Футбольнае і каляфутбольнае асяродзьдзе ўстрывожылася апошняй навіной пра тое, што сталічны клюб «Тарпэда» можа спыніць існаваньне.

Каманда, заснаваная ў 1947 г., празь фінансавыя праблемы ці нежаданьне кіраўніцтва МАЗу ўкладваць сродкі ў каманду, апошнім часам зазнала шмат праблем. У 2004 г. клюб даволі пасьпяхова выступаў у вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату, але празь фінансавыя праблемы апынуўся ажно ў другой лізе. Ня склаў рук, без аніводнай паразы прайшоў увесь турнір. Пераможнае шэсьце суправаджалася абяцаньнямі адрадзіць гонар заводу, вырашыць пытаньне маштабнай рэарганізацыі інфраструктуры. Нічога не адбылося.

І вось цяпер робіцца заява пра зьліцьцё «Тарпэда» зь іншым менскім клюбам (магчыма, «Зьменай»), зьмену назвы і адмову кіраўніцтва прадпрыемства ад апекаваньня клюбам.

Шматлікія заўзятары клюбу з такім разьвіцьцём падзей зусім ня згодны. Найбольш актыўныя зь іх 14 лістапада зладзілі акцыю пратэсту каля прахадной МАЗу. Час для правядзеньня пікету быў выбраны ўдала — заканчвалася працоўная зьмена. Рабочым раздаваліся ўлёткі з адпаведным зьместам і характэрным зваротам «Мужыкі!». Надпісы на расьцяжках заклікалі не дапусьціць зьнішчэньня «Тарпэда». Адна з расьцяжак была выканана па-беларуску: «Забіваючы «Тарпэда» — забіваеце нас!». Доўжыўся пікет каля 10 хвілін, пакуль заводзкая ахова не пачала адбіраць расьцяжкі. Затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку аднаго з удзельнікаў-«зуброўцаў». Затрыманых неўзабаве адпусьцілі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру