Леанід Маракоў.

Леанід Маракоў.

Такіх фасадаў сёння на праспекце няма: дом Зялінскіх, стаяў на пл.Незалежнасці, насупраць дома па Савецкай, 19.

Такіх фасадаў сёння на праспекце няма: дом Зялінскіх, стаяў на пл.Незалежнасці, насупраць дома па Савецкай, 19.

На месцы КДБ у 1930-я знаходзіўся ГУМ. Сённяшні рог праспекта і Камсамольскай.

На месцы КДБ у 1930-я знаходзіўся ГУМ. Сённяшні рог праспекта і Камсамольскай.

Таямніца Кастравіцкай. Дом №24 стаяў проста насупраць помніка Леніну. Яго гаспадыня, Ядвіга Кастравіцкая, была арыштаваная ў 1919 і абкладзеная «рэвалюцыйным падаткам» у мільён рублёў. Пасля суму зменшылі ў 40 разоў — да 25 тысяч, а самой Кастравіцкай далі магчымасць выехаць. За якія заслугі? Таямніца. Дом быў узарваны ў 1960¬я. Выбухоўка ўзяла яго з пятага разу.

Таямніца Кастравіцкай. Дом №24 стаяў проста насупраць помніка Леніну. Яго гаспадыня, Ядвіга Кастравіцкая, была арыштаваная ў 1919 і абкладзеная «рэвалюцыйным падаткам» у мільён рублёў. Пасля суму зменшылі ў 40 разоў — да 25 тысяч, а самой Кастравіцкай далі магчымасць выехаць. За якія заслугі? Таямніца. Дом быў узарваны ў 1960¬я. Выбухоўка ўзяла яго з пятага разу.

«Беларуская хатка». Нефармальны беларускі клуб, які наведвала ўся нацыянальная інтэлігенцыя. У 1916—1917 месцілася па сённяшняй вуліцы Савецкай, пасля да 1923¬га — па вул. Краснай. На плане «Беларуская хатка» пазначаная літарай В. Пад літарай А — камяніца па Савецкай, 2.

«Беларуская хатка». Нефармальны беларускі клуб, які наведвала ўся нацыянальная інтэлігенцыя. У 1916—1917 месцілася па сённяшняй вуліцы Савецкай, пасля да 1923¬га — па вул. Краснай. На плане «Беларуская хатка» пазначаная літарай В. Пад літарай А — камяніца па Савецкай, 2.

Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска 1880—1940 гг./Кніга 1. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 2012.

Леанід Маракоў. Галоўная вуліца Мінска 1880—1940 гг./Кніга 1. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 2012.

Даследчык сабраў звесткі пра ўсе дамы, якія там стаялі, і ўсіх уласнікаў ад 1880 года. У першую частку — 300 старонак альбомнага фармату — змясціўся ўчастак ад плошчы Мяснікова да скрыжавання з Камсамольскай. Наступныя часткі рыхтуюцца да друку.

«Я працаваў па пятнаццаць гадзін штодня на працягу трох гадоў. Калі гляджу на планы Захар’еўскай, мне млосна робіцца! — эмацыйна кажа аўтар. — Гэтая праца — такі стрэс! Плюс цяжка хварэе жонка... За час пісання кнігі я скінуў сорак кілаграмаў — цяпер лётаю па лесвіцах, а раней ледзь сунуўся».

«Галоўная вуліца Мінска» выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. У кнізе больш за чатыры тысячы планаў, фота, малюнкаў, знойдзеных у архівах Мінска, Санкт¬Пецярбурга, Масквы.

Маракоў — даследчык ста­лінскага тэрору ў Беларусі. «Працуючы з біяграфіямі рэпрэсаваных, я неаднаразова сустракаў два словы: вуліца Савецкая, — піша аўтар у прадмове. — Не было дома, у якім не пабывалі б няпрошаныя начныя «госці»... Аднойчы я скамандаваў сабе: ты проста абавязаны распавесці пра пераследы таталітарным рэжымам жыхароў галоўнай вуліцы сталіцы Беларусі — галоўнай артэрыі Мінска. Высветліць, чаму менавіта на ёй у 1920–1930¬я гады жыць было шмат небяспечней, чым на іншых?..»

