Замежная прэса перамывае косткі новым крамлёўскім фаварытам.

Прэзыдэнцкая гонка ў Расеі пачалася — такую выснову робяць журналісты буйных выданьняў. Міністар абароны Сяргей Іваноў зрабіўся па сумяшчальніцтве віцэ-прэм’ерам, а кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітры Мядзьведзеў перасеў на крэсла віцэ-прэм’ера, саступіўшы былую пасаду цюменскаму губэрнатару Сяргею Сабяніну. Хто зь іх мае найбольшыя шанцы сесьці на месца Пуціна ў 2008 г.?

І бязьмежная вернасьць патрону

Брытанская «Гардыян» называе тое, што адбылося, «нечаканай ператасоўкай»: «Пуцін упершыню зрабіў адкрыты намёк на тое, каму, магчыма, ён даверыць уладу ў 2008 г.». На думку «Гардыян», ход Пуціна дапаможа запоўніць палітычны вакуўм, які ўтварыўся празь бязьдзеяньне Крамля і актывізацыю апанэнтаў расейскага прэзыдэнта. «Гардыян» адзначае вернасьць Крамля традыцыі ставіць на высокія пасады малавядомых палітыкаў кшталту цюменскага губэрнатара Сяргея Сабяніна. Разам з тым перастаноўкі не абяцаюць нічога добрага прэм’еру Фрадкову, якому давядзецца праставаць дарогу камусьці зь віцэ-прэм’ераў, узяўшы на свае плечы цяжар віны за палітычныя няўдачы апошняга часу.

«Гардыян» прыводзіць словы ананімнай крыніцы ў Крамлі, паводле якой найбольшыя шанцы зрабіцца пераемнікамі Пуціна маюць Мядзьведзеў і Іваноў. Пры розьніцы характараў іх аб’ядноўвае бязьмежная ляяльнасьць патрону. Пры гэтым Пуцін мае больш блізкія дачыненьні з Івановым, чым з адносна маладым Мядзьведзевым.

«Гардыян» робіць наступную выснову: перастаноўкі ва ўрадзе Расеі сыгналізуюць пра тое, што памяркоўныя калякрамлёўскія колы атрымалі перамогу над сілавікамі савецкай загартоўкі.

Ход трыма фігурамі

У адрозьненьне ад «Гардыян», якая сьцьвярджае, што Іваноў ня рвецца ў прэзыдэнцкае крэсла, журналісты «Таймз» прадказваюць жорсткую барацьбу паміж Сяргеем Івановым і Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Газэта таксама паставіла крыж на «бляклым» Фрадкове, ад якога Пуцін «пазбавіцца ў наступным годзе, калі прэзыдэнцкая кампанія набярэ абароты». За два гады да выбараў прэзыдэнцкая гонка пачалася — піша «Таймз». Гэты час будзе скарыстаны для раскруткі ня надта вядомага Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Журналісты брытанскай «Файнэншыял Таймз» таксама мяркуюць, што Пуцін ставіць на Мядзьведзева. С.Іванову давядзецца задаволіцца роляй «рэзэрвовага кандыдата», які ўступіць у барацьбу толькі тады, калі з гонкі па той ці іншай прычыне выбудзе галоўны фаварыт.

«Асашыейтэд Прэс» называе кадравыя рашэньні расейскага прэзыдэнта ходам трыма фігурамі. А тое, што да выбараў яшчэ жыць ды жыць, значыць, што Іванову і Мядзьведзеву далі выпрабавальны тэрмін, за які яны павінны паказаць, на што здатныя. Таму лічыць іх прэтэндэнтамі на гонар называцца пераемнікамі Пуціна занадта рана. А Сяргей Іваноў, на якім каменем ляжыць цяжар патанулага «Курску», наагул мае невялікія шанцы атрымаць падтрымку насельніцтва.

«Файнэншыял Таймз» называе Мядзьведзева «найбольш ляяльным прыслужнікам Пуціна» і мяркуе, што «прызначэньне яго пераемнікам прывядзе да мінімальных ці наагул нулявых перамен у палітыцы Пуціна, а ўлада застанецца ў руках крамлёўскіх вярхоў». Новы першы віцэ-прэм’ер атрымае неблагую фору: месяц таму Пуцін прызначыў Мядзьведзева кіраўніком Савету нацыянальных праектаў — органу, які будзе разьмяркоўваць мільярды даляраў для выкананьня сацыяльных ды інфраструктурных праектаў.

«Файнэншыял Таймз Дойчлянд» згаджаецца: Пуцін даў старт прэзыдэнцкай кампаніі. Аднак сынхронныя прызначэньні гавораць і пра тое, што прэзыдэнт вагаецца наконт кандыдатуры пераемніка — інакш павышэньне атрымала б толькі адна асоба. І Пуціна, і Мядзьведзева, і Іванова зьвязвае месца нараджэньня — усе яны «піцерскія».

Выданьне адзначае, што Пуцін таксама зрабіўся прэзыдэнтам па прызначэньні — дзякуючы Ельцыну. Пры гэтым ён ужо пасьпеў «зьняць з дыстанцыі» такога небясьпечнага суперніка, як Міхаіл Хадаркоўскі, які цяпер сядзіць за дротам у Сібіры.

Перастаноўкі ва ўрадзе — першы крок да вызначэньня пераемніка Пуціна ў 2008 г., падводзіць рысу «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг».

«Ное Цурхэр Цайтунг» іранізуе з нагоды своеасаблівага адраджэньня манархічных традыцый пераемнасьці ўлады ў Расеі: «Такім чынам, Дзьмітры Мядзьведзеў вылучаецца ў першы шэраг патэнцыйных кронпрынцаў». Швайцарская газэта ўказвае на тое, што Пуцін загадаў накіраваць значную частку даходаў ад продажы сыравіны на разбудову нацыянальнай інфраструктуры, паляпшэньне сыстэмы аховы здароўя і адукацыі. Менавіта за гэтыя сфэры цяпер і будзе адказваць Мядзьведзеў, што дасьць яму магчымасьць «стварыць свой вобраз у вачах грамадзкасьці».

Газэта адзначае, што цесна зьвязны з «Газпромам» лібэральны тэхнакрат Мядзьведзеў лічыцца адным з галоўных апанэнтаў групы пад умоўнай назвай «сілавікі». Аднак канчаткова лёс «кронпрынца Мядзьведзева» вырашыцца не раней за 2008 г., «а да таго часу можа шмат чаго адбыцца», піша газэта.

Як і большасьць расейскіх выданьняў, «Известия» спрабуюць адказаць на пытаньне: «Што азначаюць кадравыя перастаноўкі ва ўладзе?»

Расейскімі вачыма

«Ня выключана, што для Мядзьведзева настаў час стажыроўкі перад скачком на пасаду прэм’ер-міністра і, калі ў яго ўсё пойдзе добра, ён зробіцца прафілюючым кандыдатам у пераемнікі». Іванова газэта называе «запасной кандыдатурай». Прызначэньне кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі С.Сабяніна «Известия» тлумачаць патрэбай Пуціна ў чалавеку, «максымальна далёкім ад крамлёўскіх раскладаў», які да таго ж мае сувязі з рэгіянальнымі элітамі.

«Пуцін можа разглядзець кадры нават праз чорныя акуляры», — піша «Комсомольская правда» і называе прэзыдэнцкія рашэньні «самай маштабнай перастаноўкай фігур на вялікай палітычнай мапе Расеі за апошнія пяць год».

Газэта не выключае, што адной з функцый Мядзьведзева можа быць падрыхтоўка глебы для пераходу Пуціна на пасаду прэм’ера пасьля заканчэньня тэрміну яго прэзыдэнцтва.

«Независимая газета» зьмяшчае матэрыял пад загалоўкам «Мядзьведзева кінулі на Белы дом». Перастаноўкі яна таксама характарызуе як «спэцапэрацыю «Пераемнік». Газэта не выключае магчымасьці таго, што Пуцін проста выпрабоўвае зьвязку Мядзьведзеў—Іваноў у якасьці гаспадароў Крамля і Белага дому. Разам з тым, выданьне засьцерагае ад канчатковых высноў: Пуцін заўжды дзейнічае па непрадказальным сцэнары.

«Напаўпераемнікі» — такую мянушку падабрала газэта «Коммерсантъ» для Іванова і Мядзьведзева. Выданьне прытрымліваецца думкі, што ім яшчэ давядзецца шмат папрацаваць, каб давесьці, што яны гатовы замяніць Пуціна ў 2008 г.

На думку журналістаў «Коммерсанта», гаворка ідзе ня проста пра кадравыя ракіроўкі, а пра зьмены ў самой канструкцыі выканачай улады — «малы пераварот». Урад, які пасьпеў ператварыцца ў бездапаможны тэхнічны орган, значна ўзмоцніцца з прыходам у яго людзей Пуціна. Адпаведна, варта чакаць паслабленьня пазыцый прэзыдэнцкай адміністрацыі.

«Московский комсомолец» не выключае, што Мядзьведзева маглі прызначыць «аўральным мэтадам» — у сувязі з пагаршэньнем стану здароўя М.Фрадкова. Крэсла першага віцэ-прэм’ера — «публічная, усімі вятрамі прастрэльваная пасада». Прызначэньне нясе ў сабе небясьпеку для Мядзьведзева: усё-такі Пуцін будзе прымаць канчатковае рашэньне пра пераемніка толькі праз два гады.

Праўрадавая «Российская газета» назвала кадравыя прызначэньні ня менш як сэнсацыяй, аднак тлумачыць яе сэнс даволі цьмяна. Паводле выданьня, галоўная інтрыга заключалася ў тым, каго прызначаць адказным за выкананьне «прыярытэтных нацыянальных праектаў». Газэта захапляецца стылем раптоўных кадравых рашэньняў прэзыдэнта і таямнічым выразам яго твару. Прызначэньні тлумачацца жаданьнем расейскага прэзыдэнта ўзмацніць урад і свой уплыў на яго, а «праект «Пераемнік», падаецца, ня больш як чутка.

Усе расейскія газэты суправаджаюць свае матэрыялы апытаньнямі шматлікіх экспэртаў ды разгорнутымі біяграфіямі новых прызначэнцаў, што цалкам лягічна — большасьць расіян нічога ці амаль нічога ня ведаюць пра людзей, аднаму зь якіх, выглядае, вось-вось адпішуць кіраўніцтва Крамлём ды ўсёй краінай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру