Беларусі варта ўжо цяпер ствараць дзейсную сыстэму інтэграцыі эмігрантаў у грамадзтва. Вось навука з францускіх падзеяў.

Рэпартажы з Францыі абуджаюць школьныя ўспаміны. Паглядаючы на мапу на экране тэлевізара, міжволі прыгадваеш гістарычны атляс, у якім месцы галоўных бітваў былі пазначаныя маленькімі пажарамі. Што ні горад — то агеньчык.

Падзеі ў Францыі нельга назваць грамадзянскай вайной. Там ваююць не сусед з суседам, а супраць сыстэмы ва ўласнай дзяржаве. Францыя стварыла прэцэдэнт грамадзянскага тэрырызму на сучасным эўрапейскім кантынэнце.

Чаму так складана разабрацца ў тым, што адбываецца ў Францыі? Бо на паверхню вылезьлі ня толькі ўласна францускія, але й агульнаэўрапейскія праблемы. Падзеі ў Францыі засьпелі кантынэнт зьнянацку, і гэта зьдзіўляе. Цяпер можна доўга спрачацца наконт таго, хто вінаваты — дзяржава ці эмігранты, — аднак спрагназаваць выбух было нескладана: дастаткова было прайсьціся па эмігранцкіх кварталах.

Бандыты ці змагары?

А вы б шпульнулі ў жывога паліцыянта «Кактэйлем Молатава»? Згадзіцеся, каб наважыцца на такое, варта быць адчайным бандзюганам. І можна зразумець міністра ўнутраных справаў Нікаля Сарказі, які заклікае называць бунтаўнікоў «ня моладзьдзю, а швальлю». Хочаш жыць у краіне — падпарадкоўвайся закону. Аднак варта тады прызнаць і за эмігрантамі права патрабаваць ад дзяржавы зацікаўленасьці ў сваіх праблемах.

«Шваль» выплюхвае на вуліцу тую самую злосьць, якую носяць глыбока ў сябе нават самыя інтэлігентныя з эмігрантаў, якія прыехалі ў Францыю па лепшае жыцьцё, але былі вымушаныя разьвітацца з марамі.

Погляд зь Нямеччыны

Ці можа нешта падобнае адбыцца ў іншых эўрапейскіх краінах, напрыклад, у Нямеччыне? Бадай, галоўнае адрозьненьне паміж дзьвюма краінамі палягае ў тым, што француская інтэграцыйная палітыка грунтуецца на асыміляцыі (прыклад — забарона насіць хіджаб у навучальных установах), а нямецкая — на дыфэрэнцыяцыі, прызнаньні таго, што людзі могуць жыць разам, але адрозьнівацца адзін ад аднога. Наколькі пасьпяхова гэта робіцца — у адным і іншым выпадку — ужо іншая справа.

У пэўным сэнсе немцам пашанцавала: ім даводзіцца ў першую чаргу мець справу з турэцкімі, а не афрыканскімі эмігрантамі. Турэччына на ўсіх парах рухаецца ў бок Эўропы. Прэм’ер Таіп Эрдаган ужо заклікаў турэцкіх эмігрантаў у Нямеччыне ўстрымацца ад гвалту, а сваю энэргію скіраваць на інтэграцыю ў нямецкае грамадзтва.

У адрозьненьне ад Турцыі, Афрыка пасьпела за апошняе стагодзьдзе назапасіць ладны досьвед антыкаляніяльных паўстаньняў. Сваю крыўду за крывавае мінулае і несправядлівую сучаснасьць яна вылівае на вуліцы былой мэтраполіі. Сапраўды, зь якой прычыны табе будзе весялей жыць у гета пад Парыжам, чым тваім продкам у калянізаваным Альжыры? У пэўным сэнсе жыць у гета нават больш крыўдна, бо такі недасяжны для цябе дабрабыт знаходзіцца не па іншы бок Міжземнага мора, а ў суседнім заможным раёне. Толькі руку працягні.

Дэзынтэграцыя насельніцтва не прыняла ў Нямеччыне такіх рэзкіх формаў, як у Францыі, але пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ды скарачэньне сацыяльных праграмаў дапамогі эмігрантам пагражаюць зьвесьці ўсе посьпехі на нішто.

У Нямеччыне пакуль няма гета ў звычайным, прынамсі францускім, сэнсе слова. Эмігрантаў трымаюць на жорсткім кантролі, ужо адным гэтым так ці іначай уключаючы іх у сыстэму нямецкага грамадзтва. Але нават нягледзячы на тое, што «спрыяньнем талерантнасьці» займаецца ня толькі дзяржава, але і безьліч разнастайных НДА ды фондаў, праблемы эмігрантаў у Нямеччыне ды Францыі збольшага аднолькавыя: беднасьць, беспрацоўе, непрыняцьце з боку карэннага насельніцтва. І ў Францыі, і ў Нямеччыне атрыманьне грамадзянства не дае гарантыі, што ты зробісься часткай грамадзтва. Усьведамленьне гэтага эмігрантамі вядзе да гетаізацыі іх сьвядомасьці. Крыўда нараджае злосьць.

Голас Афрыкі

Ёахім Мукавэле налыса голены, у элегантных акулярах, апрануты ў бездакорны касьцюм з модным гальштукам. Ён нарадзіўся ў Мазамбіку, вучыцца ва ўнівэрсытэце Гумбальта ў Бэрліне. «Мая краіна не была калянізаваная Францыяй, таму я магу выказаць толькі погляд збоку, — кажа ён. — Уявіце сабе, што ў вас на пальцы драпіна. Здаецца — дробязь, але не пасьпееце заўважыць, як у вас пачне гнаіцца ўся рука. Тое ж адбылося і ў Францыі. Француская дзяржава лічыла, што пра эмігрантаў неабавязкова надта клапаціцца — дастаткова трымаць іх пад кантролем. Яны не падумалі, што ва ўмовах глябалізацыі пра хваляваньні пачне гаварыць увесь сьвет. А эмігранцкая моладзь выдатна разумее, што пра іх дзеяньні цяпер ведаюць нават у Амазоніі. І таму яны ня спыняцца».

Прадстаўнікі былых францускіх калёніяў рэагуюць больш эмацыйна. Фатумата Сір Дыякітэ, амбасадар Малі ў Нямеччыне, гаманкая і баявая жанчына, з каменным выразам твару адварочваецца, пачуўшы просьбу патлумачыць паводзіны афрыканскіх эмігрантаў у Францыі. Бачна, што справа ня толькі ў тым, што дыпляматычны статус не дазваляе ёй камэнтаваць падзеі ў іншай краіне. Францыя — ня самая зручная тэма.

Жэрмэн — тыповая студэнтка, якая ашчаджае кожны цэнт са сваей стыпэндыі, атрыманай для навучаньня ў далёкай Нямеччыне. Укладзеныя на эўрапейскі лад жорсткія валасы, недарагія джынсы, на плячах шалік з афрыканскім малюнкам. «Няправільна дамагацца свайго праз вандалізм, — кажа яна. — Але я не лічу, што варта надта ўжо вінаваціць моладзь у тым, што адбываецца. Хіба ня бачна, у якіх умовах яны жывуць? А калі па тэлевізары паказваюць адно, так і ведай, што насамрэч справы яшчэ горш. Многія нават вадаправоду ня маюць. Калі падумаеш пра тое, як Францыя выкарыстоўвала і выкарыстоўвае Афрыку, робіцца дзіўна, чаму такое не пачалося раней». Пачуўшы просьбу назваць яе прозьвішча і ўнівэрсытэт, у якім яна вучыцца, Жэрмэн спужана хітае галавой: «Я хачу, каб усё было ананімна. Ведаеце, Францыя дагэтуль мае вялікі ўплыў у маёй краіне. Ім не спадабаецца, што я так думаю. А я яшчэ хачу вучыцца ды жыць».

Афрыканскі ключ

Можа быць, варта шукаць карані канфлікту не ў Парыжы, а на самім чорным кантынэнце? Калі б у Афрыцы было добра жыць, не штурмавалі б эмігранты Эўропы.

«У глябалізаваным сьвеце праблема бясьпекі ня мае межаў, — кажа амбасадар Этыёпіі ў Нямеччыне Гіру Амануэль. Нельга спадзявацца жыць у спакоі, калі маеш гета пад бокам. Калі Эўропа жадае знайсьці вырашэньне праблемы масавай эміграцыі з Афрыкі, ёй давядзецца знайсьці вырашэньне праблемы разьвіцьця Афрыкі».

Нават Нямеччына не заўседы паводзіць сябе па-братэрску, асабліва калі размова ідзе пра грошы. «Сусьветны рынак кавы гуляе па нячэсных правілах, — кажа Г.Амануэль. — Нямеччына зьяўляецца найбуйнейшым экспартэрам этыёпскай кавы. І з кожнага эўра, які плоціць нямецкі спажывец за каву, у Этыёпію трапляе толькі адзін цэнт, які дзеляць паміж сабой фэрмэр, экспартэр і дзяржава. Калі б да іх трапляў не адзін, а хаця б тры цэнты, узровень жыцьця ў краіне мог бы кардынальна вырасьці».

Доктар філязофіі Дэніс Туль з Фонду эканомікі і палітыкі (Бэрлін) мяркуе, што ў адрозьненьне ад Францыі, Нямеччына ня мае нацыянальных інтарэсаў у Афрыцы. «Аналіз афіцыйных дакумэнтаў паказвае, што канкрэтных нямецкіх інтарэсаў у адносінах Афрыкі практычна не існуе. Кантынэнт разглядаецца ў рамках агульных праблемаў — беднасьці, тэрарызму, СНІД і г. д. У нямецкім урадзе і парлямэнце не хапае людзей, якія могуць кампэтэнтна займацца афрыканскімі праблемамі». Прафэсар лічыць, што Эўропа павінна пачаць успрымаць Афрыку не як адсталы кантынэнт, а як сукупнасьць «нармальных краінаў». «Наступ эмігрантаў на крэпасьць пад назвай Эўропа зусім не абавязкова павінен адбыцца. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца эканоміка Афрыкі і дэмаграфічная сытуацыя».

Ключ да вырашэньня францускай праблемы варта шукаць на самім чорным кантынэнце. Але дзе тут чакаць дапамогі мільенам афрыканцаў ад бабулькі-Эўропы, калі ў Францыі не хапае рэсурсаў, каб вырашыць праблему эмігрантаў на сваёй уласнай глебе? Так ці іначай, альтэрнатывай Эўропе адкрытай для іншых народаў можа быць толькі «Эўропа для эўрапейцаў» (белых? хрысьціянаў?). Прамежкавы варыянт — гэта тое, што адбываецца цяпер у Францыі. Ні рыба, ні мяса.

Беларускія матывы

Існуе спакуса назваць Беларусь аазісам стабільнасьці ў параўнаньні з палаючай Францыяй. Аднак чыя заслуга ў тым, што ў нас такі нізкі ўзровень жыцьця, што нават эмігранты з самых бедных краінаў ня дужа імкнуцца пускаць тут свае карані? І як бы паводзіла сябе дзяржава, калі б Шабаны ператварыліся ў эмігранцкае гета? Выяжджала б на славутай беларускай талерантнасьці? Калі Беларусь мае пляны на заможнае жыцьцё, варта ўжо зараз ствараць сыстэму дзейснай інтэграцыі эмігрантаў у грамадзтва. Зачыніць межы — ня выйсьце. А талерантнасьці нам яшчэ давядзецца вучыцца.

Нават зараз у цывілізаванай Эўропе хапае людзей, якія лічаць афрыканца за малпу нават тады, калі ён мае ступень доктара навук. «Эмігранты — лайдакі, якія жадаюць, каб дзяржава дала ім усё», — скажа нехта. Ды толькі патрабуюць яны не максымуму, а мінімуму — роўных умоваў і магчымасьцяў. «Але ж ім жывецца лепш, чым у Афрыцы», — прыводзіцца другі аргумэнт. Найчасьцей гэта сапраўды так, але хіба эмігрант, які атрымаў права жыць у Францыі, будзе вымяраць свой дабрабыт адносна ўзроўню жыцьця сваіх былых суайчыньнікаў? Няўжо ён ня мае права мераць сябе меркай звычайнага француза? Тым больш, што сярод бунтаўнікоў хапае дзяцей эмігрантаў, якія зьяўляюцца францускімі грамадзянамі па нараджэньні.

Існуе спакуса абгрунтоўваць бунты ў Францыі асаблівасьцямі псыхікі чарнаскурага насельніцтва. Але такая лёгіка — банальны расізм. Марадэр з-пад Парыжу нічым ня горшы за п’янага нэанацыста, які ў цягніку ля Нюрнбэргу абзывае студэнта Алі з Сэнэгалу афрыканскай малпай. Бунт выкліканы ня тым, што афрыканцы дрэнныя і жорсткія ад прыроды, а тым, што сыстэма дала збой.

Эўропа сутыкнулася са старажытнай беларускай праблемай — патрэбай у самаідэнтыфікацыі. Межы зьнікаюць, людзі перасяляюцца ў чужыя краі, зьмяняючы твары краінаў. Францыя б’ецца ў сутаргах, мяняючы сваё аблічча. Ці знойдзе яна сілы зірнуць у люстэрка і прыняць сябе такою, якой яна ёсьць?

Альтэрнатывай Эўропе адкрытай для іншых народаў можа быць толькі «Эўропа для эўрапейцаў» (белых? хрысьціянаў?). Прамежкавы варыянт — гэта тое, што адбываецца цяпер у Францыі. Ні рыба, ні мяса.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру