«Так, памерлі дзеці. Дзяўчынка 14 гадоў, 4-гадовы хлопчык», — пацвярджаюць крыніцы ў бальніцы.

Галоўны доктар Цэнтральнай раённай бальніцы Ашмянаў Уладзімір Кунц паведаміў, што на дадзены момант у шпіталі з дыягназам «менінгіт» пацыентаў няма. Ад далейшых каментароў спецыяліст адмовіўся: «Прыязджайце, я дам вам усю інфармацыю».

«На сённяшні дзень у раёне зарэгістраваныя два выпадкі менінгіту са смяротным вынікам, — сказаў галоўны санітарны доктар Ашмянскага раёна Іван Маліна, — гэта вокамгненная форма развіцця хваробы».

Людзі, якія знаходзіліся ў кантакце з гэтымі дзецьмі, сёння пад наглядам: яны абследаваныя, у іх узятыя лабараторныя аналізы, кажа Іван Дзянісавіч.

Ці ёсць яшчэ выпадкі з падазрэннем на менінгіт, галоўны санітарны доктар адказаць не можа:
«У раёне жыве 15 тысяч чалавек, і праз сітуацыю, якая склалася, усе бацькі падазраюць у сваім дзіцяці наяўнасць захворвання». Да таго ж, «цяпер сезон уздыму ВРВІ, а менінгіт цяжка адрозніць ад віруснай інфекцыі, якая таксама можа суправаджацца галаўным болем і тэмпературай».

Акрамя частага галаўнога болю і высокай тэмпературы менінгіт, па словах Івана Маліны, характарызуецца рвотай, што не прыносіць палёгкі. А ў выпадку маланкавай формы — гемарагічным (або так званым зоркавым) сыпам.

Па словах чытача Tut.by, бацькоў абзвоньваюць і просяць устрымацца ад наведвання дзецьмі школ і садкоў. «Мае сваякі не павядуць дзіця — гэта дакладна», — кажа чытач.

Абмежавальных мерапрыемстваў у раёне не прадугледжана, кажа Іван Маліна. «Мы збіраліся з усімі дырэктарамі школ. Гэта не эпідэмія».

Жыхары Ашмян скупляюць у аптэках антыбіётыкі.
«Правільна прызначаны антыбіётык — добрая прафілактычная мера, — адзначае Маліна. — Так, пры першых прыкметах ВРВІ трэба выклікаць доктара. Аднак без прызначэння, а тым больш без прыкмет захворвання прымаць антыбіётыкі не варта».

Галоўны санітарны доктар Ашмянскага раёна раіць жыхарам такія метады прафілактыкі менінгіту: частыя прагулкі на свежым паветры, не пераахалоджвацца, заняткі спортам і прыём вітамінаў.

Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што ў Ашмянах ніякая не эпідэмія, а проста лакальная ўспышка інфекцыі. Пра гэта журналістам у Мінску 9 студзеня заявіў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па інфекцыйных хваробах Ігар Карпаў.

Паводле слоў Карпава, штогод у Беларусі рэгіструюць смяротныя выпадкі менінгакокавай інфекцыі, але яны адзінкавыя.

Спецыяліст падкрэсліў неабходнасць «максімальна своечасова» звяртацца па медыцынскую дапамогу, калі ў дзіцяці, у тым ліку падлетка, высокая тэмпература.
Прыкметамі менінгакокавай інфекцыі могуць быць таксама высыпка на целе ці млосці. Смерць ад інфекцыі пры адсутнасці медыцынскай дапамогі можа наступіць ужо праз суткі пасля з’яўлення першых сімптомаў хваробы.

У сваю чаргу загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч адзначыла, што 2012 год быў адзначаны нізкім узроўнем захворвання на менінгакокавую інфекцыю.

Галоўны эпідэміёлаг Іна Карабан паведаміла, што ў цэлым эпідэміялагічная сітуацыя па інфекцыйных захворваннях у 2012 годзе ў Беларусі была добрай. «У нас не рэгістраваліся асабліва небяспечныя інфекцыі. У нас не рэгістраваліся асабліва вялікія ўспышкі іншых захворванняў», — сказала Карабан. Паводле яе слоў, і кішэчныя інфекцыі, і паветрана-кропельныя ў Беларусі «рэгіструюцца на досыць нізкіх узроўнях».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?