У першы дзень новага года мне давялося скарыстацца прагрэсіўным новаўвядзеннем Беларускай чыгункі. Я прайшла так званую электронную рэгістрацыю і набыла квіткі праз інтэрнэт.
Перавагі відавочныя: не трэба траціць нервы ў доўгіх чэргах касаў.

Тлумачу: проста набыццё квітка праз інтэрнэт само сабой не вызваляе ад неабходнасці пераводу яго з «анлайну» ў «афлайн». Усё роўна давядзецца адстаяць у адной чарзе з менш «прагрэсіўнымі» пасажырамі, каб зарэгістраваць ужо аплачаны квіток.

А электронная рэгістрацыя выглядае сапраўдным крокам наперад да сусветных стандартаў. Фактычна, усё, што вам трэба, — гэта запоўніць электронны бланк і націснуць кнопачку з адпаведнымі словамі. І вы аўтаматам трапляеце ў спіс, які пасля атрымліваюць правадніцы. І ісці ў касу ўжо не трэба. Такім чынам, дастаткова назваць правадніцы сваё імя і пацвердзіць сваю асобу.

Менавіта з апошнім у мяне выйшла неспадзяванка. Набыла я два няшчасныя квіткі — сабе і сябру — са сваёй банкаўскай карткі, націснула «прайсці электронную рэгістрацыю».

А потым высветлілася, што хлопец не меў пры сабе пашпарта.
І хоць у правілах запаўнення значылася, што наяўнасць дакумента абавязковая, вырашылі, што «пракаціць» і без яго. Урэшце, калі купляеш квіток у касе, ён не патрэбны. Дый другі дзень новага года як-ніяк…
І вось табе маеш: маладая праваднічка пайшла на прынцып. І са словамі «я працу губляць не збіраюся» адмовілася пусціць хлопца на цягнік Магілёў—Мінск без пашпарта.
Ані электронная копія дакумента на ноўтбуку, ані мае енкі не пераканалі адказную працаўніцу чыгункі.

Вось вам і сучасныя тэхналогіі: без пашпарта электронны квіток не спрацаваў. Пры гэтым палова пасажыраў з «рэальнымі» квіткамі, набытымі ў касе, ехала без дакументаў.

Атрымліваецца парадокс: мэта электроннай рэгістрацыі — максімальна спрасціць працэдуру набыцця білетаў, зменшыць чэргі і як вынік ашчадзіць грошы за кошт скарачэння штата касірак.

Але з фармальных прычын гэтая працэдура застаецца складанай.

Незразумела, чаму нельга спрасціць правілы запаўнення электронных квіткоў. Навошта для рэгістрацыі ў межах краіны запаўняць пашпартныя звесткі? Няўжо, каб трапіць з Магілёва ў Мінск, чыгунцы важныя ваша імя па бацьку і дата нараджэння?

У выніку я паехала ў Мінск, хлопец застаўся ў Магілёве. Настрой быў сапсаваны. Ды яшчэ ў вагоне правадніца і яе начальніца тыцкалі пальцамі ў «Інструкцыю па запаўненні электронных білетаў», маўляў, не наша гэта прыдумка. «Мы за тое, каб гэту рэгістрацыю ўвогуле адмянілі», — казала адна з іх. «З ёй толькі галаўны боль: чалавек зробіць у квітку дзве абдрукоўкі — мы ўжо мусім не пускаць».

Міжволі ўзгадалася, як два гады таму на вакзале ў нямецкім Дзюсельдорфе, да майго здзіўлення, не было ніводнай касы.
Замест іх — банкаматы па продажы квіткоў, аплата — карткай ці гатоўкай. Не сустрэла я там і правадніц.

P.S. Якое ж было здзіўленне правадніцы, калі на пероне ў Мінску мяне чакаў… мой сябар, якога яна не пусціла ў вагон. Ён злавіў маршрутку на вакзале.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?