Павел і Іра Янушкевічы ажаніліся ўлетку.

Павел і Іра Янушкевічы ажаніліся ўлетку.

Падчас ліквідацыі прарыву трубароваду ацяплення ў Гродне моцна пацярпеў 21-гадовы выратавальнік Павел Янушкевіч. Спяшаючы на енк дзіцяці, ён зваліўся ў гарачую ваду і атрымаў апёкі пятай часткі цела. Жонка Паўла расказала пра яго стан.

«НН»: Як сябе адчувае Ваш муж?

Ірына Янушкевіч: Стан стабільны. Хаця, канечне, у яго ўсё баліць. Яму пастаянна робяць уколы з абязбольваючым, пастаянна мяняюць павязкі.

«НН»: Якія часткі цела апякло?

ІЯ: Цалкам рукі, ногі, грудзі ад шыі.

«НН»: Вы яго бачылі?

ІЯ:

Ён у рэанімацыі ляжыць, але ўдалося трапіць — размаўлялі. Але сёння яго ўжо пераводзяць у аддзяленне.

«НН»: Вы нядаўна ажаніліся?

ІЯ: Так, летам.

«НН»: Цяпер чакаеце дзіця?

ІЯ: Так.

У мяне дзявяты месяц, у прынцыпе, магу раджаць.

«НН»: Павел можа вярнуцца з бальніцы татам.

ІЯ: Мусіць, так і будзе. Бо лячэнне зойме не менш за месяц. Напэўна, мне давядзецца выязджаць з радзільні адной і ехаць да таткі ў іншую бальніцу.

«НН»: У яго такая прафесія — людзей ратаваць. Не страшна было да гэтага выпадку на дзяжурствы яго адпраўляць?

ІЯ: Кожны раз надта страшна. Але ён моцна любіць сваю працу, ён — патрыёт прафесіі. І складана было б яго адгаварыць пакінуць МНС.

«НН»: Вашая кватэра ўчора таксама засталася без цяпла?

ІЯ: Не. Я жыву на Дамброўскага, а там нічога не зачапіла.

«НН»: Чытачы пытаюцца, якім чынам Вашай сям’і можна цяпер дапамагчы.

ІЯ: Дапамогу і нам прапаноўваюць, але мы пакуль даём рады самі. Ніякіх лекаў не патрабуецца — усё лячэнне ён атрымлівае ў бальніцы.

А маральна прыемна, што пішуць, падтрымліваюць. Я ганаруся сваім мужам. І прыемна, што не я адна.

«НН»: Усяго Вам найлепшага, а Вашаму мужу-герою словы глыбокай павагі ад чытачоў «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?