Кожны дзень у сталічных тэатрах можна ўбачыць з дзесятак спектакляў.

Як выбраць сярод іх найлепшыя?
Як не памыліцца ў выбары, калі жадаеш запрасіць у тэатр дзяўчыну ці хлопца? «Будзьма» звярнулася да двух заўзятых тэатралаў — Паўліны Крыніцкай і Адольфа Быкоўскага — з прапановай вылучыць свой варыянт пяці лепшых пастановак.

Куды схадзіць з дзяўчынай? — Топ-5 лепшых спектакляў

Версія Адольфа Быкоўскага

№ 1. Як утаймаваць феміністку?

«Утаймаванне свавольніцы»,
драматычны твор у жанры мюзікла паводле п’есы У.Шэкспіра

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М.Горкага

Што такое «гора ад розуму»? Гэта закахацца ў феміністку. Уявіце, што вам пашанцавала прабавіць вечар менавіта з такой дзяўчынай, вельмі разумнай, але надзвычай катэгарычнай і свавольнай. Вы глыбока задумаліся пра тое, як зрабіць будучую жонку хатняй (агульнавядома, што размаўляць пра Канта цікавей на кухні), паслухмянай (калі вы сказалі, што Кант бліжэйшы да ісціны, чым Гегель, значыць, так яно і ёсць) і цалкам пакорлівай (каб яна адразу згадзілася, што Кант ствараў толькі кнігі кулінарных рэцэптаў)?

Прагляд спектакля забівае адразу некалькі зайцоў. Петручыа, брутальны герой Сяргея Чэкерэса, навучыць мужчын простым сродкам дасягнуць поўнага кантролю над жанчынай. Катарына, гераіня Веранікі Пляшкевіч, пераканае жанчын, што быць шчаслівай можна толькі тады, калі ва ўсім слухацца мужа. А яшчэ

за тры гадзіны спектакля гераіня ператворыцца з «мымры», страшнейшай за якую бывае толькі атамная вайна, у прыгажуню, аб’ект захаплення ўсіх мужчын ў партэры і зайздрасці вашай дзяўчыны.
Цяпер знаёмай феміністцы зусім не абавязкова глядзець серыял «Не родись красивой», каб даведацца пра сродкі чароўных пераўвасабленняў. Таму ў будучыні тэлевізар належыць толькі вам!

№ 2. Някрасаў, ты не меў рацыю!

«Адэль»
паводле п’есы Яўгена Таганава

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

На маю думку, горшымі за феміністак часам могуць быць толькі выпускніцы філфака (феміністка з філфака — сапраўды грымучая сумесь!). Яны чамусьці патрабуюць ад мужчын начытанасці і добрага ведання класікі. Калі я лічу, што «Муму» — гэта шэдэўр Івана Тургенева, дык навошта, скажыце мне, чытаць яго іншыя творы («Вайну і мір», «Злачынства і пакаранне» або «Ціхі Дон»)? Прагляд спектакля «Адэль» дазволіць пахіснуць філфакаўскую фанабэрыстасць.

Калі вы памятаеце, менавіта Някрасаў (аўтар несмяротнага твора пра дзеда Мазая і зайцаў) пісаў пра жанчын: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдёт». Не ведаю, як наконт драўлянай хаты (цэглай трэба было абкласці, і ўсе праблемы!), але з канём (або кабылай) праблем болей няма. Прынамсі, у спектаклі РТБД.

Адэль — мянушка кабылы, якая належыць Хрысціне, 25-гадовай нявесце бізнэсоўца. Спалохаўшыся, Адэль, на якой верхам, зразумела, сядзіць Хрысціна, імчыць наперад. Што будзе далей, страшна падумаць…
І спыняе яе, а фактычна ратуе дзяўчыну толькі Захараў, немаладзенькі і не надта багаты гісторык. Неўзабаве Хрысціна задумаецца, за каго ж ёй выходзіць замуж. А паверыў бы Захараў Някрасаву — нічога б не атрымалася.

