Дзівосная драўляна-земляная архітэктура.
У гарадзішча вялі вароты-тунэлі.
Цяпер тут можна праводзіць сустрэчы і вяселлі.
У Лужыцы шыльды двухмоўныя, па-нямецку й па-лужыцку.
Зверху гарадзішча выглядала амаль як твор Німеера.
Так будавалі й нашы продкі.
У рэканструяваным славянскім гарадзішчы Х стагоддзя цяпер музей. Вонкава гарадзішча выглядае, як і тысячу гадоў таму, калі славяне бараніліся ад націску немцаў. Але ўнутры гэта сучасныя памяшканні з рэстаранам, музеем і заламі для сустрэч.
Гарадзішча мае 58 метраў у дыяметры. Будаваліся такія замкі з дубовых камлёў, якія клалі ўдоўж і ўпоперак ды счаплялі сукамі, каб не расцягнуць было. Дубовую аснову засыпалі пяском ды глінаю. У сцяне было двое варотаў. Унутры быў калодзеж.
Такіх славянскіх замкаў у Нямеччыне адкрыта каля 140. Як мяркуецца, славяне прыйшлі на землі між Эльбай і Одрай каля VI ст. у часе вялікага перасялення народаў. Славяне трымаліся да Х ст., а пасля пачалася ўсё большая германізацыя. Немцы раней прынялі хрысціянства і стварылі моцныя дзяржавы, а славянскія плямёны жылі адасоблена і па старынцы.
З усіх славянскіх плямён усходняй Нямеччыны сваю тоеснасць захавалі толькі лужычане. Дзякуючы свайму суседству з Польшчай на ўсходзе і чэхамі на поўдні яны часам траплялі пад уладу гэтых дзяржаваў. Астатнія славяне растварыліся ў нямецкім моры.
У Нямеччыне дагэтуль захоўваюць свае традыцыі і мову каля 60 тысяч лужычан. Нямецкая дзяржава цяпер фінансуе іх культурную дзейнасць, СМІ і гістарычныя даследаванні.