Прадмову з акцэнтам на рэпрэсаваных не надрукавалі. Хоць, як адзначае Маракоў, «калі з’явіліся сігналы кнігі, першыя дзесяць асобнікаў зніклі недзе наверсе».

«Наша Ніва»: Спадар Леанід, штуршок да напісання кнігі Вы атрымалі, вывучаючы гісторыю масавых рэпрэсій. А гісторыю праспекта пачынаеце ад 1880 года. Чаму такія часавыя рамкі?

Леанід Маракоў: Бо Мінск стаў горадам у сусветным значэнні, калі праз яго паклалі чыгунку. І за 1880—1910 зрабіў такі крок, на які некаторым заходнім гарадам спатрэбіліся дзвесце гадоў. Дамы збудавалі класу люкс! Вуліца Захар’еўская, Губернатарская — будынкі былі на парадак прыгажэйшыя за цяперашнія! Як у Нью¬Ёрку! [Захар’еўская — пр.Незалежнасці, Губернатарская — вул.Леніна — «НН»].

Кінатэатр братоў Вайнераў (на месцы «Цэнтральнай кнігарні») у пачатку ХХ ст. меў самае новае еўрапейскае абсталяванне. Паўсюль каляровыя рэкламы...

Вуліца Захар’еўская (потым Савецкая) стала галоўнай у горадзе. Самай фешэнебельнай. Тут жыла эліта — асабліва ў савецкія часы. Гэта пасля пабудавалі ёй дамы на Пуліхава...

«НН»: А дзе былі дамы даваеннай савецкай эліты?

ЛМ: 100-кватэрны Дом спецыялістаў, збудаваны ў 1935-м [стаяў на месцы сённяшняга будынка па Незалежнасці, 44, разбураны ў вайну — «НН»]. Уявіце — сто сем’яў! Тэхнічная інтэлігенцыя найвышэйшага гатунку. Але жылі і пісьменнікі — Клімковіч, Бядуля, Александровіч. Колькі яго жыхароў знішчыла НКВД! Захаваліся ўспаміны, як арыштоўвалі там сям’ю аднаго акадэміка: энкавэдысты забралі бацькоў, а двухмесячнае дзіця кінулі. Дзіця ўсю ноч надрывалася... Суседзі не спалі, але баяліся варухнуцца. Толькі раніцай прыехалі сацыяльныя службы, забралі дзіця...

«НН»: Гісторыя якога дома галоўнай вуліцы горада найбольш уразіла Вас?

ЛМ: Безумоўна, трэба адзначыць Дом-музей І з’езда РСДРП...

«НН»: Гэта ж паваенны муляж. Хіба не?

ЛМ: Так, сапраўдны згарэў у вайну разам з усім кварталам. І стаяў ён амаль на самой плошчы Перамогі.

Яго гісторыі прысвечана сто старонак — у другой ці трэцяй кнізе будзе. Праз той дом прайшло больш тэрарыстаў, чым сацыялістаў. І Пуліхаў бываў, і сёстры Ізмаловіч, і іншыя...

«НН»: Яшчэ адзін будынак з падобным лёсам — «Беларуская хатка». Цяпер яна за Інстытутам культуры, а стаяла, здаецца, у раёне плошчы Незалежнасці.

ЛМ: Я сантыметрамі мераў двор за домам па вуліцы Савецкай, 2, каб выясніць, дзе яна стаяла. Гэты цагляны дом таксама тых часоў. Але гэта не значыць, што ў ім Багдановіч бываў. У доме жылі генералы і чыноўнікі, а ў двары быў будыначак драўляны — «Беларуская хатка». У той час «домам» называлі не будынак, а ўчастак зямлі. І ўсім будынкам на ўчастку давалі адзін нумар.