№ 3. «Сільва» — крок да прымірэння

«Сільва»,
аперэта Імрэ Кальмана

Беларускі акадэмічны музычны тэатр

Час ад часу паміж мужчынам і жанчынай могуць узнікнуць спрэчкі і непаразуменні, пасля чаго закаханыя могуць нават не бачыцца пэўны час. Хто тут вінаваты, можна не ўдакладняць. Але крок насустрач заўсёды павінныя рабіць мы, мужчыны. «Сільва», класічная аперэта «нумар адзін», ідэальна падыходзіць для наладжвання ўзаемаадносін пасля непрацяглага расстання. Галоўная гераіня, спявачка Сільва, — ганарлівая прыгажуня, яна ж няшчасная ахвяра, супраць якой існуе змова агрэсіўнага мужчынскага свету. Жанчыны часам любяць адчуваць сябе няшчаснымі і пакрыўджанымі. Дазвольце трапіць у звыклую атмасферу і паслухаць найлепшыя аперэтачныя «хіты» (ад дуэта «Помнишь ли ты?» да куплетаў Боні «Без женщин жить нельзя на свете»). А ў фінале, калі галоўныя героі будуць разам, абавязкова папрасіце прабачэння. У такія моманты жанчыны нагадваюць нас саміх падчас выйгрышу любімай каманды і гатовыя дараваць усё!

№ 4. Нейтралізаваць будучую цешчу? Місія выканальна!

«Каралева прыгажосці»
паводле п’есы Марціна МакДонаха

Новы драматычны тэатр

Нарэшце «букетны» перыяд плаўна набліжаецца да завяршэння. Час падумаць пра вяселле. Але ўзнікае адна праблема: маці дзяўчыны, якая не выказвае асаблівага энтузіязму з гэтай нагоды. Як зменшыць яе ўплыў, а ў будучыні дасягнуць поўнай незалежнасці ад цешчы? Спектакль «Каралева прыгажосці» дапаможа вырашыць абедзве задачы.

Морын калісьці лічылася галоўнай прыгажуняй у ірландскім Лінэйне.

Цяпер ёй 40 гадоў, яна не замужам, а яе маці Мэг, якая не хоча заставацца адна, шмат робіць, каб зрабіць немагчымымі ўсе стасункі Морын з мужчынамі.
Даходзіць да таго, што яна спальвае лісты, адрасаваныя дачцэ, і хавае ад яе запрашэнне на спатканні.

Як разумны чалавек вашая дзяўчына ўсе паралелі зразумее сама.

№ 5. Лёс сына — пад пагрозай!

«Эсфір»
паводле п’есы Людмілы Уліцкай

Нацыянальны драматычны тэатр імя М.Горкага

Сапраўдныя мужчыны заўжды думаюць пра ўласных дзяцей (хай сабе і будучых) і клапоцяцца пра іх лёс (таму імкнуцца не ўдзельнічаць у іх выхаванні, каб не перашкодзіць). Як вядома, галоўная небяспека, якая можа пагражаць у жыцці вашаму будучаму сыну, — трапіць пад жаночы кантроль. Сына папярэджваць рана. Па-першае, ён яшчэ не нарадзіўся. Па-другое, калі жанчына паставіць перад сабой нейкую мэту… Папярэджвай — не папярэджвай, нічога не зменіцца. Таму прасцей за ўсё запрасіць яго будучую маці на спектакль «Эсфір». Галоўная гераіня, «апошняя местачковая габрэйка», цалкам кантралюе сына. Даходзіць да таго, што яна сама выбірае яму нявесту, і няшчаснаму 35-гадоваму халасцяку даводзіцца збегчы з дому, каб узяць шлюб з жанчынай, якую ён сапраўды кахае. Калі б гаспадаром у доме быў мужчына, упэўнены — такога б не адбылося.

* * *

Куды схадзіць з хлопцам? Топ-5 лепшых спектакляў

Версія Паўліны Крыніцкай

№ 1. Каханне-«перазагрузка»

«Лятучая мыш»,
аперэта Іагана Штрауса

Беларускі акадэмічны музычны тэатр

Хлопцы, хлопцы! Калі вы заляцаецеся да дзяўчыны, вы гатовыя сказаць тысячу кампліментаў, патроіць прыбыткі бізнэсоўцаў, што займаюцца продажам пунсовых руж, і на словах ператварыць жыццё ў кветкі. Але як толькі пасля вяселля пройдзе некалькі гадоў, вам усё робіцца нецікавым, і азарт паляўнічага гоніць вас да маладзенькіх дурніц, а жонкам застаецца… Не, не сядзець склаўшы рукі, а змагацца за сваё шчасце! Напрыклад,

Разалінда, гераіня аперэты «Лятучая мыш», пераапранаецца ў незнаёмку. І прымушае Генрыха, уласнага нявернага мужа, зноў закахацца ў яе.
Таму няхай ваш хлопец нават не спрабуе паўтараць яго лёс. Дарэчы, наведванне спектакля прымусіць яго клапаціцца пра свой зрок. Бо калі б Генрых своечасова наведваў акуліста, то, на жаль, пазнаў бы пераапранутую Разалінду адразу.

№ 2. Мужчыны-падманшчыкі — пад кантролем!

«Злоўлены сеткай»
паводле п’сы Рэя Куні

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М.Горкага

Як мала ў свеце мужчын, якія могуць зразумець крохкую і чуллівую жаночую душу! Раней ведала толькі двух такіх чалавек — Януша Вішнеўскага, аўтара «Адзіноты ў сеціве», і свайго хлопца, пакуль мы не пачалі жыць разам. Цяпер да іх ліку дадаўся трэці — англічанін Рэй Куні. Пра яго кажуць як пра аўтара касавых камедый. Няпраўда! Спектакль «Злоўлены сеткай», што ідзе ў Рускім тэатры, — маніфест у абарону жанчын, гімн у іх гонар!

Галоўны герой, таксіст Джон Сміт, увесь час падманвае жанчын і думае, што кантралюе сітуацыю.
Звадзіце свайго хлопца на спектакль: хай усвядоміць, што гэта ў нас, жанчын, усё пад кантролем!

№ 3. Гімн жаночай інтуіцыі

«Князь Ігар»,
опера Аляксандра Барадзіна

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі

Падчас размоваў мужчыны любяць іранізаваць з жаночай інтуіцыі. Даказаць ім адваротнае немагчыма. Лепш усё патлумачыць з дапамогай… оперы. Аднойчы князь Ігар (не, не той, які з агнём і мячом адправіўся на драўлян, а яго далёкі спадчыннік) вырашыў пайсці з паходам на полаўцаў.

Інтуіцыя яго жонкі Яраслаўны падказала: нічым добрым такі паход не скончыцца! Чаго яна толькі не рабіла: і з немаўлём да Ігара выбягала, і зацьменне арганізавала (якім чынам — маленькі жаночы сакрэт) — нуль рэакцыі.
А чым усё скончылася? Палонам і ганьбай. Давярайце жанчынам! Падрабязнасці — на опернай сцэне.

№ 4. Як не зрабіцца рабыняй?

Балет Мікалая Рымскага-Корсакава

«Шахеразада»

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі

Часам мне здаецца, што ў 1861 годзе ніхто так і не адмяніў прыгоннае права. А калі і адмяніў, дык толькі для мужчын. Бо жанчыны дагэтуль вымушаныя праводзіць жыццё ў чатырох сценах (паводле выпадковага супадзення — кухонных). Калі ваш хлопец жадае ў будучыні ператварыць вас у пакорлівую хатнюю гаспадыню, схадзіце разам на балет «Шахеразада». Толькі намякніце яму на паралелі, бо мужчыны звычайна нездагадлівыя.

Прыгажуня Забеіда (=вы самі) застаецца ў гарэме (=дома) адна, бо муж (=ваш хлопец) з’язджае на паляванне (=сыходзіць на карпаратыў). І што робіць Забеіда? Расслабляецца і адпачывае без мужа ў мужчынскім атачэнні.
Вашая галоўная задача — вывесці хлопца з залы за дзесяць хвілін да фіналу балета. Што зробіць муж Забеіды, яму лепш не ведаць. Паверце, пасля «Шахеразады» свабода вам гарантаваная!

№ 5 Папярэджанне пра мужчынскую няўдзячнасць

«Сыходзіў муж ад жонкі»
паводле п’есы С.Злотнікава

Нацыянальны драматычны тэатр імя М.Горкага

Колькі ваўка ні кармі, а ён усё роўна ў лес глядзіць. Паводзіны мужчын — найлепшая ілюстрацыя такой прымаўкі.

Вера Максімаўна выхадзіла свайго мужа Міцю пасля вайны, усё жыццё клапацілася пра яго і стварала ўсе ўмовы для творчасці (ён літаратуразнаўца, які вывучае творчасць Льва Талстога).
Раптам ён знаходзіць у камодзе любоўны ліст да Веры Максімаўны, напісаны невядомым, не можа дараваць і вырашае сысці з дому. Гэты спектакль — тэст для вашага абранніка. Калі ён будзе спачуваць Веры Максімаўне, яшчэ не ўсё страчана (або вы проста знайшлі вялікага хітруна). Гэтая пастаноўка — таксама папярэджанне. Усё, што было раней, не лічыцца, а да мінулага не раўнуюць. Інакш — з рэчамі і на выхад!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?