Узбекістан афіцыйна прыпыніў членства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, паслабленняў для ўступлення ў арганізацыю ў Ташкента не будзе, заявіў 19 снежня ў Маскве на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

«Мы задаволілі іх просьбу і спынілі, прыпынілі іх членства (Узбекістана) у АДКБ», — цытуе Лукашэнку РІА Новости. Паводле яго слоў, краіны АДКБ таксама дамовіліся аб тым, што «ніякіх паслабленняў пры ўступленні (у арганізацыю), у тым ліку гэтай дзяржаве, больш не будзе».

У канцы чэрвеня Узбекістан накіраваў у сакратарыят АДКБ ноту аб прыпыненні свайго ўдзелу ў дзейнасці арганізацыі. Узбекістан раней ужо выходзіў з АДКБ: у 1999 годзе Ташкент адмовіўся прадоўжыць дагавор, аднак у жніўні 2006 года Узбекістан аднавіў членства ў АДКБ — следам за пахаладаннем адносінаў з Захадам у сувязі з крытыкай ім жорсткага разгону беспарадкаў у Андзіжане ў 2005 годзе.

Удзельнікамі АДКБ застаюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы была створаная на аснове Дагавора аб калектыўнай бяспецы, падпісанага 15 мая 1992 года краінамі — членамі СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?