Артур Клінаў прэзэнтаваў візуальную паэму «Горад СОНца»

10 лістапада ў «Галерэі сучаснага мастацтва» мастак Артур Клінаў прэзэнтаваў фатакнігу «Горад СОНца». Прадстаўніца галерэі Ларыса Міхневіч сказала: «Гэты альбом не падобны на ўсё, што было зроблена раней», а кіраўнік творчага аб’яднаньня фотамастакоў Сяргей Кажамякін адразу прапанаваў Клінаву далучыцца да таварыства.

Клінаў складаў фатакнігу пяць гадоў, выбіраў незвычайныя ракурсы — і Менск раскрыўся як прывабны й страшны горад увасобленае Ўтопіі. Палац Рэспублікі, стадыён, халодны ампір сталінскае архітэктуры. І нават старасьвецкія будынкі выглядаюць у альбоме сном сярэднявечнага камуніста.

«Менск — гэта міт, — падкрэсьлівае Артур Клінаў, — гэта ўвасобленая ўтопія Кампанэлы, адзіная ў сьвеце ідэальная рэалізацыя «Гораду СОНца».

Нават камуністычная Масква была няздольная зьдзейсьніць гэты праект, бо пабаялася цалкам зьнішчыць старыя храмы й помнікі. Разбомблены Менск стаўся чыстым аркушам, які ўпадабала ўтопія.

Валянцін Акудовіч адзначыў, што невялічкая прадмова Клінава да фатакнігі — адно з найлепшых эсэ пра Менск. «Артур здолеў сфармуляваць трансцэндэнтную ідэю Менску. Гісторыя Менску — не ў падзеях, што адбываюцца, а ў разрывах паміж падзеямі. Гэта мэтафара Менску як помніка ўсім Мінскам-Менскам, якія існавалі ад самага пачатку».

Філёзаф Алесь Анціпенка зацікавіўся снамі «Гораду СОНца» і прыкмеціў эратычныя сьцені вянкоў і будынкаў. А культуроляг Максім Жбанкоў ухваліў складаньне «каталёгу мрой, выставу артэфактаў нашай агульнае несвабоды». «Клінаў — гэта змрочны прывід партызана на глямурным фуршэце. Гэта Экзарцыст — нястомны змагар з д’яблам па мянушцы Дзяржзаказ».

Незвычайныя вобразы Менску зьдзівілі й чыноўнікаў гарадзкой адміністрацыі, якім раней паказвалі альбом, — хаця шыльды «праспэкту Скарыны» на старых фота іх напалохалі.

Клінаў параўнаў утапічны Менск з эгіпецкай пірамідай. Але ці не зьяўляецца захапленьне камуністычнай утопіяй яе апраўданьнем? «Часткова так, — адказаў мастак. — Камуністычная ідэя шчасьця як арт-праект мне сымпатычная. Гэта частка нашага дзяцінства. Можна быць антыкамуністам, але гэта тое, што ўжо немагчыма выкараніць».

Цяпер у плянах мастака — балет «Гораду СОНца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру