Кангрэс ІКЧФ у Аргентыне пастанавіў, што ў 2006 г. сусьветная зборная перапісачнікаў возьме ўдзел у Алімпіядзе шахматыстаў-вочнікаў. Выклікана гэта неабходнасьцю папулярызаваць завочныя шахматы, пра якія нямногія ведаюць.

Галоўнае пытаньне: ці будзе гуляць чэмпіён сьвету Ёп ван Остэрам? 68-гадовы мільярдэр, заснавальнік першай у Нідэрляндах фірмы па вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня, атрымаў вядомасьць як найбуйнейшы спонсар эўрапейскіх шахматных імпрэз. Сярод іх — цыкль турніраў Melody Amber, прысьвечаных ім сваёй дачцэ. З 1992 г. у Монтэ-Карла эліта сусьветных шахмат змагаецца ў хуткія шахматы, гуляе, ня бачачы дошкі.

На інтэрнэт-форумах прыхільнікі ван Остэрама цьвердзяць, што мэта галяндца — даць магчымасьць гросмайстрам адпачыць, пагуляць у шахматы і падзарабіць. Але спонсарства прыносіць і чыста шахматныя дывідэнды: сёлета мільярдэр выйграў 18-ты чэмпіянат сьвету па перапісцы, літаральна раскідаўшы ўсіх канкурэнтаў. У выніку яго рэйтынг дасягнуў рэкорднай адзнакі — 2779.

Цікава, што ў пачатку 1990-х стан здароўя галяндца рэзка пагоршыўся, а шахматныя вынікі, наадварот, палепшыліся. Некаторыя нават лічаць, што на Остэрама працавалі іншыя гросмайстры. Пагатоў сто гадоў таму такі прэцэдэнт ужо быў. Князь Дадзьян Мінгрэльскі даваў грошы на міжнародныя спаборніцтвы і друкаваў прыгожыя партыі, нібы згуляныя ім самім. Лягічна дапусьціць, што ў сучасных шахматах людзей, гатовых канвэртаваць сваё багацьце ў імідж «самых-самых», толькі пабольшала.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру