Заўтра ў Гаспадарчым судзе Менску пачнецца судовы працэс па пазове юргрупы «Аргументъ» да Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Прычына - публікацыя ў Інтэрнэце. Судзьдзя — Н. Арлоўская.

30 ліпеня Гаспадарчы суд прыняў пазоў ААТ «Юрыдычная група «Аргументъ» аб абароне дзелавой рэпутацыі. Прычынай звароту ў суд зьяўляецца артыкул «Сям’я» робіць бізнэс. Пад надзейным дахам дзяржавы». На думку, істца артыкул наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі таварыства і яго заснавальніка Андрэя Леанідавіча Козіка, сына старшыні ФПБ. Прэтэнзіі выказваюцца да наступнай фразы: «Сын галоўнага лукашэнкаўскага прафсаюзьніка Леаніда Козіка стварыў юрыдычную фірму «Аргументъ», якая лабіруе інтарэсы замежных прадпрыемстваў і буйнага прыватнага бізнэсу ў дзяржструктурах. Фактычна атрымліваецца, што Андрэй Козік разносіць па высокіх кабінэтах грошы за той ці іншы подпіс».

Артыкул быў надрукаваны на сайце www.ucpb.org, які фактычна адлюстроўвае пазыцыю АГП. «Аргументъ» настойвае на тым, каб гэтая інфармацыя абвергнутая на вышэйузгаданым сайце і ў штотыднёвіку «Белорусы и рынок», які ня мае ніякага дачыненьня да публікацыі.

АГП у сваю чаргу цалкам адхіляе пазоў, як накіраваны не да таго адказчыка, бо партыя не зьяўляецца ўладальніцай сайту www.ucpb.org. У АГП гавораць, што гэта не партыйны сайт, а рэсурс прыхільнікаў партыі і хостынг на яго належыць ня ім.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі ўпершыню будзе адбываецца падобны працэс. За публікацыі ў інтэрнэце ў 2001 годзе судзілі гарадзенскіх журналістаў Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку. За кратамі за публікацыю на тым жа сайце www.ucpb.org знаходзіцца палітык Андрэй Клімаў, суд над якім яшчэ не пачынаўся. Аднак яшчэ ніколі не было пазоваў да ўладальнікаў тых ці іншых сайтаў. Таму заўтрашні судовы працэс будзе беспрэцэдэнтным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?