Зь Беларусі і Літвы

В. Вялікія Бесяды, Менск. губ., Барыс. пав. Шанцуе сёлета на дровы, але не шанцуе лесу. Як улетку буры, так цяпер сьнег наглуміў лесу без канца. Як толькі паказаўся першы сьнег, ударыла нейкая аблівака. І лес пацягнула лёдам; на другі дзень паваліў сьнег і навіс на дрэве, а хоць вецер быў зусім не вялікі, не стрымаў лес гэткага цяжару і пачало яго крышыць, ламаць: месцамі вярхі, месцамі ў палову, а то і з карэньнямі павыварачвала. Дарогі завалены. Па маладнякох — плехамі перарабіла на пасеку. Быццам пасьля вялікай буры, ажно глядзець страшна!

Сябрук

Вялікія Дубы Менск. губ., Слуцк. пав. Сёлета ў нас пажанілася адна пара і зараз ад вянца пачала сварыцца. Ён п’яніца, яна таксама неспакойная баба. Вось аднаго разу, пасварыўшыся у вечар, пайшла яна і ўкінулася ў студню. Пачулі гэта хлопцы, ідучы зь вечарніцы. Сьпярша здалося ім, што нехта шэпча ў студні, заглянулі яны туды і ўбачылі тую бабу, выцягнулі яе жывой яшчэ. Пасьля гэтага яны хадзілі да біскупа прасіць разлукі, але, нічога не дабіўшыся, вярнуліся дамоў далей ваявацца.

З усіх старон

Ясная Паляна. Вядомы расейскі пісьменьнік Л.М.Талстой раптоўна выехаў з дому, няма ведама куды. Ходзяць чуткі, быццам Талстой выехаў, каб на пустыні дажыць адзінока веку свайго.

Калі мы друкавалі газэту, прыйшла вестка, што Л.М.Талстой памёр.

1910, №44—45.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0