Гэта — знак.

Выключэньне «Нашай Нівы» з падпіснога каталёгу — гэта знак таго, што больш ніякіх ілюзій ні ў кога з інтэлігентных людзей у Беларусі адносна сапраўднай сутнасьці цяперашняй улады проста не павінна заставацца. Змагаюцца не зь дзелавымі ці грамадзка-палітычнымі выданьнямі. Змагаюцца з іншадумствам як такім.

Я даўно чытаю «Нашу Ніву». Не заўсёды і не ва ўсім пагаджаўся — і пагаджаюся — зь яе пазыцыяй. Але заўсёды прызнаваў яе права і права яе аўтараў апэляваць да сваіх чытачоў — у тым ліку і да мяне, нязгоднага, несупадальнага, ня надта любімага (калі гаварыць пра Фядуту як пра аўтара). Гэта — прымета дэмакратыі.

Да ўлады ў асобах спадароў Ганчарэнкі (міністар сувязі) і Русакевіча (міністар інфармацыі) заклікаць бессэнсоўна. Спадар Праляскоўскі і іншыя гадаванцы латыпаўскай адміністрацыйнай школы таксама прадэманстравалі, на што яны здольныя. Таму іх пазыцыя мяне не цікавіць.

Мяне цікавіць пазыцыя зусім іншых людзей.

Успомнім іх пайменна.

1. Анатоль Лемяшонак, старшыня Саюзу журналістаў Рэспублікі Беларусь. Няхай выкажацца.

2. Павал Якубовіч, галоўны рэдактар самай тыражнай і самай прафэсійнай дзяржаўнай газэты краіны. Няхай выкажацца.

3. Леанід Екель, былы кіраўнік Саюзу журналістаў. Няхай і ён, які столькі гадоў маўчаў, выкажацца — калі засталося, чым выказвацца, канечне, і каму.

Няхай выкажуцца. І калі яны мысьляць так, як улада, няхай цяпер падтрымаюць яе рашэньне публічна. Урэшце, усе мы самі вызначаем уласную будучыню. Яны — таксама. Няхай вызначаць яе цяпер.

Але — ня толькі пра іх гаворка.

Цяпер, пакуль мы яшчэ атрымліваем газэту з рук паштальёнаў, прашу ўсіх, хто прачытае гэты мой тэкст, перадаць у рэдакцыю «Нашай Нівы» ўсе адрасы яе сёньняшніх падпісчыкаў і чытачоў. Газэта з такой гісторыяй не павінна памерці паводле пастановы нейкага паштмайстра. Яе лёсамі распараджаемся мы — чытачы. І я хачу і буду чытаць «Нашу Ніву», нават калі я ня згодзен зь яе пазыцыяй.

Гэта — маё права. І калі я здамся, адмоўлюся ад права чытаць, думаць, дыхаць, дык — як жыць тады?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру