Апошнім часам усё часцей чую пра Якава Барысавіча Мельцэрзона, што пасля вайны колькі гадоў выкладаў фізіку ў 42-й мінскай школе.
Чытаю раман Някляева пра аўтамат з газіроўкай, і на першых старонках сустракаю Якава Барысавіча, 42-ю школу, таго-сяго з раманнай гопкампаніі і нават Жарэса Алфёрава, Нобелеўскага лаўрэата, які «быў стылягам, насіў порткі-дудачкі ды стракатую кашулю з малпамі»...
Трохі загадкавае сцвярджэнне. Які стыляга пры Сталіну, у 1947, калі Жарэс Алфёраў з’ехаў з Мінска назаўжды?!.
Але справа не ў гэтым.
Гартаю папулярную газету і дазнаюся, што вучні 42-й школы, зараз гімназіі, звярнуліся да Жарэса Алфёрава па дазвол надаць ёй ягонае праслаўленае імя. Ён адказаў: «З удзячнасцю дазваляю». І «ўсе мы, — паведамляе адзін з вучняў, — з заміраннем чакаем гэтай падзеі»...
Трохі двухсэнсоўнае чаканне, бо звычайна імёны знакамітых людзей надаюцца розным установам па-за межамі іх жыцця. Да таго ж, не пашкодзіла б спытацца дазволу ў Бялінскага, чыё імя цягам дзесяцігоддзяў насіла 42-я. А што калі ўзбунтуецца “палкі Вісарыён”?
Але справа не ў гэтым.
Справа ў Мельцэрзону. Бо менавіта ён, сціплы мінскі настаўнік фізікі, праклаў Жарэсу Алфёраву сцяжынку да Нобеля.
Каб не Нобель, ніхто, за выключэннем, можа, яшчэ жывых вучняў, не ведаў бы пра Якава Барысавіча Мельцэрзона. А сёння дзе Жарэс Алфёраў, там і Якаў Барысавіч Мельцэрзон. Няма аніводнага інтэрв’ю ці якога яшчэ аповеду пра сваё жыццё і прафесійныя дасягненні, дзе знакаміты фізік не згадваў бы першага настаўніка.
Я таксама вучыўся ў Мельцэрзона і добра памятаю ўсмешлівае шкадаванне ў вачах за акулярамі з тоўстым шклом, з якім ён выводзіў мне выратавальны «траебан», як мы тады называлі адзнаку «здавальняюча». На вучняў, што атрымлівалі ў яго «выдатна», я глядзеў не тое што з зайздрасцю, а як на іншапланетных істот, якім падуладны неабсяжныя таямніцы.
Адным з такіх «іншапланецян» быў Генік Шыдлоўскі.
Някляеў піша, што ў Мельцэрзона «на фізіка вывучыўся толькі Жарэс Алфёраў...» Гэта, мусіць, мастацкая выдумка. Бо на фізіка вывучыўся ў Мельцэрзона яшчэ і Генік Шыдлоўскі.
Дарэчы, Генік Шыдлоўскі таксама згадваецца ў рамане Някляева — у нейкай неакрэсленай постаці, у неабавязковым, праз коску, пераліку.
Але справа не ў гэтым.
Справа зноўку ж у Мельцэрзону. Бо і Геніка Шыдлоўскага ён таксама паставіў на сцежку да Нобеля.
Алфёраў, праўда, тупаў па той сцежцы ўжо 10 гадоў. А Шыдлоўскі зрабіў па ёй толькі два крокі — скончыў школу з залатым медалём і паступіў на фізфак БДУ.
БДУ ўзначальваў таксама фізік — акадэмік Сеўчанка. І былі ўсе падставы спадзявацца на тое, што сцежка да навуковых вышынь падоўжыцца без перашкод.
Але хто ж тады думаў пра Нобеля акрамя Мельцэрзона? Ну і, вядома, Алфёрава, які зведаў паўпраўду аб сталіншчыне ў сталым узросце і ў добрым, так бы мовіць, фізічным стане...
Шыдлоўскі зведаў тую паўпраўду яшчэ школьнікам — з натхнёнай ілюзіяй пра сцежку, што вядзе да свабоды.
У рамане Някляева мноства сапраўдных імёнаў тых, хто, як і Шыдлоўскі, пакрочыў па той сцежцы.
Крочылі, праўда, хто як: адны нібыта танчылі, іншыя са ўсёй шчырасцю біліся ілбом у сцяну...
Але справа не ў гэтым.
Справа ў Мельцэрзоне, які не здолеў спалучыць у сваіх вучнях прагу да фізікі з прагай свабоды.
Так разышліся напрыканцы 50-х гадоў сцежка да Нобеля і сцежка да свабоды, на каторай ужо чакаў Геніка іншы павадыр у выглядзе дамарослага Вергілія — Кіма Хадзеева. Ці Палкоўніка, як у Някляева...
А напачатку 60-х па ўніверсіцеце пракаціліся суды.
Іх называлі «судамі гонару». Вывешваліся аб’явы з прозвішчамі «падсудных», бітком набіваліся залы...Судзіў сам Сеўчанка, сухарлявы стары з гожай акадэмічнай знешнасцю. Ён зачытваў вытрымкі з асабістага дзённіка Шыдлоўскага, ніколькі не саромеючыся ганебнасці гэтага акта, і, звяртаючыся ў асноўным да жаночай паловы залы, біў напавал: «Вось бачыце, што ён пра вас піша!» Наколькі памятаю, гэта было даволі нервовае, у простых выказваннях, разважанне — у тыя гады! — пра прастытуцыю ў СССР, яе вытокі і, так бы мовіць, перспектывы. Нехта ўскрыкваў, нехта ўсхліпваў... «Ды ён падрывае падмурак нашага грамадства! — усклікнуў акадэмік. — Ведаеце, хто ягоны кумір?!» Мы падрыхтаваліся пачуць нешта жудаснае. «Ну, гэты, як там яго... Эрэнбург!»Суд над Шыдлоўскім адбываўся ў актавай зале нядаўна пабудаванага галоўнага корпуса.
Акадэмік Сеўчанка лічыўся выдатным фізікам, але яго, на жаль, не вучыў Мельцэрзон.
Шыдлоўскі быў страшэнна дасціпны, дакладней, невычэрпна кплівы з усяго і ўсіх, аднак без аніякай абразы. Вось і тады, атрымаўшы слова быццам для пакаяння, ён сказануў нешта неймаверна смешнае, ад чаго ўся зала грымнула рогатам і адразу змоўкла, аглушаная рэзкім, на высокай брынклівай ноце, крыкам: «Воон!»...
Шыдлоўскага выключылі з універсітэта, праз год, здаецца, аднавілі, але хутка, і гэта ўжо дакладна, ён памёр. Ад перадазіроўкі наркотыкаў...
Па справядлівасці, калі сапраўды прысвойваць 42-й школе, ці гімназіі, іншае імя, то хай гэта будзе імя Мельцэрзона.
Вядома, людзі будуць пытацца: а хто такі Мельцэрзон?
А гэта, пачуюць, той настаўнік, што вывучыў Жарэса Алфёрава, Нобелеўскага лаўрэата, і Геніка Шыдлоўскага, які заўчасна памёр.
Якаў Мельцэрзон выкладаў фізіку ў 42-й мінскай школе.
Мінская школа №42.
Малады Жарэс Алфёраў.
Многія запомнілі Кіма Хадзеева менавіта такім.
Акадэмік Сеўчанка лічыўся выдатным фізікам, але яго, на жаль, не вучыў Мельцэрзон.
Геніка Шыдлоўскага няма ў жывых. Няма і ягонага фота.





