Злая Вядзьмарка Пусткі ператварыла 18-гадовую Сафі ў старую, прыраўнаваўшы гераіню да чараўніка Хаўла. Старая Сафі наймаецца ў палац Хаўла прыбіральшчыцай і дамаўляецца з хатнім агеньчыкам Кальцыфэрам аб дапамозе.
У японскай анімацыі ёсьць жанр фантастычных фільмаў, дзе дзеяньне адбываецца ў XIX ст. і рэтрамашыны суседнічаюць з чарадзействам. Фэнтэзі брытанкі Даяны Джоўнз зьявілася сыравінай для японскага шэдэўру Хаяа Міядзакі з кактэйлем магіі й тэхналёгіі, дзе самалёты віктарыянскай эпохі лётаюць з прывідамі.
Але самае незвычайнае і дзівоснае — мэханічны Замак, з іржавымі комінамі, сталёвым языком і на курыных лапках. У адрозьненьне ад хаты бабы-ягі, Палац не саромеецца тэхнікі, любіць павандраваць ды з улікам памераў мае ня дзьве, а чатыры лапы.
Міядзакі стварыў ня проста чараўнічую прыпавесьць. Фільм — паэтычная антываенная казка. У краіне магіі й рэтрамоды ідзе вайна, страшная й бессэнсоўная, дзе чараўнікі мабілізаваныя на вайсковую службу. Але зло тут не перамагае. Нават злая ведзьма стане бясшкоднай бабулькай з пацешнымі звычкамі.
Фільм — псыхалягічная дакладнасьць, неймаверная прамалёўка дэталяў, ашаламляльная фантазія — і цяпло дабрыні.
Карціна, якую ні ў якім разе ня варта прапускаць.
❏
«Хадзячы замак» («Hauru no ugoku shiro»)
Японія, 2004, каляровы, 119 хв.
Жанр: анімэ, казачна-паэтычныя прыгоды паводле раману Д.Джоўнз.
Адзнака: 9 (з 10).





