Плошча 2012...
...і Плошча 2006, 2010...
19 снежня спаўняецца два гады з таго дня, калі 30 тысяч дэманстрантаў сабралася на Плошчы, каб патрабаваць свабодных выбараў. Масавыя арышты і ператрусы вярнулі краіну ў стан замарозкі, але праз два гады пасля гэтага сацыёлагі фіксуюць яшчэ большае жаданне перамен.
Па-ранейшаму ў няволі застаюцца непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей — Мікола Статкевіч і Павел Севярынец. Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў не дайшлі да Плошчы, але іх справу нельга разглядаць у адрыве ад тых падзей.
Прайшло два гады, а на многія ключавыя пытанні Плошчы па-ранейшаму няма адказаў. Напрыклад, чаму не знайшлі чалавека, які падносіў да Дома ўрада рыдлёўкі.Ён зафіксаваны на відэа і фота. Ці мела там месца спланаваная правакацыя? Міліцыя ж загадзя знаходзілася ў Доме ўрада, нібыта чакаючы падобнага развіцця падзей.
У той жа час, калі правакацыя мела месца, то яна магла прайсці па тым самым сцэнары, нават калі маніфестанты рушылі б да Адміністрацыі прэзідэнта.
Ці мелі лідары Плошчы нейкі канкрэтны план? Чаму людскі натоўп, які спачатку рынуўся да Адміністрацыі, раптоўна завярнуў у бок плошчы Незалежнасці? Хто кіраваў тым паходам, калі большасць кандыдатаў высвятляла адносіны з ДАІшнікамі?
Андрэй Саннікаў, які сёлета выйшаў з турмы, пакуль так і не расказаў падрабязнасці падрыхтоўкі і самой Плошчы. Маўляў, пакуль за кратамі застаюцца вязні — рабіць тое рана.
Чаму ўзнікала гаворка пра перамовы з Сідорскім? Можа, гэта і была тая дэзінфармацыя, на якую купіліся наіўныя сярод кандыдатаў?Або нейкія кантакты з другім чалавекам дзяржавы сапраўды былі?
Правакацыі правакацыямі, але галоўнае, што Плошча-2010 паказала: людзі зноў і зноў выходзяць на дэманстрацыі супраць дыктатуры.І менавіта гэтыя выступы становяцца вызначальнымі момантамі ў жыцці краіны. Іх разгон толькі ўзмацняе адчуванне, што да людзей не прыслухоўваюцца.