«НН»: Для мяне адкрыццём быў той факт, што на месцы КДБ у 1930-я знаходзіўся ГУМ.

ЛМ: На месцы левага крыла, ад Камсамольскай, было Таварыства ўзаемнай пазыкі, пасля Беларускі дзяржаўны банк, а ў 1933¬м зрабілі ГУМ. Адзіны ў тыя часы ўніверсам, дзе можна было купіць, напрыклад, касцюм. У дварах вакол людзі начавалі, каб раніцай чаргу заняць. Біліся кожны дзень у ГУМе — за касцюмы, за туфлі...

«НН»: Дарэчы, пра асяродкі гандлю. Ці былі ў пачатку ХХ ст. у Мінску аналагі сучасных гіпермаркетаў?

ЛМ: Сучасных? На месцы ўніверсама «Цэнтральны» быў гандлёвы пасаж. Увесь дом быў зроблены так, каб ты зайшоў туды голы, а выехаў на аўтамабілі і апрануты па апошняй модзе. Гэта 1907 год! Можна было ўсё купіць у адным двары! У якім сучасным гіпермаркеце такое ёсць? На тым доме было 50 рэкламных боксаў з падсветкай!

«НН»: Калі мы кажам «ахвяры масавых рэпрэсій», звычайна маем на ўвазе нацыянальных дзеячаў, сялянства. А што стала з мінскай буржуазіяй, якая адчыняла такія пасажы?

ЛМ: Багатыя недзе за год да рэвалюцыі пачалі збірацца ў дарогу — распрадавалі маёмасць і ўцякалі. Напрыклад, Поляк, гаспадар гатэля «Еўропа», з’ехаў летам 1917-га. Уся маёмасць багацеяў пасля рэвалюцыі трапіла ў рукі «пралетарскай дзяржавы». Жыць на шырокую нагу стала папросту небяспечна. Цікава, што найдаўжэй захоўваць дарэвалюцыйныя звычкі дазвалялі дактарам — высакакласным спецыялістам. Доктар Палонскі да 1926-га наймаў у доме па Захар’еўскай, 36 кватэру плошчай у 100 метраў — з пяці пакояў з кухняй і вітальняй. Цяпер на месцы таго дома — плошча Незалежнасці. У ім пасля вайны нейкі час жыла і сям’я Купалы.

«НН»: На сённяшняй плошчы Незалежнасці жыла і самая багатая жанчына Беларусі — Магдалена Радзівіл. Той будынак ёй належаў?

ЛМ: Гэта сённяшняя Савецкая, 17. Даходны дом, Магдалена Радзівіл здымала ў ім сяміпакаёвую кватэру на першым паверсе, справа ад увахода. Сюды завітвалі браты Луцкевічы, Ластоўскі, Скірмунт, Уласаў. Княгіня спрыяльна ставілася да беларускага руху. Магчыма, тут вырашаліся пытанні фінансавай падтрымкі беларускіх выданняў.

...На старых планах паказана, што пад домам падвал на ўсю шырыню будынка і нават больш. Цяпер лічыцца, што ён напалову меншы. Цікава — што ў другой палове?

«НН»: На самым пачатку працы з кнігай Вы заходзілі ў рэдакцыю «НН», паказвалі з многіх лістоў склеены скрутак­план праспекта з пазначэннем дамоў. Выглядала, мякка кажучы, сумнеўна...

ЛМ: Калі я пачынаў, Віталь Скалабан казаў мне: «Лёня, нічога не выйдзе. Я дайшоў толькі да восьмага дома». Сапраўды, так усё перабудоўвалася, так руйнавалася ўвесь час... Я вырашыў: удасца сабраць інфармацыю там, дзе нічога не засталося — па плошчы Незалежнасці, — удасца і далей. Калі пабачыў у выдавецтве кнігу, сам не верыў, што я гэта зрабіў.

***

Леанід Маракоў нар. у 1958 у Мінску. Пісьменнік, гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Складальнік энцыклапедычных даведнікаў па ахвярах тэрору 1920—1950-х.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?