Меір Ланскі. 1950-я.

Меір Ланскі. 1950-я.

З целаахоўнікам.

З целаахоўнікам.

Фота з паліцэйскага дасье.

Фота з паліцэйскага дасье.

Шэсць верхаводаў мафіі пасля падпісання дамовы. Ланскі -- трэці злева. 1929 г.

Шэсць верхаводаў мафіі пасля падпісання дамовы. Ланскі -- трэці злева. 1929 г.

Як толькі не называлі Меіра Ланскага — «бухгалтар мафіі», «хросны бацька хросных бацькоў», «шэф шэфаў».

Гэты крымінальны талент нарадзіўся 4 ліпеня 1902 г. у габрэйскай сям’і ў Гродне. У Каралеўскім горадзе прайшлі і першыя дзевяць гадоў яго жыцця.
Пасля сям’я выправілася шукаць шчасця за акіянам. У красавіку 1911 г. карабель пад назвай «Курскъ» прывёз малога Меіра з бацькамі і іншыз габрэйскіх перасяленцаў у Нью-Ёрк.
Новая радзіма дала ім новае імя. Сапраўднае прозвішча яго бацькоў было Шушланоўскія (або Сухамлянскія), але іміграцыйны чыноўнік вырашыў зрабіць яго больш звыклым для амерыканскага вуха.
Ён проста адсек першую частку доўгага прозвішча. Так часта рабілі з цяжкачытэльнымі прозвішчамі імігрантаў у ЗША.
Падлеткавыя гады Меіра ў дэпрэсіўным раёне Ніжні Іст-сайд прайшлі ва ўмовах жорсткіх разборак з між нацыянальнымі групоўкамі.
За ўплыў змагаліся ірландцы, італьянцы і габрэі.
У склад габрэйскай моладзевай групоўкі Брукліна ўваходзілі і землякі Меіра — Яша Гузік з Беларусі і Луіс Лепке з Украіны. У будучыні яны сталі вернымі паплечнікамі Ланскі.

Пасталеўшы, Ланскі з вулічнага мардабою пераключыўся на азартныя гульні.

Яго першы пройгрыш паўплываў на ўсю далейшую жыццёвую стратэгію Меіра — ён прайграў у вулічным картачным спаборніцтве грошы, якія маці дала яму, каб купіў халы напярэдадні шабасу.
Убачыўшы слёзы маці, Ланскі даў сабе зарок ніколі не прайграваць. Ён сур’ёзна заняўся ігральным бізнэсам, адкрыўшы некалькі казіно, якія пачалі прыносіць іх маладому ўласніку нядрэнныя дывідэнды.

Залаты «сухі закон»

Першыя сур’ёзныя фінансавыя поспехі Ланскі, які яшчэ ў вулічным асяроддзі набыў мянушку «Малы», былі звязаныя з актыўным парушэннем «сухога закона», які «лютаваў» у ЗША да 1933 года.

Ланскі са сваімі паплечнікамі па крымінальнай дзейнасці зрабіў вялізныя грошы на нелегальных перапраўках алкаголю праз памежнае возера Антарыё. Журналісты нават назвалі гэтае возера «габрэйскім».
Ланскі прыдумаў цікавы спосаб перапраўкі.
Да скрыняў з кантрабандным віскі прывязвалі мяшкі з соллю, да якіх прымацоўваўся пантон. У выпадку небяспекі ўвесь гэты комплекс выкідалі за борт. Пасля, калі соль раставала, ён усплываў.

Нават з улікам хабараў паліцыі, мытні і чыноўнікам, бутлегерства ў 1920-я давала фантастычныя барышы. Варта адзначыць, што «сухі закон» не забараняў прадаваць медыцынскі спірт. Многія трымальнікі заводаў, што выраблялі спірт на «выключна медыцынскія мэты» ўваходзілі ў долю з Ланскі.

Меір, маючы ў распараджэнні прафесійных хімікаў-лабарантаў, загадаў ім змешваць дарагі шатландскі віскі са спіртам, кактэйль падфарбоўваюць і адпраўляць на незаконную рэалізацыю ў падкантрольную сетку крамаў, бараў і рэстаранаў.
З 17 мільёнаў галонаў нелегальна завезенага ў ЗША з Канады «нармальнага» віскі было рэалізавана 49 мільёнаў галонаў віскі «новага пакалення».
Пасля славутага краху на нью-ёркскай фондавай біржы пазіцыі Ланскі і яго калегаў толькі ўмацаваліся. Ім падпарадкоўваліся ўсе прызнаныя аўтарытэты крымінальнай Амерыкі, у тым ліку і Аль Капонэ,
які многія свае ўчынкі павінен быў асабіста ўзгадняць з Ланскі.

Стаўка на карты

Ужо ў пачатку 1930-х Ланскі, які заўсёды вызначаўся прадпрымальніцкай праніклівасцю, усвядоміў, што бутлегерства занепадае. Яшчэ да адмены «сухога закона» Ланскі засноўвае некалькі ігральных дамоў у Чыкага, Кліўлендзе і Дэтройце. Але найбольш яго вабіла Куба. І ў 1933 г. ён наведаў кубінскага прэзідэнта Батысту. Той засумняваўся, ці маюць Меір і яго кампаньёны грошы на развіццё ігральнага бізнесу на Кубе. Ланскі вываліў на стол шэсць мільёнаў даляраў.

Прыгаломшаны Батыста неадкладна выпісаў патэнт, які даваў Ланскі манаполію на адкрыццё і кіраванне ўсімі ігральнай дамамі, якія будуць адкрытыя на тэрыторыі вострава.

Ля вытокаў Лас-Вегаса

Зразумеўшы, якія перспектывы адкрываюцца перад ігральным бізнесам і аб’яднаўшыся з італьянскім гангстарам Сальватору Лучана і Багсам Сігелем, Ланскі ўклаў грошы ў стварэнне ігральнага цэнтра ў Лас-Вегасе. Казіно і гасцініцы, былі аздобленыя золатам і крышталем, паўсюль віселі дарагія карціны, мяккая мэбля была абабітая аксамітам, усюды красаваліся пальмы і іншыя экзатычныя расліны. У Лас-Вегас было ўкладзена 6 млн даляраў. Згодна з планам заснавальнікаў, ён павінен быў паўстаць перад патрабавальнай мафіёзна-багемнай публікай у калядную ноч 1946-га- для гэтага на двух самалётах сюды прывезлі зорак Галівуду і правадыроў буйных мафіёзных кланаў. «Людзі прыходзілі ў нашы казіно і гулялі, а калі вярталіся ў Нью-Ёрк або Вашынгтон, прамаўлялі набожныя словы пра тое, якія амаральныя гульні. Але яны не казалі ў сваіх прамовах пра тое, што можа быць шмат горш. Калі мы пачыналі, большая частка Фларыды і многіх іншых раёнаў краіны былі закрытыя для габрэяў. Да Другой сусветнай вайны габрэям забаранялася ўваходзіць ўсярэдзіну шматлікіх гатэляў, казіно і апартаментаў. Нашы казіно былі выдатным месцам, адкрытым для ўсіх. Габрэі, хрысціяне, арабы, чорныя маглі прыходзіць да нас і гуляць», — казаў Меір Ланскі пад канец жыцця рэпарцёрам.

З часам кампаньёны заўважылі, што Сігель утойвае частку прыбыткаў ад Вегаса. Неўзабаве яго застрэліў найманы забойца.

Зброя для Ізраіля

Меір Ланскі ніколі не забываўся пра свае карані. Ён быў з сям’і прававерных габрэяў, якія спраўлялі ўсе важныя рэлігійныя святы, і не кідаў адзінакроўцаў у бядзе. У 1939 годзе да Кубы паспрабаваў прыстаць карабель, на якім ехалі габрэйскія сем’і, што збеглі з нацысцкай Германіі. Порт Гаваны адмаўляўся іх прыняць.

Ланскі перагаварыў з чыноўнікамі міграцыйнага ведамства, заявіўшы, што заплаціць па пяцьсот долараў за кожнага імігранта. Пытанне было вырашана на карысць габрэйскіх перасяленцаў.

У сярэдзіне 1940-х, падчас станаўлення Ізраіля, большасць еўрапейскіх краін ўвяла эмбарга на пастаўку ўзбраення, так неабходнага маладой дзяржаве. Тады Ланскі прадумаў хупавую аперацыю. ЗША трымала дэманстратыўны нейтралітэт у дачыненні да Ізраіля. Аднак у Штаты пасля заканчэння Другой сусветнай патроху вярталася ўзбраенне, дадзенае Еўропе і СССР у рамках палітыкі ленд-лізу.

Ланскі меў цесныя сувязі з начальнікамі партоў Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, у падсобных памяшканнях якіх ляжала тая зброя. Частка яе была нават ні разу не скарыстаная. Зброя сістэматычна праходзіла таемную перакамплектацыю і адпраўлялася ў Хайфу…
Дзякуючы пастаўкам зброі ізраільская армія істотна падужэла. Да таго ж Ланскі, дзякуючы эфектыўнаму менеджменту, перапыніў рэгулярныя пастаўкі зброі Егіпту, якія ваяваў па другі бок.
Праз 11 хвілін пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Ізраіля, 14 мая 1948 года, Ланскі афіцыйна перавёў велізарную суму грошай на рахунак новай дзяржавы.
Таксама на карысць Ізраіля ішла дзясятая частка прыбыткаў ад Лас-Вегаса.

Аўдыенцыя ў ціры Кастра

Пасля кубінскай рэвалюцыі «барбудас» пад загадам Фідэля Кастра пазіцыі Ланскі пахіснуліся.

Новая ўлада знішчыла яго сетку гатэляў-казіно, роўнай якой не было ў 1930-40-я.
Ланскі асабіста, на ўласным самалёце лётаў на Кубу, сустракаўся з Кастра і Чэ Гевара (што кажа пра незвычайнай адвагі Ланскі, ніхто больш такога не здзяйсняў). І нават паспрабаваў паставіць ультыматум: або казіно працуюць у штатным рэжыме, або Куба выплачвае яму кампенсацыю.
Камандантэ Чэ ў адказ параіў Ланскі пакінуць Кубу як мага хутчэй. Сустрэча праходзіла ў двары Дома ўрада, дзе Кастра і Чэ зладзілі цір і практыкаваліся ў стральбе.

Пасля краху на Кубе Ланскі перанёс свой ігральны бізнэс на Багамы. Выплаціўшы хабар у 3 мільёны даляраў, ужо ў 1963 годзе ён адкрыў там першы эксклюзіўны гатэль-казіно па ўзоры кубінскіх.

Асабісты вораг дырэктара ФБР

У 1950-60-я журналісты называлі Ланскі «шэфам шэфаў мафіі». Увесь час спрабуючы выкрыць сувязі гэтага «бізнэсмэна сярэдняй рукі» з крымінальнымі коламі ЗША, супрацоўнікі ФБР ставілі праслухоўванне ў яго кватэры, адсочвалі маршруты, былі ў курсе яго тэлефонных размоваў, наведваліся з ператрусамі аднак гэтыя меры не прыносілі жаданага выніку.

Да таго ж для дырэктара ФБР Джона Эдгара Гувера пытанне «ўтаймавання» Ланскі было справай гонару.

Меір стаў яго асабістым ворагам пасля таго, як арганізаваў таемную відэаздымку на канспіратыўнай кватэры Гувера, дзе кіраўнік ФБР аддаваўся гомасэксуальным уцехам.
Тым самым на Гувера быў здабыты бясцэнны кампрамат.

Ад’езд у Ізраіль і арышт

У 1970 годзе Ланскі з’ехаў у Ізраіль, бо яму пагражала абвінавачванне ў нясплаце падатку. Яго адразу ж прыняла Голда Мэір. 69-гадовы Ланскі планаваў апошні этап свайго насычанага жыцця прысвяціць Ізраілю. Але прэсінг з боку ФБР быў вельмі моцны.

Ланскі не стаў чакаць, пакуль яго выдадуць амерыканцам, і за два дні да заканчэння турыстычнай візы, у лістападзе 1972 года, сам пакінуў межы Ізраіля,
шукаючы новага прытулку.

Краіны, да міграцыйных дэпартаментаў якіх ён звяртаўся, не жадалі псаваць адносіны з ЗША і адмаўляліся прыняць яго.

Адзіным, хто даў яму згоду на часовы прытулак, быў парагвайскі дыктатар Альфрэда Стрэснер. Аднак у аэрапорце Рыа-дэ-Жанейра Меіра перахапілі агенты ФБР.

Сціплы пенсіянер

Ланскі судзілі па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў, аднак ён быў апраўданы. Тым не менш, яго замежны пашпарт анулявалі, так што выехаць за межы ЗША Ланскі не мог.

Ён пасяліўся на ранча ў Маямі, дзе і пражыў апошнія гады як сціплы пенсіянер.
Ланскі памёр трыццаць гадоў таму, 15 студзеня 1983, у 80-гадовым веку. Яго сын Павел скончыў ваенную акадэмію Вест-Пойнт, атрымаў званне капітана Арміі ЗША і пасля ўдзелу ў Карэйскай вайне выйшаў у адстаўку і стаў выкладчыкам. Дачка Ганна атрымала вышэйшую адукацыю і выйшла замуж за бізнэсоўца.
Дзеці ні кроку не ступілі па крымінальнай сцяжыне бацькі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?