Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Выгоцкага незаконна прыцягваліся да выканання работ па ўборцы ўраджаю. Пра гэта сведчыць праверка дзейнасці ўстановы адукацыі, праведзеная Камітэтам дзяржаўнага кантролю.

Як паведамілі ў КДК Гомельскай вобласці, у лістападзе навучэнцы каледжа прыцягваліся да ўборкі агародніны на КСУП «Камбінат «Усход», хоць гэта не было прадугледжана «навучальна-праграмнай дакументацыяй, планам выхаваўчай працы ўстановы адукацыі, чым парушаны патрабаванні арт. 89 Кодэкса аб адукацыі».

Выяўлены шэраг іншых парушэнняў. Педагагічным каледжам не выконваўся парадак планавання і расходавання атрыманых сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.

Так, у 2011–2012 гадах у расходнай частцы каштарысаў па пазабюджэтнай дзейнасці не былі ў поўным аб’ёме прадугледжаны расходы на аплату камунальных паслуг, у выніку педагагічным каледжам незаконна атрымана з абласнога бюджэту 37,1 млн. рублёў.
У 2012 годзе педагагічным каледжам парушаліся тэрміны выплаты заработнай платы работнікам, якія ажыццяўлялі пазабюджэтную дзейнасць (платнае навучанне).
Так, пры даванні работнікам працоўнага водпуску ў ліпені і жніўні 2012 года выплата адпускных фактычна рабілася толькі ў верасні 2012 года, чым парушаліся патрабаванні працоўнага заканадаўства.

На момант праверкі каледжам не праведзена дзяржаўная рэгістрацыя ва ўстаноўленым парадку абсталяванага асобнага памяшкання 4-м паверсе, які адсутнічаў у тэхнічным пашпарце будынка, што не выкарыстоўваўся.

У 2011–2012 гадах каледжам скажаліся даныя аб суме арэнднай платы, атрыманай ад арандатараў, у дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Камітэтам вобласці разглядаецца пытанне аб прыцягненні службовых асоб каледжа, якія дапусцілі парушэнні, да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?