Чуткі пра выключэньне «НН» з падпіснога каталёгу на першае паўгодзьдзе 2006 г. выклікалі хвалю чытацкіх водгукаў на нашым інтэрнэт-форуме. Чытачка Сьвятлана напісала: «Я прывыкла шточацьвер ісьці ў шапік па «НН» — гэта адзін з элемэнтаў майго асабістага шчасьця. Ніякія таўстамясыя ідыёты ня могуць лезьці ў мой сьвет і забіраць маю газэту».
Нямала прапановаў прыйшло наконт магчымасьцяў далейшага распаўсюду. Яны будуць у разе патрэбы ўсе ўлічаныя.
Чытач, які прыкрыўся псэўданімам «PDF nas vyratue», прапанаваў ня толькі варыянт распаўсюду, але і сваю дапамогу: «Я згодны заплаціць за «НН» у PDF і раздрукоўваць яе на сваёй друкарцы бясплатна накладам да 50 штук і дасылаць па пошце ў любы рэгіён Беларусі. Ад ахвотных атрымліваць газэту такім чынам спатрэбіцца толькі аплаціць паштовыя паслугі на рассылку. Адна тэхнічная праблема — прыйдзецца вярстаць газэту так, каб яе раздрукоўваць на А4. Калі такіх людзей знойдзецца хаця б 100, мінімум 5000 газэтаў будзе распаўсюджана».
Чытач akuj падсумоўвае: «Пра рассылку — вядома ж, гэта жорстка звузіць аўдыторыю, але гэта варыянт важны ва ўмовах аблогі і інфармацыйнага голаду. Гэта будзе рэальны клюб, а гэта зможа скансалідаваць чытацкую аўдыторыю. Цяпер — час вызначыцца: я з «НН» ці не, і на што я здольны пайсьці? Адначасова вызначыцца: «НН» — гэта толькі газэта ці нешта большае? Пра сябе скажу: буду імкнуцца атрымаць Вас у такім фармаце, у якім гэта толькі будзе дасягальна».
Чытачы таксама горача выступаюць за правядзеньне акцыяў пратэсту ў выпадку забароны. Гэтак, чытачка Сьвятлана прапануе: «Чытачам Нівы трэба сабрацца і з газэтаю ў руках прыйсьці ў галоўны офіс «Белпошты». Стаць там і маўкліва чытаць газэту. Паралізаваць ім працу. Нас тысячы, і мы добрыя грамадзяне гэтай краіны, няма чаго дазваляць згнюшчацца з нашых інтэлектоўных патрэбаў». «Забяруць і адпусьцяць, — падтрымлівае ідэю пра акцыі пратэсту Hedymin. — Іхнай галоўнай задачай зьяўляецца прадухіленьне грамадзкай агалоскі. А арышты могуць прывесьці да яшчэ большых акцыяў пратэсту».
Мы разгледзім гэтыя прапановы.
Чытач «Nas vyratue PDF» прапанаваў ціснуць на «Белпошту» ня толькі з гэтага, але і з таго боку дзяржаўнай мяжы: «Добра было б папрасіць Эўразьвяз забараніць уезд у яго межы адказным чыноўнікам «Белпошты», якія фармальна прынялі гэтыя рашэньні. Няхай адпачываюць на Нарачы».
А «Абураны» адгукнуўся вершам:
Вы ўмееце толькі душыць і рэзаць,
У скрайнім разе — пінаць нагой.
Я не забуду, таварыш цэнзар,
на забарону слова майго.
Я ня з каменю, не з жалеза —
Мяне, напэўна, лёгка забіць,
Але... Я не забуду, таварыш цэнзар,
І вам ня дам пра гэта забыць!
Дзякуем усім, хто выказаў нам падтрымку.
Падпісчыкі і распаўсюднікі могуць пакідаць свае адрасы або на Інтэрнэт-форуме, або дасылаць на e-mail: [email protected], або на звычайны паштовы адрас.





