Чарнобыльская зона сімвалічна знаходзіцца на сутыкненні Расіі, Беларусі і Украіны. Чарнобыль такім вось ценем лёг на стасункі трох «братэрскіх народаў», такім вось эпілогам-праклёнам завяршыў наша знаходжанне ў складзе адной дзяржавы.

Не было б СССР і савецкай акупацыі Беларусі — не было б Чарнобыля.
Магчыма, кампенсацыі за асаджэнне радыёактыўных хмараў на Магілёўшчыну — адзіны пункт, па якім адказная беларуская ўлада мела б бясспрэчнае права падымаць пытанне аб кампенсацыях з боку Расіі, прававой пераемніцы СССР. Не таму, што «русафобія», а выключна таму, што беларусы ахвяравалі сваёй зямлёй, здароўем, жыццямі для таго, каб радыёактыўны дождж не выпаў на расійскія Маскву ці Ленінград.

Насельніцтва, страчанае ў вайну і ў савецкія рэпрэсіі, можа адрадзіцца, хаця канкрэтных закатаваных і забітых людзей не вернеш і канкрэтныя чалавечыя трагедыі не адматаеш назад. Гарады могуць быць адбудаваныя, архітэктурныя помнікі могуць быць адноўленыя хаця б у выглядзе копій. Рухомыя культурныя каштоўнасці могуць быць вернутыя альбо хаця б прывезеныя на выставу. Маёмасць раскулачаным і абрабаваным савецкай уладай можа быць вернутая або кампенсаваная.

Але

ад 10% да чвэрці тэрыторыі Беларусі на працягу наступных некалькіх тысяч гадоў ужо не будуць бяспечнымі або ўвогуле прыдатнымі для пражывання чалавека. На тысячы гадоў — гэта ўсё роўна што «назаўсёды».

За наступныя стагоддзі гэтыя тэрыторыі абрастуць містычным арэолам, міфамі, забабонамі і легендамі, зробяцца своеасаблівай часткай прыроднага ландшафту і культуры. Мы не ведаем, якія людзі будуць насяляць Беларусь праз 400, 500, 600 гадоў, ці будуць яны хрысціянамі і ці будуць яны гаварыць па-беларуску. Мы не ведаем, ці будзе Менск праз 500 гадоў называцца Менскам, а Гомель — Гомелем.

Мы не ведаем, ці будуць праз пяцьсот гадоў стаяць савецкія нафтаперапрацоўчыя камбінаты альбо «БелАЗ» і «Беларуськалій».

Але мы ведаем, што Чарнобыльская зона будзе і тады.

Катастрофа сталася вынікам прагнілай савецкай сістэмы і вынікам таго, што яна зрабіла з людзьмі на адной шостай частцы сушы. Савецкія тэхналагічныя правалы, савецкі валюнтарызм, абыякавасць, сацыялістычная безадказнасць, здэградавалая за савецкі час працоўная культура, візантыйскае інтрыганцтва наменклатуры — вось галоўныя прычыны трагедыі.

Атамныя аварыі здараліся і ў іншых краінах — але нідзе і ніколі іхныя маштабы і наступствы не былі нагэтулькі глабальнымі і нагэтулькі апакаліптычнымі, як у Чарнобылі.
Саветы праявілі сябе ва ўсёй сваёй сутнасці пасля аварыі, калі выганялі непраінфармаваных людзей на першамайскія дэманстрацыі пад радыяцыю, калі позна пачалі эвакуацыю, калі свядома скармлівалі жыхарам СССР прадукцыю з забруджаных раёнаў. Заходняя Еўропа даведалася аб тым, што здарылася, раней, чым жыхары Беларусі і Украіны.

Савецкая ўлада праявіла ўсю сваю сутнасць, калі асаджала радыёактыўныя хмары на беларускай тэрыторыі, зноў жа, не інфармуючы людзей пра тое, што адбываецца.

Алесь Адамовіч апісвае ў сваіх нататках, як

кіраўніцтва БССР, у тым ліку першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, прама заніжалі шкоду Беларусі перад цэнтральнымі ўладамі нават на фоне ўкраінскіх камуністаў. Не расстроіць маскоўскае начальства для гэтых людзей было важней, чым абараняць інтарэсы сваёй радзімы
— нават падчас найцяжэйшай у гісторыі чалавецтва экалагічнай катастрофы, у эпіцэнтры якой апынулася Беларусь.

