мяне прыязныя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру