На гэты год бюджэт мусіў атрымаць 100 млрд рублёў ад продажу дзяржаўнай маёмасьці. У лістападзе ўрад скарэктаваў заданьне. Са ста мільярдаў ... да двух.

Беларусь больш не прадае ні «Белтрансгазу», ні прадпрыемстваў нафтахіміі, ні піўной галіны. Продаж дзяржмаёмасьці магчымы толькі пры зьяўленьні грунтоўных замежных інвэстараў, якіх папросту няма. Унутры краіны дзейнічае адзін «інвэстар» — дзяржава, і ў Беларусі поўным ходам ідзе адваротны прыватызацыі працэс — нацыяналізацыя. Не праходзіць і тыдня, каб на нейкім ААТ не праходзілі зборы акцыянэраў, на якіх «праціскаецца» павелічэньне долі дзяржавы да 99,9%.

«Залатая акцыя» ўведзена на «Алесі», «Лідзкай лякафарбе», «Сьветлагорскім ЦКК», «Менскім фарфоравым заводзе». Дзяржава накладае лапу на ўсё, што працуе.

На наступны год пляны даходаў ад продажу дзяржаўнай уласнасьці закладзены ўжо рэальныя — у памеры 1,2 млрд. Гэта эквівалентна сямі крамам у вёсцы. У Мінэканомікі й Мінфіне кажуць: навошта прадаваць акцыі, калі дзяржава — самы эфэктыўны кіраўнік? Здалі дзяржаўную маёмасьць у арэнду, атрымалі прыбытак ад тых прадпрыемстваў, якія яго маюць, дадалі паступленьні ў бюджэт ад дывідэндаў на акцыі акцыянэрных таварыстваў, дзе ёсьць доля дзяржавы. Што да прыватызацыі, то працэс фактычна замарожаны. Самае большае, што могуць сабе дазволіць на прадпрыемствах, — гэта так званае «ўмоўнае акцыянаваньне» прадпрыемства, калі 1—2% маёмасьці перадаюцца працоўнаму калектыву, астатняе ж захоўвае за сабой дзяржава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0