Чарнобыльская дапамога рухалася, і інфармацыя пра аварыю распаўсюджвалася ў першую чаргу дзякуючы ціску грамадскасці, у прыватнасці, актыўным дзеянням асабіста Алеся Адамовіча і дзеячоў Беларускага Народнага Фронту; дзякуючы такім людзям, як а. Аляксандр Надсан і Івонка Сурвілла па-за межамі Беларусі.

Савецкая эпоха ўвойдзе ў гісторыю Беларусі перадусім Чарнобылем. Гэта галоўная рэч, якую мы абавязаны ведаць і памятаць пра гэтую трагедыю.


UPD: Дабраўся, нарэшце, да кнігі «...Имя сей звезде Чернобыль» (Сост. Н.А. Адамович. - Минск: Ковчег, 2006 г.) з нататкамі і тэкстамі прамоваў Алеся Адамовіча на мітынгах і канферэнцыях па тэме Чарнобыля.

Вось што ён пісаў:

«

(с. 51)

У пачатку 86 года ў чорныя дні Чарнобыля, сабраўшы інфармацыю, якую можна было сабраць, а яшчэ больш напітаўшыся трывогай беларусаў, я сабраўся ехаць у Маскву, да Гарбачова. Палічыў патрэбным пра гэта папярэдзіць менскае кіраўніцтва, бо сабраная мною інфыармацыя рашуча не супадала з той, якую ў Маскву падала Беларусь: маўляў, у нас тры раёны і мы дамо рады самі. А насамрэч, як цяпер вядома, - 1/5 рэспублікі!

Мяне прыняў М.М. Слюнькоў і была гутарка - 6,5 гадзін.

Адзін толькі фрагмент. Тав. Слюнькоў сказаў: былі мы ў тав. Рыжкова, там

давалі справаздачу ўкраінцы, паўтары гадзіны скардзіліся і прасілі дапамогі. А наш Кавалёў - старшыня Савета Міністраў БССР - за 10 хвілін скончыў.
І тады сказалі: «Вось, вучыцеся, украінцы, ад беларусаў!» (...) У выніку толькі праз тры гады на Беларусі сталі рабіць тое і, нарэшце, у тых маштабах, у якіх трэба было ў 1986 г.

(...)

(с. 75)

Вось там я зразумеў канчаткова, уся гэта партыя можа толькі гулагі будаваць, вялікія і малыя. Але рэспубліканская кампартыя - гэта яшчэ жахлівей. І калі яны будуць заўтра замест маскоўскай партакратыі навязваць сябе - маўляў, мы таксама беларусы, мы за самастойную камуністычную Беларусь - не верце ім.

Нічым яны не лепшыя, ды і не бывае лакей лепшым за пана. І не дай Бог, панам стаць яму. Без вас хопіць! У вас было 74 гады. вы ўжо паказалі, на што здатныя.

»

Таксама:

«

(с. 70)

(...)

У нас у краіне дзве катэгорыі людзей, якім народ ужо не верыць ні ў чым: КПСС і [навукоўцы-атамнікі].

(с. 71)

(...)

Гістарычны лёс з намі так распарадзіўся, на нас выпрабаваны сацыялізм і выпрабаваны Чарнобыль.

Розніца паміж намі і [Захадам]: мы маем, а [яны не маюць] сіндрома:

1) антысацыялістычнага

2) антычарнобыльскага

Вы, Захад, яшчэ можаце думаць пра развіццё сацыялістычнай эканомікі. Вы верыце ў надзейныя рэактары.

Наша адметнасць у тым, што людзі не вераць ані ў надзейны рэактар, ані ў сацыялізм з чалавечым тварам.

Таму мы схільныя абвесціць мараторыюм на 10-15 год на будаўніцтва АЭС. (...)

Мы вельмі б хацелі мараторыюм на сацыялізм з любым тварам, але, падобна, што нам яго не атрымаць.

Памятаецца, што гэтым ганарыліся: толькі пры сацыялістычнай (дзяржаўнай) сістэме можна ажыццявіць такую канцэнтрацыю рэсурсаў...

Што і выбухнула толькі пры сацыялізме (...) - ужо казалася нямала.

»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?