Рамуне Кудзманайце.

Рамуне Кудзманайце.

«У нас у Літве ўжо іншая гістарычная рэальнасць, — кажа Рамуне Ку­дзманайце. — Беларуская ж рэальнасць сёння дакладна кладзецца на тое, пра што пісаў Міцкевіч, — на падзеі 1831 года. У паэме ёсць гэты пратэст супраць свавольства, супраць карупцыі намеснікаў, цароў... Народ, які трывае. Я ў Беларусі бачыла гэтыя праблемы — што няма беларускіх школаў, што не ўсе ўмеюць гаварыць па-беларуску. Нават самі карані нацыянальнай душы знішчаюцца. Паўсюль савецкая атрыбутыка, чырвоныя зоркі. Беларусь усё яшчэ прымушаюць жыць Другой сусветнай вайной. А свет пайшоў далей...

Густаў-Конрад ахвяруе жыццём, каханнем дзеля любові да Радзімы, яе вызвалення. Мне хацелася падказаць беларусам, што ім трэба знайсці такога героя. Героя, які дапамог бы скінуць кандалы, якія трымаюць душу беларускую».

«Наша Ніва»: Чаму ж тады ў спектакль не трапіла сцэна з расійскім сенатарам?

Рамуне Кудзманайце: Для яе ўжо нават былі пашытыя касцюмы, але я прыбрала сцэну са спектакля за дзень да прэм’еры. Мне падалося, калі яе пакінуць, выйдзе «масла масленае». Для сцэны проста не знайшла месца ў спектаклі: гэтыя тэмы і без яе гучалі. Напрыклад, у нас ёсць вельмі моцная сцэна ў турме філаматаў, дзе паказваюцца і прагаворваюцца ўсе гэтыя ідэі. Навошта яшчэ раз было б паўтараць, паказваць «дрэннага Навасільцава»?

«НН»: Некаторыя чытачы выказвалі ў каментарах на сайце «Нашай Нівы» абурэнне тым, што сяляне падчас заклікання дзядоў апранутыя «па-калхознаму» — у аблавушкі і валёнкі. Яны ўгледзелі ў гэтым абразу.

РК: Ніякай абразы ці сатыры тут няма. Касцюмы распрацоўвала Надзея Гульцяева, яна ўвогуле руская па нацыянальнасці. Гэтыя ж валёнкі-аблавушкі, у якія апрануты хор падчас Дзядоў, наадварот адлюстроўваюць чалавечую цеплыню, уражанні дзяцінства, мінулыя часы — як у Міцкевіча ў паэме. Гэта з маіх дзіцячых уражанняў. Калі мы хадзілі на могілкі на Дзяды, ужо ляжаў снег. Я нарадзілася ў Вільні, але ў бабулі бывала пад Друскенікамі. У гэтых акторах у аблавушках я бачыла тыпажы з маёй вёскі. Як варажбітка — у кожнай вёсцы ёсць такія энергічныя жанчыны. Хтосьці выглядаў як бажаволак — але гэта таксама адзнака вясковага жыцця. Мой дзядзька быў бажаволкам. Наша сядзіба стаяла там, дзе Нёман з Беларусі цячэ ў Літву, за ракой была ўжо Беларусь. Беларусы, «гуды», як мы іх называлі, прыходзілі на літоўскі бок у касцёл, у царкву. Дзядзька хадзіў па лёдзе ў Беларусь за цыгарэтамі, да свайго сябра­-беларуса...

«НН»: Гэта быў Ваш першы досвед працы з беларускімі акцёрамі. Якімі яны падаліся пасля літоўскіх?

РК: У беларускіх акцёрах, у тых, з якімі я працавала, мяне ўразіла вельмі моцная вывучка, школа. Сістэмамі мы карыстаемся аднолькавымі: Станіслаўскі, Міхаіл Чэхаў... Але акцёры валодаюць выдатнымі інструментамі для падрыхтоўчай працы з роляй.

Атмасфера таксама адроз­ніваецца. Я не чакала, што ў нас, проста ў працэсе працы са спектаклем, складзецца такі моцны ансамбль, што мы станем сапраўды адзіным тэатрам. Узнёсласць, якая ёсць у Міцкевіча, трымала нас. У Літве я не адчувала такой атмасферы з часу атрымання незалежнасці. Літоўскія акцёры цяпер працуюць больш індывідуалістычна, няма гэтай высокай мэты вызвалення краіны.

«НН»: Вы не баіцеся, што спектакль забароняць?

РК: Мы гаварылі пра гэта падчас рэпетыцый. Асабліва падчас маналогаў, якія я сама рэпетавала і плакала. Я казала акцёрам: «Сябры, гэта можа дрэнна скончыцца». Але я не баюся. Мне здаецца, што страх — самы вялікі грэх чалавечы. Сёння менавіта страх перашкаджае Беларусі змяніцца.

Рамуне Кудзманайце нар. у 1966. Літоўскі тэатральны рэжысёр, займаецца таксама дакументальным кіно. Скончыла тэатральны факультэт Літоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Працавала на Літоўскім тэлебачанні. Выкладае рэжысуру.

* * *

Наступныя паказы «Дзядоў» адбудуцца 13, 20 і 27 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?