...Адтуль ён вяртаўся дадому (жыў на вуліцы Ратамскай, сёння Мельнікайце). Іваноўскі ехаў вуліцаю Францішка Скарыны (Энгельса) паўз гарадскі тэатр да вуліцы 25 Сакавіка (праспект Незалежнасці), з яе павярнуў на былую Ленінскую (Леніна), даехаў да Пляцу Волі. Там, мінуўшы будынак паліцыі і пачатак Рэвалюцыйнай вуліцы, спусціўся ўніз да вуліцы Астроўскага (Раманаўская Слабада).

Там, каля будынку Смаленскага СД (непадалёк ад сённяшняга скрыжавання Раманаўскай Слабады і Нямігі), у Іваноўскага стрэліў невядомы. Бурмістра прывезлі ў шпіталь дзе ён, як сведчыць гісторык Юры Туронак, быў пакінуты без лекарскай дапамогі і назаўтра сканаў.

Паводле афіцыйнай савецкай версіі (версія прыводзіцца ў кнізе Івана Новікава «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску») Іваноўскі быў забіты савецкімі партызанамі Аляксандрам Камінскім і Яўгенам Кунцэвічам, што аспрэчваюць паплечнікі бурмістра.

Беларускія дзеячы лічылі, што Іваноўскага маглі ліквідаваць як немцы, так і савецкія партызаны.
Яўхім Кіпель ва ўспамінах «Эпізоды» прыводзіць наступную версію.

У 1943 г. пачалася падрыхтоўка да фармавання беларускага ўрада.

Адным з найактыўнейшых у гэтай справе — я сказаў бы, кіраўніком гэтай дзейнасці з беларускага боку — быў прафесар В. Iваноўскі, бурмістар Менска.
Iваноўскі добра ведаў тагачасных беларускіх дзеячоў, быў ведамы немцам, і было як бы паўсакрэтам, што Iваноўскі мае сувязі з польскім падполлем.
Але — што для нас было найважнейшым — мы, нацыянальны актыў, добра ведалі Iваноўскага і з ім цесна супрацоўнічалі. У мяне няма ніякага сумневу (ды гэтак уважалі бадай усе актыўныя працаўнікі беларускага апарату ў Менску), што
Iваноўскі быў найбольш падрыхтаваны і здольны палітык не толькі сфармаваць урад, але і наагул наладзіць дзяржаўна-арганізацыйную структуру на тэрыторыі, якая была адведзеная немцамі беларускай адміністрацыі.
Iваноўскі быў, кром таго, ведамы і папулярны ў шырэйшым грамадстве як сярод тагачасных заходнікаў, так і сярод усходнікаў, аб чым я добра ведаў, маючы кантакты з Магілёвам, Барысавам, Гомелем.

Пра папулярнасць Iваноўскага добра ведалі і немцы, і савецкія партызаны, і польскі элемент. Нашым ворагам гэта калола вочы. Iм патрэбная была палітычная сітуацыя, пры якой не было б папулярных беларускіх дзеячоў і на чале руху стаялі б выпадковыя людзі.

(…)

Калі ж пад канец лета 1943 года з Берліна прыйшла вестка‚ што там згадзіліся на ўтварэнне беларускага ўрада (як ведама‚ аб патрэбе стварэння беларускага ўрада беларусы гаварылі немцам ад самага пачатку вайны)‚ дык было ясна‚ што найбольш адпаведная асоба на становішча кіраўніка ўрада будзе прафесар Вацлаў Iваноўскі.

Аднак да нас хутка дайшлі весткі праз беларускую паліцыю‚ якая мела сваю контрвыведку ў радах савецкіх партызанаў‚ што асобай праф. Iваноўскага ў ролі кіраўніка будучага беларускага ўраду надта запалоханыя камуністы ды што камуністам будзе вельмі на руку Iваноўскага знішчыць.

Беларуская контрвыведка таксама даводзіла да ведама‚ што нейкі Iвашкевіч уцягнуты ў змову супраць В. Iваноўскага. Прозвішча Iвашкевіча ўсплывала ўжо сярод менскага нацыянальнага актыву не раз. Справа ў тым‚ што гэтая асоба была ў даверы ў шмат каго ў беларускім актыве‚ ды бараніў Iвашкевіча і сам праф. Iваноўскі‚ калі аднойчы на зборцы «пяцёркі» яму было аб гэтым сказана. (Здаецца‚ гэты Iвашкевіч быў у нейкім сваяцтве з Iваноўскім празь ягоную першую жонку.)

Былі моцныя падозранні‚ што і Iвашкевіч, і ягоная жонка Вольга Менжыеўская звязаныя і з бальшавіцкімі партызанамі, і з палякамі.

Незадоўга перад трагічным днём на пасяджэнні аднае з «пяцёрак» прадстаўнік беларускае паліцыі зноў сказаў Iваноўскаму‚ што вакол яго стаяць занадта падазроныя асобы. Iваноўскі гэтаму запярэчыў і не прыняў папярэджання сур’ёзна. Неўзабаве‚ аднак‚ выявілася‚ што нейкія колы былі ўсё ж моцна занепакоеныя тым‚ што запланаваны беларускі ўрад можа быць ачолены праф. Вацлавам Iваноўскім. Iваноўскі быў зрэзаны куляй і стаўся чароднай палітычнай ахвярай. Для нас гэта быў вельмі трагічны выпадак‚ бо наш рух страціў умелага палітыка і актыўнага дзеяча. Трагічнасць паглыбілася яшчэ і тым‚ што ў гэтым забойстве заставалася шмат няяснага. У Мінску хадзіла колькі версій магчымых прычынаў забойства Iваноўскага. Адна з іх была гэткая: у дзень забойства Iваноўскі працаваў паводле іншага раскладу‚ як звычайна. Быў з ім у Гарадской Управе той самы Iвашкевіч. Iвашкевіч з працы пайшоў быццам бы раней і спаткаўся каля Управы з нейкімі людзьмі. Аб гэтым нам казалі беларускія паліцыянты. Iваноўскі нібыта паехаў дахаты з працы іншай дарогай‚ і каля будынка Смаленскага СД адбыўся замах на яго.

Замах быў выкананы‚ як казалі‚ двума мужчынамі. Хутка пасля забойства паліцыя затрымала Iвашкевіча па дарозе ў лес да партызанаў. Што з ім сталася далей — няведама.

Вось гэткія ў маёй памяці засталіся ўспаміны аб гэтай трагічнай падзеі. Для нас тады ў Менску было ясна‚ што ў гэтым забойстве шмат загадкавых момантаў. Гэтак мне яно здаецца і цяпер…

Гісторык Юры Туронак у кнізе «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» выказвае меркаванне, што гэта зрабілі немцы паводле ініцыятывы Астроўскага, якому трэба было прыбраць суперніка,
які яму замінаў на шляху да стварэння Беларускай Цэнтральнай Рады.

Аўген Калубовіч, блізкі супрацоўнік Іваноўскага і сябра Рады Даверу пры гаўляйтары Кубэ, адзначаў, што бурмістра забілі немцы: «У той нешчаслівы дзень, як пасветчылі аб гэтым ягоная сакратарка і фурман, Іваноўскі перад канцом працы заехаў у Генеральны камісарыят [сёння раён Адміністрацыі прэзідэнта] і стуль вяртаўся дадому [жыў на вуліцы Ратамскай] зусім іншым маршрутам. Ехаў вуліцаю Францішка Скарыны [Энгельса] паўз гарадскі тэатр да вуліцы 25 Сакавіка [праспект Незалежнасці], з яе былой Ленінскай [Леніна] на Пляц Волі. Там, мінуўшы будынак паліцыі і пачатак Рэвалюцыйнай вуліцы, якойсь вулачкай, цяпер не памятаю назову спусціўся ўніз да вуліцы Астроўскага [сёння Раманаўская Слабада]. Ён сапраўды быў забіты там, дзе паказвае савецкая версія. Пра гэта тады шырока гаварылася і ў менскай беларускай прэсе пісалася. Але

спецгрупа НКВД на тым месцы не магла зрабіць забойства: аўтары савецкай версіі, відаць, не ведалі і таму не ўзялі пад увагу, што месца тое было насупраць будынка Смаленскага СД (незадоўга перад гэтым сюды эвакуаванага, ля брамы каторага дзень і ноч стаяла ўзброеная варта.

Сведчанне Калубовіча пацвярджае думку Ю.Туронка пра тое, што

Астроўскі мог нешта ведаць.
Сапраўды Іваноўскі быў забіты насупраць офіса Смаленскага СД, з парай супрацоўнікаў якога (напрыклад, Мікалаем Алферчыкам, з якім будучы прэзідэнт БЦР шчыльна супрацоўнічаў у Смаленску). Астроўскі давяраў смаленскаму СД, бо ён іх ведаў па супрацоўніцтву ў 1942—1943 гг.; а па-другое Алферчык падбіраў у СД людзей вельмі пэўных — ім верылі у змаганні з саветамі.

Апроч таго,

Готберг, які стаў гаўляйтарам Беларусі пасля забойства Кубэ загадзя ведаў пра замах і нават казаў на канферэнцыі ў Берліне 22 лістапада, што яго выканаюць беларусы.
Разам з тым блізкі супрацоўнік Астроўскага і адкрыты праціўнік Іваноўскага
Іван Касяк, добра абазнаны ў жыцці ў Мінску, пісаў, што яго бурмістра забіў М. Васьковіч — супрацоўнік мінскай гарадской управы і сябра Беларускага навуковага таварыства, які пасля нападу ўцёк да партызанаў.

Так ці інакш, але смерць напачатку Кубэ, а затым і Іваноўскага адкрыла дарогу Астроўскаму ў лідарства палітычнага беларускага жыцця.

Лёс Іваноўскага — прыклад трагедыі беларускіх дзеячаў пачатку ХХ ст., якія, каб працаваць на карысць Беларусі, вымушаны былі выбіраць між двума злачыннымі рэжымамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?